Энтані Блінкен і Святлана Ціханоўская.
У размове з Блінкенам Ціханоўская адзначыла, што сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца, рэжым пачынае гандляваць беларускім суверэнітэтам. Лукашэнка страціў самастойнасць і гатовы вярнуць ядзерную зброю ў краіну.
А паколькі Беларусь мае вырашальнае значэнне для бяспекі ў Еўропе, то яна павінна быць у цэнтры міжнароднай увагі.
Таксама Ціханоўская сустрэлася сёння з кіраўніцай МВФ Крысталінай Георгіевай. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні выдзялення мільярда долараў Беларусі «для барацьбы з каранавірусам».
Святлана Ціханоўская з Крысталінай Георгіевай.
Лідарка беларускага дэмакратычнага руху адзначыла, што гэтыя грошы, хутчэй за ўсё, пойдуць на рэпрэсіі, а не на дапамогу людзям, і заклікала знайсці спосаб заблакаваць гэтыя сродкі. Яна падкрэсліла, што неабходна пераканацца, што ў будучыні рэжым у Беларусі не зможа злоўжываць механізмамі міжнароднай дапамогі.
Ціханоўская атрымала ад Георгіевай запэўніванні, што МВФ не збіраецца больш выдзяляць грошы рэжыму. У адказ яна адзначыла, што Беларусь разлічвае на дапамогу МВФ — як фінансавую, так і экспертную ў дачыненні да рэформаў — у новай Беларусі, пасля пераменаў.
Яшчэ адна важная сённяшняя сустрэча Ціханоўскай — з прэзідэнтам Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэрам Маўрэрам, на якой падымаліся пытанні ўдзелу беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа ў фальсіфікацыі выбараў і арганізацыі прыкрыцця для рэферэндуму.





