Фота: старонка Івуліна ў сацыяльных сетках

Фота: старонка Івуліна ў сацыяльных сетках

Я заўсёды хацеў гуляць у футбол, але зламаўся. Быў нядрэнны: капітаніў у Оршы. А дагэтуль скончыў каледж там жа. Я рана пайшоў у школу і сканчаў бы яе ў 16 год. І бацькі прапанавалі пасля 9 класа пайсці ў каледж. Паступіў на спецыяльнасць тэхнік-праграміст, маці абрадавалася: гэта ж перспектыўна.

У мяне простая сям’я. Мама ўсё жыццё была выхавацелькай. А бацька не паступіў па лыжным спорце, таму займаўся ўсім: рознарабочы, «Еўраопт», дворнік — і гэтак далей.

Дзяцінства ў мяне было цудоўнае. Прападаеш днямі на вуліцы, гуляеш у футбол, разбіваеш вокны мячыкам (такое таксама было), усякія хованкі маскоўскія… Агулам афігеннае было дзяцінства без тэлефона і без інтэрнэту. Як цяпер проста. Думаю, мне пашанцавала пражыць яго ў адносна невялікім горадзе на перыферыі.

Мне заўсёды быў цікавы свет спорту, таму што я хацеў разабрацца, якія людзі пінаюць мяч: што яны кажуць, пра што думаюць. І калі ты кажаш, што спорт у Беларусі цяпер па-за палітыкай, ты баязлівец. А спартовец мусіць быць асобай.

Памятаю свой першы тэкставы рэпартаж, тады Сяргей Румас адносна нядаўна стаў кіраўніком федэрацыі футболу. І я спакойненька падыходжу да яго: «Сяргей Мікалаевіч, можна два словы?» А я тады быў малы, голас быў яшчэ горшы, прычоска, як у Білана ў маладосці. Ён паглядзеў на мяне, напэўна, падумаў: «Хто гэта, што гэта?» Але каментар даў.

YouTube — такая штука, дзе ты як на далоні. Там людзі лепш за ўсё адчуваюць трушнасць і фальш адпаведна.

Калі хочаш зрабіць штосьці крутое, абавязкова трэба выйсці з зоны камфорту.

Кіно? Я тут усёедны. Праўда, дзяўчаты кажуць, што са мной няпроста хадзіць у кінатэатры. Маўляў, Івулін, ты задзёўб усё каментаваць. На жаль, нічога не магу з сабой парабіць.

Бліжэй да трыццаці [гадоў] я падпісаў прафесійны кантракт з футбольным клубам «Крумкачы». І гэта паказчык таго, што няма нічога немагчымага, калі ты па-сапраўднаму любіш тое, што ты робіш.

Многія пыталіся, чаму я выбраў менавіта 25-ты гульнявы нумар. Адказваю. Па-першае, 25 сакавіка сапраўдныя беларусы святкуюць Дзень Волі. У гэтым годзе воля і мне, і ўсім нам патрэбна, як ніколі. Па-другое, 25 — «ягодка опять». Пасля вялізнага перапынку зноў спрабую сябе ў якасці футбаліста.

Раней усе жартавалі, што беларусы могуць звыкнуць да ўсяго. Але я ўсё яшчэ не звык расказваць гісторыі пра жнівень-2020.

Я б дакладна нічога не змяняў, таму што ўсё ў мяне ідзе так, як трэба. Так, нават тут [за кратамі] сябе лічу шчаслівым чалавекам, таму што ў мяне ўсё ёсць.

У мяне ёсць Радзіма, якой моцна ганаруся, і любімы горад, у якім хочацца жыць.

Бегаю падчас шпацыру па 45 хвілін у дзень. Праўда, як у Высоцкага, бег пакуль на месцы, але нават ён не ратуе ад лішніх калорый. Адчуваю, пасля вызвалення пачнуцца трэнажоркі і дыеты. Што яшчэ рабіць, калі ў пасылках і перадачах шмат салодкага?

Шчасце ў дробязях. Важна памятаць пра гэта і верыць у лепшае. Тады яно абавязкова прыйдзе. А ўсё цяперашняе пераўтворыцца ў досвед і ўспаміны.

У «Архіпелагу ГУЛАГ» Салжаніцына зачапіла фраза: «Чалавек з нячыстым сумленнем не можа спакойна легчы спаць». Дык вось, я нават тут кладуся спаць спакойна (наколькі гэта магчыма). Галоўнае, што сумленне чыстае.

Беларусы — самыя сапраўдныя коцікі: шчырыя, добрыя, сумленныя, выхаваныя, клапатлівыя (хоць часам пісаюць у тапкі), сапраўдныя.

Я вельмі люблю, калі ў лістах пішуць пра асабістае, пра свае гісторыі. Гэта збліжае.

На днях мне прынеслі пачак канвертаў. Адкрываю чарговы, а там ляжыць паштоўка. Даўняя-даўняя паштоўка, падпісаная мной.

Класная такая, з тэкстам: «Калі тваё жаданне не здзяйсняецца, значыць яно яшчэ не аплачана». І маімі каракулямі: «Не забывай пра гэта».

Я згадваю, што некалі даўно, калі быў важатым, падарыў гэту паштоўку аднаму хлопчыку ў канцы змены. І цяпер, праз шэсць год, ён даслаў яе мне са словамі: «Доўгі час гэта паштоўка была вельмі важнай для мяне. Але цяпер яна табе больш патрэбна».

Зразумела, давядзецца жыць па-новаму [у калоніі]. Давядзецца да нечага прывыкаць. Але трэба заставацца верным сабе. Да канца, тым больш гэта не назаўсёды.

Многія проста аддаюць перавагу галасіць пра тое, што ўсё дрэнна, застаючыся на месцы. А трэба зрабіць усяго толькі крок.

Ад кожнага чалавека залежыць, што пад ціскам такіх страшных абставін адбываецца ў лагеры з ім: пераўтворыцца ў тыповага лагерніка ці застанецца і тут чалавекам, захавае сваю чалавечую годнасць. Так што максімальна берагу ў сабе чалавека.

Я не зрабіў нічога дрэннага. Я проста хацеў дзейнічаць згодна з сумленнем. Хацеў і не мог спыніцца. Я хацеў дапамагаць людзям. І цяпер хачу гэта рабіць.

Прыведзены цытаты з лістоў палітвязня, апошняга слова ў судзе, яго ранейшых інтэрв’ю 34mag, Tut.by, «Трыбуне».

Чытайце таксама:

Топ-30 самых сэксуальных беларускіх мужчын ад «Нашай Нівы»

«Я з дзяцінства ў харэаграфіі! Патрэбнае штосьці большае, каб мяне зламаць». Топ-10 натхняльных цытат з лістоў беларускіх палітвязняў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0