Фота: THOMAS COEX / AFP

Фота: THOMAS COEX / AFP

Нягледзячы на тое, што Мінфін дае справаздачу па дзярждоўгу ў рублях, у рэальнасці ён сфармаваны ў замежнай валюце, і плацяжы па ім — таксама.

Напружаны характар выплат па дзяржаўнаму доўгу змушае Міністэрства фінансаў шукаць магчымасці рэфінансаваць яго частку, прасцей кажучы, узяць у доўг, каб аддаць доўг. Раней Беларусь мела добры доступ на міжнародныя фінансавыя рынкі, чым актыўна карысталася, прыцягваючы сродкі праз валютныя аблігацыі, працуючы з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

Аднак цяпер крэдыторам апошняй інстанцыі засталася хіба што толькі Расія і падкантрольны ёй Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). Менавіта туды зараз накіраваныя ўсе намаганні па пошуку гэтак неабходных для рэфінансавання запазычанасці сродкаў.

Беларусь планавала пазычыць у ЕСФР недзе $3,5 млрд, аднак у Міністэрстве фінансаў Расіі заявілі, што хоць і разумеюць складанае фінансавае становішча суседа, але гатовыя даць сродкі ў аб'ёме толькі $ 1 млрд. Фактычна гэта азначае, што Расія гатовая рэфінансаваць такі аб'ём запазычанасці, які Беларусь павінна вярнуць ёй у бягучым годзе.

На Расію прыпадае толькі трэцяя частка плацяжоў па дзяржаўным доўгу ў 2022 годзе. Яшчэ чвэрць запазычанасці складаюць плацяжы па ўнутраных дзяржаўных аблігацыях, 15% — плацяжы Кітаю, 12% — знешнія дзяржаблігацыі, 10% — ЕСФР, 5% — Міжнароднаму банку рэканструкцыі і развіцця.

Гэта значыць, акрамя Расіі, пералік крэдытораў у мінулым быў вялікі. Але наўрад ці яны будуць уваходзіць у становішча і ісці на рэфінансаванне запазычанасці. А ў выпадку з аблігацыямі такое наогул немагчыма.

Па ўсёй верагоднасці, суму, якая адсутнічае, прыйдзецца шукаць унутры краіны.

Нацыянальны банк валодае пэўным рэзервам, які не дасць сітуацыі рэзка стаць катастрафічнай. Аднак гэты рэзерв вычарпальны, а рэзкае яго зніжэнне можа ўзмацніць негатыўныя чаканні на валютным рынку і выклікаць чарговую хвалю зняцця насельніцтвам дэпазітаў.

У падобнай сітуацыі даводзіцца альбо знаходзіць новыя крыніцы даходаў, альбо ісці на скарачэнне выдаткаў. Першае вельмі абцяжаранае, бо паўтарэння экспартнага цуду чакаць не даводзіцца. А скарачэнне выдаткаў, у сваю чаргу, будзе мець балючыя сацыяльныя наступствы, асабліва ва ўмовах і без таго дэфіцытнага бюджэту. Да таго ж той факт, што вяртаць даўгі трэба ў замежнай валюце, пагражае ціскам на курс беларускага рубля.

Чытайце таксама:

Чаму Расія не дала Лукашэнку $3 млрд у доўг і дзе цяпер Беларусь будзе браць грошы?

«Гэта быў асноўны лагістычны калідор». Як цяпер «Беларуськалій» будзе пастаўляць прадукцыю на экспарт?

«Краіна страчвае магчымасці развіцця». Эканамісты пра тое, што будзе з цэнамі і заробкамі беларусаў у 2022 годзе

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0