Апалітычныя ці дэпалітызаваныя?

Спачатку эксперты абмеркавалі, у чым розніца паміж апалітычнымі і дэпалітызаванымі беларусамі.

Сацыёлаг Аксана Шэлест мяркуе, што розніца паміж гэтымі словамі хутчэй семантычная. Калі мы кажам «апалітычны», то мы гаворым хутчэй пра стан, характарыстыку. 

«А вось калі мы гаворым пра дэпалітызацыю, мы сапраўды гаворым хутчэй пра працэс, нейкі кірунак», — кажа сацыёлаг. 

Згодны з Аксанай Шэлест і Генадзь Коршунаў, старшы даследчык «Цэнтра новых ідэй»:

«Я б выкарыстоўваў тут такое паняцце, як абыякавыя. Гэта ступень уключанасці чалавека ў працэсы. І такая частка грамадства ёсць», — кажа эксперт.

У дэпалітызацыі ён, як і Аксана Шэлест, бачыць хутчэй працэс: падвышэння ці паніжэння градусу, характарыстыку дынамікі. 

Такім чынам, на думку сацыёлага, можна казаць пра наяўнасць ці адсутнасць абыякавых з аднаго боку, з іншага боку можна казаць пра ступень палітызаванасці розных полюсаў грамадства. 

Гэта паралельныя пытанні, але крыху розныя, мяркуе Генадзь Коршунаў. 

Ці нармальна, што ў грамадстве ёсць апалітычныя грамадзяне?

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст лічыць, што наяўнасць апалітычных людзей у грамадстве — абсалютна нармальная з’ява, нават у самых развітых і дэмакратычных краінах. 

«Дэпалітызаванасць гэта хутчэй норма, чым палітызаванасць. Сканчаецца мабілізацыя — людзі ідуць на дэмбель», — кажа аглядальнік.

Тут у якасці прыкладу Дракахруст прыводзіць часы Перабудовы, калі грамадства было вельмі мабілізаваным і палітычна актыўным. 

«Куды што падзелася? У пэўным сэнсе прайшоў перыяд, нейкія мэты былі дасягнутыя, пра некаторыя грамадству стала зразумела, што і не будуць дасягнутыя — і дэмбель! Але гэта не значыць, што гэта няправільна», — кажа ён.

Ці будзе больш палітызаваных грамадзян з-за рэпрэсій і прыгнёту?

Генадзь Коршунаў кажа, што глыбінная палітызацыя ў беларусаў застаецца, але для знешняй вынішчаныя ўсе ўмовы.

На думку эксперта, таго ўздыму, які быў у 2020 годзе, няма, у тым ліку праз рэпрэсіі, а таксама адносную ўстойлівасць эканомікі.

«Але палітызацыя — гэта пра асэнсаванне сябе і з’яўленне жадання нешта вырашаць. Гэта такая «вялікая палітызацыя». А ёсць сітуатыўная: тое, што выплюхвалася на вуліцы, тое, што выводзіла людзей галасаваць, і гэтак далей», — кажа Коршунаў.

Пра сітуатыўную палітызацыю казаць цяпер цяжка, мяркуе эксперт, таму што ўлады душаць любыя магчымыя прасторы праяў такой палітызацыі. Такая палітызацыя пад моцным ціскам, таму мы яе можам нейкі час не пабачыць.

«Але тое назапашанае, тыя змены, якія прывялі да эмансіпацыі грамадства, суб’ектывацыі грамадства, глыбінная палітызацыя — гэта засталося», — кажа спадар Коршунаў.

Палітолаг, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі параўнаў апалітычнасць беларусаў у 2018 годзе і 2022-ім. Апалітычнасць 2018 года ён назваў «апалітычнасцю перніка», а цяперашнюю апалітычнасць — «апалітычнасцю бізуна».

«Ці апалітычнасць 2018—2019 была трывалай? Адказ мы ведаем. Ці цяперашняя апалітычнасць з’яўляецца трывалай? Апалітычнасць, здабытая метадам бізуна, у разы менш стабільная і трывалая, чым апалітычнасць, здабытая метадам перніка. Яна вельмі хісткая», — кажа спадар Рудкоўскі.

Ці варта палітызаваць «апалітычных» беларусаў?

Аксана Шэлест лічыць, што гэта не самая актуальная задача на сёння.

«Няма асаблівай дэпалітызацыі сёння. Прынамсі, у тых тэрмінах, у якіх мы гэта зараз абмяркоўваем, не адбываецца ніякай дэпалітызацыі ў беларускім грамадстве. Тое, што ёсць дэмабілізацыя, ёсць рэпрэсіўны ціск, які не дазваляе праяўляцца ніякай ініцыятыве — гэта відавочна і гэта зразумела. Але тое, што адбылося ў 2020 годзе, яно нікуды не падзелася. У гэтым сэнсе нічога не змянілася: старонка не перагорнутая, новых прапаноў няма. Сацыяльная напружанасць хутчэй нарастае, чым згасае», — кажа Аксана Шэлест. 

Таксама яна мяркуе, што ў такіх сітуацыях, як наша, далёка не ўсё вызначацца воляй большасці. 

«Вось у нас будзе больш за 50% палітызаваных беларусаў — так значыць усё і зменіцца? Не, гэта няпраўда. Тут дзейнічаюць іншыя сілы і іншыя механізмы», — кажа сацыёлаг.

На яе думку, падобныя крызісы вырашаюцца актыўнай меншасцю, а не нейкай крытычнай масай. 

«Найважнейшая задача на сёння — арганізацыя і сінхранізацыя дзеянняў тых, хто выбраў бок», — кажа спадарыня Шэлест.

Таксама яна бачыць яшчэ адну задачу: грамадзянская і палітычная асвета.

«Мы ў 2020 годзе захацелі вяртання палітыкі, але нам бракуе элементарных ведаў, элементарных уяўленняў, умення арыентавацца ў сітуацыі, апазнаваць палітычныя дзеянні, умець рэагаваць на іх адпаведна», — кажа сацыёлаг.

Падчас масавага ўздыму 2020 года грамадства не змагло зрабіць з палітызацыі інструмент, які дазволіў бы арганізаваць палітычнае поле. 

Як дэмакратычным сілам камунікаваць з апалітычнымі беларусамі?

«Трэба наладжваць камунікацыі: усіх з усімі. Прычым неабавязкова палітычныя — любыя, паколькі зараз не толькі палітычная камунікацыя разбураная, але і грамадская», — кажа Юрый Дракахруст.

Пачынаць трэба з малога, каб людзі камунікавалі, ведалі адзін аднаго і аб’ядноўваліся. 

Таксама Дракахруст не згодны з іншымі спікерамі, што тое, што адбылося ў 2020 годзе, нікуды не падзелася.

«Падзелася. Калі мы будзем апераваць данымі Chatham House, то відавочна, што ад апытання да апытання адбываецца зніжэнне падтрымкі патрабаванняў пратэсту. Я нават не кажу пра гатоўнасць да дзеі», — кажа аглядальнік.

Ці можа ўзнікнуць новае акно магчымасцяў?

Яго трэба ствараць, мяркуе Генадзь Коршунаў. 

«Фактычна, зараз вынішчаюцца любыя праявы сацыяльнага, то-бок супольнага, агульнага, ініцыятыўнага. Любыя дзеі (камунікацыйныя, арганізацыйныя і гэтак далей) — гэта тое, што тым ці іншым чынам спрыяе палітызацыі», — кажа аналітык.

Але побач з адукацыйнымі і камунікацыйнымі рэчамі патрэбныя і арганізацыйныя платформы, і інструменты. Патрэбна звязаць цяперашнія ініцыятывы ў нейкую інстытуцыянальную сетку, кажа сацыёлаг. 

Чытайце таксама:

«Набліжаныя адчуваюць любоў не да канкрэтнай асобы, а да пасады». Прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук аб цяперашнім стане ўлады і грамадства

«Улады ўсё падзеляць паміж сабой». Палітолаг Шульман пра тое, як працуе прапаганда і чаму нельга быць «па-за палітыкай»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0