Як Дзяржпамежкамітэт Беларусі дбае аб прапускной здольнасці літоўскіх і польскіх памежных пунктаў

У рэгулярных паведамленнях Дзяржпамежкамітэт звяртае ўвагу, якую частку грузавых транспартных сродкаў аформілі літоўскія і польскія кантрольныя службы.

Так, паводле ягоных звестак, за 16 лютага ў Літву прайшло 63% грузавікоў ад устаноўленай нормы, у Польшчу — 64%. «Гэтыя краіны працягваюць ігнараваць дамоўленасці па пропуску цяжкагрузаў», — інфармуюць беларускія памежнікі.

Таксама на сайце ведамства можна ўбачыць інфармацыю пра архіў чэргаў, яна ўражвае. Мяркуючы па звестках, на гэтым тыдні ў Каменным Лозе — самым ажыўленым пункце пропуску на беларуска-літоўскай мяжы — у чарзе знаходзіліся ад 580 да 640 грузавікоў.

Кіроўцы чакаюць па 10—12 дзён. Бізнэс нясе страты

Нешта падобнае назіралася пры канцы 2021 года, калі фіксаваліся чэргі з грузавікоў на мяжы. Аднак перад Новым годам хвасты зніклі. Кажуць, гэта было звязана з надыходам святаў — на пункты пропуску стала прыязджаць менш аўтамабіляў, што знізіла напружанне.

У пачатку 2022 года праблема зноў нагадала пра сябе. Кіроўцы цяжкагрузаў паведамляюць, што стаяць на беларуска-літоўскай мяжы па 10—12 дзён. Чарга з фур расцягваецца на некалькі кіламетраў. Транспартныя кампаніі нясуць страты: выдаткоўваецца паліва, выходзяць з ладу сістэмы ацяплення, паступаюць штрафы ад заказчыкаў і гэтак далей, паведамляе Delfi.lt.

А ў мінулы панядзелак, 14 лютага, каля н. п. Пагранічны (паблізу ад беларуска-польскай мяжы) адбыўся канфлікт паміж дальнабойшчыкамі. Некаторыя кіроўцы аб'язджалі чаргу, чым істотна запавольвалі рух.

У выніку самі перавозчыкі вырашылі ўзяць сітуацыю пад кантроль. Яны зладзілі імправізаваны народны патруль і правяралі, якія падставы маюцца ў тых, хто спрабуе праскочыць па-за чаргой.

Фота autogrodno.by

Фота autogrodno.by

Паводле іх слоў, гэта прынесла эфект: за пару гадзін удалося завярнуць каля 30 грузавікоў і працэс афармлення паскорыўся.

Службы аховы дзяржмяжы Літвы: «Ёсць шэраг аб'ектыўных абставінаў, якія добра вядомыя беларускаму боку»

Памежслужбы Літвы і Польшчы захоўваюць маўчанне, не ўступаюць у палеміку з беларускім бокам. Аднак градус напружання павышаецца і «Наша Ніва» звярнулася па каментар да літоўскіх памежнікаў: што адбываецца на самай справе? Ці сапраўды справа ў маруднасці, на што намякае Дзяржпагранкамітэт РБ?

«Інфармацыя пра тое, што чэргі ўзнікаюць з-за маруднасці літоўскага боку не адпавядае рэчаіснасці, — кажа прадстаўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рокас Пукінскас. — Ёсць шэраг аб'ектыўных абставінаў, якія добра вядомыя беларускім памежнікам».

У прыватнасці, ён нагадаў, што з лістапада 2020 года ў пункце пропуску Меднікі (з беларускага боку — Каменны Лог) праходзіць рэканструкцыя. Як чакаецца, работы будуць працягвацца два з паловай гады, то-бок, да мая 2023 года.

Фота gpk.gov.by

Фота gpk.gov.by

«Аб правядзенні рамонту загадзя былі паінфармаваныя як беларускі бок, так і перавозчыкі. Работы праводзяцца Міністэрствам транспарту Літвы, якое адказвае за інфраструктуру ў пунктах пропуску», — адзначае Рокас Пукінскас.

Іншая прычына — абнаўленне мытнай інфармацыйнай сістэмы Літвы, аб чым паведамлялі самі беларускія памежнікі. Гэта таксама адбівалася на афармленні грузавых аўтамабіляў. Працы павінны былі скончыцца 15 лютага.

А яшчэ мігранты і цыгарэты…

Аднак нельга забываць пра агульны характар адносін паміж дзвюма краінамі і пра тое, што адбывалася на заходняй мяжы Беларусі за апошні год.

Літоўскія службы сутыкнуліся з сур'ёзнымі выклікамі і вымушаныя былі рэагаваць. Узмацненне жорсткасці кантролю — цалкам прадказальны крок на фоне міграцыйнага крызісу, масавай кантрабанды цыгарэт і іншых інцыдэнтаў.

Рокас Пукінскас нагадвае, што ў дадзены момант перакрыты памежны пункт Кузніца Беластоцкая (з беларускага боку — Брузгі), які заўсёды прымаў вялікую частку грузавікоў.

Пасля штурму мігрантамі ў лістападзе 2021 года палякі прынялі рашэнне не адкрываць рух.

«Адбылося пераразмеркаванне транспартных патокаў, частка якіх прыйшлася на літоўскія памежныя пункты, — кажа Рокас Пукінскас. — Кіроўцы рухаюцца ў нашу краіну транзітам, каб потым праехаць у Польшчу і далей у Заходнюю Еўропу».

Але гэта далёка не ўсе наступствы. Літва сутыкнулася з масавымі спробамі нелегальнага перасячэння яе мяжы.

«Міграцыйны крызіс прывёў да ўзмацнення кантролю, — пацвярджае прадстаўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы. — Ён праводзіцца не толькі на так званай зялёнай паласе (палі, лясы, рэкі, азёры), але таксама ў пунктах пропуску».

Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай граніцы Літвы нагадаў пра выпадак, які адбыўся ў канцы лістапада 2021 года акурат у Медніках.

У прычэпе грузавіка, які ехаў з Беларусі, выявілі чацвярых іракцаў. Калі памежнікі адкрылі дзверы фургона, адтуль выскачылі мужчыны, што хаваліся паміж скрынкамі. Кіроўца (за рулём знаходзіўся грамадзянін РБ) выглядаў вельмі здзіўленым.

Як паведаміў Рокас Пукінскас, пасля гэтага здарэння быў зафіксаваны аналагічны выпадак. У той раз нелегальна мяжу ў пункце пропуску спрабавалі перасекчы дзевяць чалавек.

«Цяпер усе грузавыя аўтамабілі правяраюцца больш пільна, што таксама адымае час і рэсурсы, — падкрэслівае прадстаўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы. — Хаця актыўна выкарыстоўваюцца тэхнічныя сродкі. Напрыклад, мы можам вымераць узровень вуглякіслага газу ў аўтамабілі. Таксама маем абсталяванне, якое дазваляе выявіць чалавека па сэрцабіцці».

Пагранічнікі адзначылі, што больш за ўсё часу сыходзіць на мытную праверку, якая можа займаць некалькі гадзін нават у звычайных умовах.

Ці можна назваць звычайнымі цяперашнія ўмовы? Вядома, не.

За апошні год літоўскімі кантрольнымі службамі канфіскоўвалася беспрэцэдэнтная колькасць кантрабандных цыгарэт. І гэта вымусіла памежнікаў і мытнікаў узмацніць кантроль, што таксама адымае час.

Фота delfi.lt

Фота delfi.lt

«Лічым, што з улікам абставін цяперашняя сітуацыя рабочая»

Як лічаць у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, з улікам вышэйзгаданых абставінаў цяперашняя сітуацыя працоўная: «Мы не схільныя драматызаваць яе».

Па словах Рокаса Пукінскаса, змяніць парадак афармлення або паскорыць час праходжання мяжы немагчыма: «Павелічэнне колькасці пагранічніку нічога не зменіць. Бо кожнаму патрабуецца працоўнае месца з камп'ютарам, доступам да баз дадзеных. Вялікага эфекту нарошчванне штату не дасць. Прывяду такі прыклад. У пункце пропуску ёсць чатыры паласы: дзве для легкавых, адна — для грузавых, яшчэ адна — для аўтобусаў. Можна перавесці памежнікаў на дзве іншыя паласы, але сітуацыя не зменіцца — як было два працоўных месцы на дзвюх палосах, так яно і застаецца».

Ён таксама звярнуў увагу, што Дзяржпамежкамітэт Беларусі акцэнтуе ўвагу на прапускную здольнасць літоўскіх і польскіх пунктаў, хаця на ўезд у РБ таксама фіксуюцца чаргі.

Паводле ягоных звестак, на раніцу 17 лютага ў пункце пропуску Меднікі (Каменны Лог) уезду ў Беларусь чакалі 160 грузавых аўтамабіляў, у Салечніках (Беняконі) — 120, у Райградзе (Прывалка) — 170.

Чытайце яшчэ:

«Са мной было пяць беларусаў, не прайшоў ніхто». Мікіта Мелказёраў расказаў, як яго не пусцілі ва Украіну

«У Беларусі былі жудасныя дні». Як курдскі хлопчык без ног, які жыў у Брузгах, апынуўся ў Італіі

Год, як беларуская мяжа зачыненая на выезд. Ці будуць паслабленні?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0