Першы — гэта сыход Лукашэнкі на пасаду кіраўніка Усебеларускага народнага сходу з захаваннем кантролю над Радай бяспекі ў якасці другой, сілавой апоры. Інакш гэта не мае сэнсу.

Далей будуць праведзены новыя выбары, і вакантнае месца зойме новы прэзідэнт з ліку старой наменклатуры. Грамадству не дадуць часу на падрыхтоўку да выбараў і прапануюць выбіраць з кандыдатаў па прынцыпе «найменшае зло».

Новы прэзідэнт для зняцця напружання ў грамадстве, устанаўлення міру і, такім чынам, у надзеі перазапусціць адносіны з Захадам, пачне кантраляваную адлігу і вызваленне палітвязняў.

Кандыдатуру новага прэзідэнта Лукашэнку давядзецца ўзгадняць з Масквой, якая мае аргумент «гэтаму мы грошай не дамо, а гэтаму дамо». Лічыцца, што Масква не гатова падтрымліваць самага відавочнага прэтэндэнта Наталлю Качанаву, якая робіць уражанне «палітычна закаханай» у Лукашэнку жанчыны, якая не здольная на самастойны курс.

Іншымі кандыдатамі называюць прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенку, старшыню Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына і першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова.

«Усе яны людзі з вопытам кіравання і разглядаюцца Масквой як постаці, здольныя гарантаваць стабільнасць курсу і больш паглыбленую інтэграцыю з Расіяй да 2027 года», — кажа адзін з інсайдараў.

Зрэшты, long-list верагодных кандыдатаў можна бачыць за сталом у Лукашэнкі падчас палітычных нарадаў.

Часам можна чуць, што «Масква сімпатызуе Румасу». Сапраўды, Румасу далі кармленне ў выглядзе пасады прадстаўніка Расійскай Федэрацыі ў назіральнай радзе «Россельхозбанка». Але Расія проста трымае Румаса ў запасе на выпадак, калі рэальна давядзецца ўдзельнічаць у выбарах. 

Адкрытай канкурэнцыі чыноўнікаў за месца новага прэзідэнта чакаць не варта праз інстынкт самазахавання.

На выпадак пагрозлівай для Лукашэнкі папулярнасці новага прэзідэнта ў новай Канстытуцыі прадугледжана норма яго адстаўкі па рашэнні Усебеларускага народнага сходу.

Другі варыянт, гэта захаванне за Лукашэнкам пасады прэзідэнта, у той час як кіраўніком УНС становіцца падкантрольная яму фігура.

Пры такім варыянце УНС становіцца інкубатарам пошуку пераемнікаў, які можа расцягнуцца на тэрмін да 13 гадоў, згодна з канстытуцыйнымі папраўкамі. 

Трэці варыянт — гэта адмова ад правядзення канстытуцыйнай рэформы і кансервацыя сістэмы.

Але, мяркуючы па актыўнасці палітычных тлумачальнікаў унутры дзяржаўнага апарату і сярод калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў, сцэнар адмовы ад рэферэндуму малаверагодны.

Чацвёрты варыянт, гэта калі і пасаду прэзідэнта, і пасаду кіраўніка УНС зойме адна і тая ж асоба — Лукашэнка. Такі варыянт магчымы, супярэчнасцей па папраўках у Канстытуцыі тут няма. І пакуль гэты варыянт выглядае самым відавочным, прынамсі, на бліжэйшы час.

Трэба разумець, што мы маем справу з працэсам, які пачаўся да выбараў. На кожным этапе канстытуцыйнай гісторыі ставіліся розныя мэты.

Суразмоўцы «Нашай Нівы» звязваюць першую ідэю аб змяненні канстытуцыі ў 2018-м з вопытам рэформ Саргсяна ў Арменіі: пераразмеркаванне паўнамоцтваў ад прэзідэнта да парламента і прэм'ера.

У далейшым, пад уплывам «сябра-Дадона» з'явілася ідэя, што новая Канстытуцыя павінна выключыць магчымасць малдаўскай сітуацыі ў далёкай будучыні Беларусі (калі прэзідэнт цягне ў адзін геапалітычны бок, а парламент — у іншы). Змяненне канстытуцыі абмяркоўвалася і як спосаб вырашэння праблемы транзіту ўлады.

Пасля выбараў 2020 года Лукашэнка стаў выкарыстоўваць змены ў канстытуцыі як аргумент «цывілізаванай» трансфармацыі ўлады ў размовах з працоўнымі заводаў. Аднак гэта толькі на словах. У рэальнасці, выглядае, што канстытуцыйная рэформа патрэбная для таго, каб пакінуць Лукашэнку ва ўладзе, пазбегнуўшы пры гэтым балючага для яго працэсу — асабістага ўдзелу ў выбарах.

Чытайце яшчэ:

Большасць беларускіх міністраў на пасадзе каля двух гадоў, але ёсць і доўгажыхары. Як думаеце, хто яны?

Чаму рэферэндум ужо цяпер можна лічыць несапраўдным

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0