Фота: wikipedia.org

Фота: wikipedia.org

«Сярэдняя цана за двухпакаёўку з добрым рамонтам — 630 даляраў»

Андрэй пераехаў з Мінска ў Варшаву разам з жонкай і дачкой у канцы 2019 года. Расказвае, што цэны на арэнду аднапакаёвай кватэры ў горадзе ад 375 да 450 даляраў. Двухпакаёўкі здаюць за 550—1250 даляраў.

«Сярэдняя цана за двухпакаёвую кватэру з добрым рамонтам — 2500 злотых (каля 630 даляраў). Раён практычна значэнне не мае, цэны будуць адрознівацца на 200-300 злотых (50-75 даляраў). Натуральна кватэры вялікага метражу ці ў закрытым квартале, дзе тры-чатыры дамы, асобная дзіцячая пляцоўка, паркінг, будуць даражэйшыя», — кажа мужчына.

За сваю арэндную двушку на 54 «квадраты» ён плаціць 650 даляраў. Гэта разам з адміністрацыйнымі плацяжамі — за прыборку пад’езда і прыдамавой тэрыторыі, паркінг, ваду, інтэрнэт. 

У Андрэя былі складанасці з пошукам жылля, бо ў сям’і маленькае дзіця і сабака.

«У Польшчы ёсць закон, што арэндадаўца не можа выселіць мяне з кватэры, нават калі я не плачу, да заканчэння тэрміну дамовы. Таму яны просяць «аказіянальную дамову» — ты павінен пазначыць адрас у Польшчы, куды з’ездзеш у выпадку нясплаты, каб ты застаўся не на вуліцы. Працэнтаў 80 арэндадаўцаў просяць яе падпісаць. У прынцыпе гэта лагічна, калі такі закон, я разумею іх страхі.

У мінулым кастрычніку-лістападзе шукалі для калегі кватэру, і многія казалі, што замежнікам здаваць не хочуць. Але тыдні за два знайшлі».

«Прыватныя садкі каштуюць ад 200 даляраў»

Садкі ў Польшчы ёсць дзяржаўныя і прыватныя. У дзяржаўныя няпроста трапіць. Каб з верасня дзіця залічылі ў групу, заяву трэба пісаць у лютым-сакавіку. Каштуе садок 75 даляраў на месяц.

Фота: wikipedia.org

Фота: wikipedia.org

«У прыватны трапіць наогул не праблема. Іх дастаткова шмат, умовы нашмат лепшыя. Але каштуюць яны ад 800 злотых (200 даляраў). У некаторых садках дзяцей не кормяць цэнтралізавана, даеш з сабой ежу. Групы невялікія, да 10 чалавек, і на групу два выхавацелі. Адносіны цудоўныя. Рускіх садкоў не сустракаў, але я іх не шукаў. Мы пераехалі ў Польшчу на пастаяннае месца жыхарства, таму дзіця будзе вучыць польскую мову. Тым больш у такім узросце гэта лёгка даецца.

У нас знайшоўся садок недалёка ад дома, там было месца. Сад аказаўся моўным, у іх кожны дзень ангельская.

Я плачу за месяц 1100 злотых (275 даляраў). Гэта за заняткі, харчаванне. Ёсць дадатковыя расходы — мы ходзім да лагапеда кожны тыдзень. Там каля 150 злотых (38 даляраў) на месяц, я лічу, нядорага. Агулам за ўсё аддаем 1300-1400 злотых (325-350 даляраў).

Канечне, ёсць дарагія сады і па 2000-2500 злотых. Там у групе будзе, напрыклад, пяць дзяцей і пяць выхавацеляў і працуюць яны да 7-8 вечара. У Мінску я калі даведваўся пра прыватны садок, той каштаваў 500-700 еўра на месяц. 

Дачка ў Мінску толькі крыху пахадзіла ў садок, кожны дзень вярталася і ішла туды са слязамі. Тут нейкі час было такое ж стаўленне. А праз два месяцы — з радасцю ішла, абдымалася з выхавацелямі. «Тата, пойдзем у садок», — з усмешкай мне казала ў нядзелю».

«Праблему з чэргамі да дактароў вырашылі прыватнай страхоўкай»

З медыцынай для беларусаў сітуацыя наступная. Калі ты працуеш афіцыйна, плаціш падаткі, то маеш магчымасць карыстацца паслугамі дзяржаўных клінік. Так, часта там вялікія чэргі і складана атрымаць накіраванне да вузкага спецыяліста. 

«Мы для сябе праблему вырашылі прыватнай страхоўкай, — кажа Андрэй і дадае, што гэтак жа робяць і палякі. — У месяц на ўсю сям’ю гэта недзе 300 злотых (75 даляраў). У гэта ўключана неабмежаванае наведванне тэрапеўта і вузкіх спецыялістаў, пара аналізаў (не ўсе), але агулам ніякіх праблем.

Хуткая тут прыязджае, калі ўжо зусім дрэнна. Калі ты плаціш падаткі і гэта быў сапраўды патрэбны выклік, то ён бясплатны. Калі чалавек не ўпэўнены, патрэбна яму хуткая ці не, аператар падкажа і папярэдзіць, што гэта можа быць платна».

У Варшаве ёсць праблемы з забруджваннем паветра, але Андрэй кажа, што на сабе не адчувае гэтага.

«Тут паўсюль ёсць датчыкі забруджвання паветра. І калі неспрыяльная атмасфера, дзяцей у садку не вядуць гуляць. Але за месяц такіх дзён адзін-два, калі зусім няма ветру.

Ацяпляць вугалем дамы забаронена. Хтосьці ўсё ж ацяпляе, але атрымлівае за гэта штраф», — дзеліцца назіраннямі мужчына.

«Базавыя прадукты тут нашмат таннейшыя, чым у Беларусі»

У Беларусі Андрэй і яго жонка працавалі ў транспартнай кампаніі. У Варшаве ўладкаваліся ў тую ж сферу. Пасля мужчына звольніўся і адкрыў сваю СТА. На яго думку, у Польшчы сітуацыя з працай для замежнікаў такая ж, як і ў іншых краінах.

«Калі для паляка мінімальны заробак у месяц 5500 злотых (1380 даляраў), ён ніжэй не пагодзіцца, то, напрыклад, нашы суайчыннікі, украінцы і за 3000 (750 даляраў) пойдуць на такую ж працу.

Да таго ж большасць нашых не ведаюць мовы, заканадаўства, іх лёгка падмануць. Нам пашанцавала з працай, мы хутка яе знайшлі.

У Мінску ў мяне быў заробак каля 1200 рублёў, з улікам вопыту, дыплома, які ў Польшчы нічога не каштуе. Тут мінімальны ў маёй жонкі быў 2800 злотых (700 даляраў). Нашых заробкаў хапае запраўляць аўтамабіль, плаціць за здымную кватэру, кудысьці схадзіць з дзіцем, купіць прадукты. Базавыя прадукты тут нашмат таннейшыя, чым у Беларусі, нягледзячы на тое, што ўлетку падняліся цэны. 

Узровень жыцця ў нас палепшыўся. Я на свой заробак магу купіць больш, нягледзячы на тое, што ў Мінску была свая кватэра, а тут здымная, што паліва ў Польшчы даражэйшае і я атрымліваю заробак ніжэй за сярэдні».

Чытайце таксама:

«Прапаноўвалі 3900 даляраў, я адмовіўся». Беларускі айцішнік расказаў, як не вытрымаў жыцця ў Польшчы

Толькі IT-спецыялістам і членам іх сем'яў — 22 тысячы віз. Колькі беларусаў рэлацыравалася ў Польшчу?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?