Адно з апошніх даследаванняў папулярнасці інтэрнэт-месенджараў правяла аналітычная кампанія Similarweb. Прааналізаваўшы дзясяткі краін, спецыялісты прыйшлі да высновы, што ў свеце дамінуюць тры месенджары: WhatsApp, Facebook Messenger і Telegram.

WhatsApp

Абсалютным лідарам у свеце з’яўляецца WhatsApp. Праграма дамінуе ў Паўднёвай Амерыцы, Заходняй Еўропе, Афрыцы, Індыі, Брытаніі, Расіі. 

Нагадаем, у 2014 годзе Facebook выкупіў WhatsApp за 19 мільярдаў даляраў. Аўтарызацыя ў дадатку праходзіць па нумары тэлефона. 

Фота: Flickr

Фота: Flickr

У студзені 2021 года праграма абнавіла палітыку прыватнасці, і гэта выклікала незадаволенасць карыстальнікаў. Узніклі чуткі, што новыя правілы патрабуюць абмену прыватнай інфармацыяй з профілю ў месенджары з кампаніяй Facebook.

У адказ на асцярогі WhatsApp апублікаваў на сваім сайце раздзел з частымі пытаннямі, у якім патлумачыў, што абнаўленне не пагражае бяспецы асабістых даных карыстальнікаў.

У праграме ёсць скразное шыфраванне чатаў — доступ да іх ёсць толькі ў суразмоўцаў, а на серверах даныя захоўваюцца ў зашыфраваным выглядзе. Прысутнічае магчымасць выдаляць паведамленні пасля адпраўкі (суразмоўца будзе бачыць надпіс аб тым, што паведамленне выдаленае).

Telegram

Вельмі моцна за 2021 год вырасла доля Telegram. Ён выцесніў Facebook Messenger і заняў другую пазіцыю ў свеце. Telegram карыстаўся найбольшай папулярнасцю ў Беларусі, Арменіі, Бельгіі, Камбоджы, Латвіі, Венесуэле, Шры-Ланцы, Казахстане, Кыргызстане і іншых краінах.

Месенджар вядомы сваімі праблемамі з расійскімі ўладамі. Федэральная служба бяспекі Расіі патрабавала выдаць ключы шыфравання Telegram, але стваральнікі месенджара Дуравы настойвалі на тым, што гэта тэхнічна немагчыма: даныя перапісак захоўваюцца на прыладах карыстальнікаў і не належаць месенджару.

Суд пастанавіў аштрафаваць кампанію, а ў красавіку 2018 года вынес пастанову аб абмежаванні доступу да праграмы ў Расіі. Аднак Telegram працягваў працаваць, няхай і з перабоямі. У чэрвені 2020 года забарону афіцыйна знялі.

Фота: Flickr

Фота: Flickr

Велізарную ролю сыграў Telegram і ў Беларусі. Менавіта гэты месенджар стаў альтэрнатыўным спосабам камунікацыі для грамадства падчас пратэстаў 2020 года. Менавіта Telegram дазволіў беларускім медыя зберагчы сваю аўдыторыю падчас блакавання папулярных сайтаў і беспрэцэдэнтных рэпрэсій супраць журналістаў.

У Telegram ёсць скразное шыфраванне, але толькі тады, калі вы запускаеце сакрэтны чат. Скразнога шыфравання ў групавых і несакрэтных чатах няма. 

Акрамя прыватных чатаў, у Telegram ёсць супольнасць. Карыстальнікі могуць ствараць і падпісвацца на каналы, у якіх аўтары публікуюць паведамленні і артыкулы. З'явілася магчымасць каментаваць пасты. Можна распрацоўваць ботаў — віртуальных памочнікаў, якія рэагуюць на каманды. Іх часта выкарыстоўваюць у бізнэсе, каб вызваліць супрацоўнікаў ад руцінных задач. 

Facebook Messenger

Трэцім па папулярнасці лічыцца Facebook Messenger. Ён папулярны ў Паўночнай Амерыцы, Аўстраліі, Скандынавіі і некаторых іншых еўрапейскіх краінах. 

Facebook Messenger даступны толькі карыстальнікам фэйсбука — патрэбны ўліковы запіс у аднайменнай сетцы.

У 2020 годзе выйшла абнаўленне, якое аб'яднала асабістыя паведамленні ў фэйсбуку з паведамленнямі інстаграма: пры выбары карыстальнікам адпаведнай опцыі паведамленні Instagram Direct і Facebook Messenger будуць інтэграваныя паміж сабой.

Viber

Галоўнай апорай Viber з’яўляецца Украіна, Грэцыя і Балгарыя — у гэтых краінах праграма самая папулярная. 

Асаблівасцямі Viber з’яўляюцца ўбудаваны перакладчык паведамленняў, супольнасці з неабмежаванай колькасцю карыстальнікаў, скразное шыфраванне чатаў, а таксама Viber Out — магчымасць тэлефанаваць на міжнародныя тэлефонныя нумары. 

Праз ізаляванасць кітайскага інтэрнэту ад знешняга свету, у Кітаі самым папулярным месенджарам з’яўляецца мясцовы WeChat.

Ёсць і яшчэ некалькі краін, дзе дамінуюць не глабальныя гульцы, а мясцовыя: Color Message (Славенія), KakaoTalk (Карэя), Zalo (В’етнам), Plus Messenger (Узбекістан).

Беларусы і расіяне часцей карыстаюцца Telegram, а ўкраінцы — Viber

Калі гаварыць пра WhatsApp, то самыя моцныя пазіцыі гэтага месенджара ў Ізраілі, Брытаніі і Нямеччыне. 

У Telegram самы вялікі ахоп у Расіі (хаця ў гэтай краіне месенджар і прайграе WhatsApp) — 36%.

А вось галоўным аплотам Viber застаецца Украіна — 79% маюць яго на сваім смартфоне. Далей ідзе Грэцыя — 77%. Хаця ў Расіі Viber ёсць толькі ў 43% абанентаў, ягоная доля ў гэтай краіне істотна вырасла за апошні год — больш за 26 мільёнаў новык запамповак. 

Фота: Flickr

Фота: Flickr

У многіх азіяцкіх краінах з’яўляецца папулярнай праграма Line (Японія, Тайланд і Тайвань). У гэтых краінах месенджар устаноўлены ў абсалютнай большасці карыстальнікаў.

Паводле даследавання Similarweb, у Беларусі самым папулярным месенджарам з’яўляецца Telegram. Што тычыцца суседзяў, то іншай краінай з самай высокай доляй Telegram з’яўляецца Латвія. Літва і Польшча больш сядзяць на Facebook Messenger, а Расія на WhatsApp.

Цікава, што ў Расіі, паводле сацыялагічнага апытання, WhatsApp самы папулярны ў людзей ад 25 гадоў, а вось моладзь да 25 гадоў сядзіць пераважна на Telegram.

Ці ёсць навічкі на рынку месенджараў?

Варта такім навічком назваць Discord. Гэты месенджар, хутчэй за ўсё, будзе актыўна расці ў 2022 годзе. Першапачаткова ён ствараўся пад геймераў і для анлайн-заняткаў, але апошнія месяцы папулярнасць месенджара імкліва расце і сярод іншых груп.

Месенджар мае эфектыўныя інструменты для камунікацыі вялікіх груп людзей. Карыстальнікі могуць мець зносіны як у асабістых паведамленнях, так і на створаных серверах — агульных групах.

Часта серверы выглядаюць як шматузроўневыя канструкцыі: функцыянал дазваляе стварыць галасавыя і тэкставыя каналы — агульныя, прыватныя або тыя, што даступныя толькі для чытання.

Discord

Discord

Таксама істотна павялічылася папулярнасць Signal. Месенджар папулярны сярод журналістаў, праваабаронцаў і палітычных актывістаў, але не сярод звычайных людзей.

Гэты месенджар імкнецца забяспечыць максімальную прыватнасць суразмоўцаў і пры гэтым застаецца бясплатным. Хаця дызайн месенджара і набор функцый з’яўляюцца вельмі абмежаванымі.

Асаблівасць Signal — шыфраваныя паведамленні ад прылады да прылады (E2EE). Гэта значыць, што доступу да інфармацыі няма ні ў каго, акрамя ўдзельнікаў гутаркі. Нават распрацоўнікі не могуць прачытаць перапіску. Месенджар не збірае даных пра карыстальнікаў і не паказвае рэкламу.

Чытайце яшчэ:

СК купіў праграму для ўзлому пароляў і выкачкі інфармацыі з Telegram. Эксперт тлумачыць, наколькі гэта рэальна

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1