Фота: Reuters

«Кладзём людзей у палаты на падстаўныя ложкі, у калідоры, на маленькія канапкі, на жалезныя крэселкі, выкатваем у калідоры канцэнтратары»

«З самага пачатку кавіду ў 2020 годзе ў нас увесь тэрапеўтычны корпус адведзены пад «брудную зону», мы ні разу з пачатку пандэміі не зачыняліся», — расказвае Яна (імя зменена), медсястра адной з гарадскіх бальніц Мінска, якая з пачатку пандэміі прымае пацыентаў з каранавірусам. Дзяўчына кажа, што тры аддзяленні ў корпусе разлічаныя на 54 ложкі, яшчэ два — па 48 ложкаў, у тым ліку з рэанімацыйнымі палатамі. Цяпер, па словах медыка, усе яны запоўненыя.

— Пасля восеньскай хвалі была перадышка, калі ў нас ляжала столькі людзей, на колькі разлічана аддзяленне. Так, бывалі цяжкія пацыенты, але мы працавалі ў штатным рэжыме. З 27 студзеня зноў пайшоў уздым. Тады наша бальніца прыняла каля 70—80 пацыентаў. Паступалі ў асноўным вельмі пажылыя людзі, яны мелі патрэбу ў падачы кіслароду.

Тады, распавядае Яна, медыкі маглі размясціць усіх у палатах. Але да выходных канца студзеня месцаў стала не хапаць, хоць, паводле яе слоў, пацыенты сталі праводзіць у аддзяленні менш часу.

— Нам у тыя дні сказалі, што з'явіўся дакумент, паводле якога пацыенты з кавідам павінны ляжаць у шпіталі шэсць койка-дзён. У дзень мы павінны выпісаць мінімум восем пацыентаў, усё роўна, будны ён ці выходны. Мы сталі адных выпісваць дадому на самаізаляцыю, іншых пераводзіць у іншыя бальніцы, дзе яны могуць далячыцца (гэтыя людзі ўжо стабільныя, але для падстрахоўкі ім лепш нейкі час заставацца пад наглядам лекараў). Але тых месцаў, што мы вызвалілі, было недастаткова — адміністрацыя бальніцы пачала рабіць абходы і выпісваць пацыентаў, — тлумачыць дзяўчына і дадае, што некаторыя пацыенты паступаюць і з COVID-19, і з грыпам.

— Цяпер у аддзяленні ляжыць больш за 70 чалавек. Дзесьці 8—10 у суткі выпісваюць, а паступае яшчэ 8—16. І мы кладзем людзей у палаты на падстаўныя ложкі, у калідоры, на маленькія канапкі, на жалезныя крэселцы, выкатваем у калідоры канцэнтратары кіслароду для тых, каму яны патрэбныя.

«Цяпер памірае менш людзей, але ніводнага дня афіцыйная статыстыка не адлюстроўвала рэальнасць»

Медык адзначае, што цяпер да яе ў аддзяленне паступае шмат пажылых пацыентаў, у маладых нярэдка акрамя COVID-19 дыягнастуюць таксама грып.

— Неяк у мяне паступіла 11 жанчын старэйшых за 80 гадоў за адзін вечар. Але цяпер менш пацыентаў даходзяць да рэанімацыі. І больш тых, хто з яе выходзіць! Да прыкладу, у корпусе пад рэанімацыйныя палаты цяпер адведзена 38 ложкаў (калі толькі адкрыліся пад кавід, было 18), з іх, можа быць, 26-28 занятыя. І пацыентаў сярэдняга ўзросту, якія трапляюць туды, часцей за ўсё выходжваюць. Мы адчуваем, што смяротнасць пры «амікроне» ніжэйшая. У папярэднюю хвалю былі страшныя лічбы. І гаворка не пра 10 чалавек, якія былі ў зводцы па краіне, — бывала, толькі ў нас за суткі ў морг трапляла столькі пацыентаў. Цяпер менш людзей памірае, але мне здаецца, ніводнага дня афіцыйная статыстыка не адлюстроўвала рэальнасць, улічваючы, колькі бальніц у Мінску, у абласных і раённых гарадах.

Фота: Reuters

Фота: Reuters

Яна патлумачыла, што не можа супаставіць рэальную захворвальнасць сярод насельніцтва са статыстыкай Міністэрства аховы здароўя, аднак, паводле яе слоў, паказчыкі па выпісцы пацыентаў могуць супадаць.

— Некаторых пацыентаў адпраўляюць у іншую бальніцу далечвацца, але ж ад нас яны выпісваюцца і трапляюць у зводку па краіне. Але ў другую бальніцу яны таксама пераходзяць з дыягназам COVID-19, і адтуль іх жа таксама выпішуць — верагодна, адзін выпісаны можа трапляць у статыстыку двойчы, — выказала здагадку дзяўчына.

З ёй згодная і другая суразмоўніца, тэрапеўт іншага аддзялення той жа бальніцы Вікторыя (імя зменена). Лекар таксама пацвердзіла, што ў бальніцу пасля «міжхвалявага зацішша» ў канцы студзеня стала паступаць больш пацыентаў. Па яе словах, зараз у аддзяленнях, разлічаных прыкладна на 50 чалавек, ляжаць каля 65-70.

— Цяпер у нас на 20-30% больш пацыентаў, чым у «спакойны» перыяд. Але ў «дэльту» гэта даходзіла да 30-40%. Цяпер прыходзяць людзі з «амікронам». Лічыцца, што ў яго больш лёгкае цячэнне. У параўнанні з «дэльтай» так і ёсць. Але, тым не менш, цяжкія хворыя таксама ёсць. І чым большая колькасць тых, хто захварэў па краіне, тым больш такіх выпадкаў.

«Ёсць план на выпіску, ён адпраўляецца ў Камітэт па ахове здароўя. Там могуць яго не ўзгадніць і запатрабаваць павялічыць»

Вікторыя таксама пацвярджае, што цяпер пацыентаў імкнуцца выпісваць пасля шасці дзён у бальніцы.

— Нейкі час людзі лечацца і, калі стабільныя, могуць пайсці дадому. Калі трэба яшчэ назіранне лекара — у іншую бальніцу. Раней на гэта давалася 12 дзён, потым 10, зараз 6. Складана растлумачыць логіку Міністэрства аховы здароўя, чаму ідзе тэндэнцыя на змяншэнне, бо захворванне цяжкае, некаторым пацыентам трэба некалькі тыдняў прабыць у стацыянары. Магчыма, гэта звязана з тым, што вірус лягчэйшы, або з тым, што тых, хто захварэў, яшчэ будзе ў шмат разоў больш, бо мы пакуль не дайшлі да піку.

Ёсць арыенціровачны план на выпіску, ён ствараецца ў пачатку тыдня і адпраўляецца ў Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Там могуць яго не ўзгадніць і запатрабаваць павялічыць. Таксама, калі мы не ўклаліся ў гэты план, лаецца кіраўніцтва бальніцы, камітэт. Усё гэта вельмі нервова, непрыемна і перашкаджае працы, — кажа суразмоўца. — Але койка-дні былі і да кавіда, чым іх менш даецца на пацыента, тым больш людзей мы можам пралячыць.

Трэба разумець, што ніхто не прымусіць выпісаць чалавека, калі ён не гатовы да гэтага, хоць гэта таксама няпроста і патрабуе жалезных нерваў доктара.

Фота: Reuters

Фота: Reuters

Паводле слоў лекара, за ноч усе месцы, якія ў аддзяленні ўдалося вызваліць выпіскай, запаўняюцца новымі пацыентамі. Ужо пачынаюць з'яўляцца ложкі з хворымі ў калідорах аддзялення.

— У апошнія паўтары тыдні толькі за ноч у сярэднім паступае 8-10 чалавек у кожнае аддзяленне. Але магу сказаць, што ў рэанімацыі ляжыць менш людзей, чым у «Дэльта»-хвалю. Але яшчэ тыдні з два таму пацыенты паступалі ў больш лёгкім стане, чым цяпер, таму што «лёгкіх» цяпер адсейваюць у паліклініках або ў прыёмным аддзяленні. Да прыкладу, калі паступілі чалавек з тэмпературай і кіслародназалежны, то месца ў стацыянары аддадуць другому. І на кісларод ідзе ўсё больш людзей — верагодна, гэта звязана зноў жа з тым, што сярод насельніцтва ўсё больш хварэюць.

А ў Беларусі выбралі стратэгію перапрафілявання ложкаў для шпіталізацыі цяжкіх хворых. У той час як акцэнт павінен быць на прадухіленне заражэння тых, хто можа захварэць цяжка ці мае рызыкі памерці, — гэта вакцынацыя, сацыяльнае дыстанцыяванне, нашэнне масак.

Цяпер у бальніцы таксама хварэюць лекары.

— На мінулым тыдні многія захварэлі, да гэтага ачунялі, але захварэлі новыя супрацоўнікі. А пацыентаў шмат, нагрузка на дактароў падвышаная. Лекар, які працуе ў будні з пацыентамі, сыходзіць не ў 16 гадзін дадому, а калі скончыць усю працу з пацыентамі, іх аналізамі, яшчэ бываюць форс-мажоры. Часам чалавек сыходзіць з працы ў 19-20 гадзін.

Чытайце таксама:

Як каранавірус уплывае на зубы? Расказваюць медыкі

Як лячыць амікрон у хатніх умовах? Запісалі парады доктара Мартава

Як звязанае разняволенне афіцыйнай кавіднай статыстыкі з рэферэндумам па Канстытуцыі?

Чаму так рэзка вырасла колькасць выпадкаў каранавіруса? Вось што адказалі ў Мінздароўя

«Хто мне дасць бальнічны з тэмпературай 37?» Расказваем, як працуюць беларусы ў разгар «амікрона»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0