Фота: БЕЛТА

Фота: БЕЛТА

«Мне цяжка паверыць, што ўкраінцы свядома запусцілі тэхніку ўглыб нашай тэрыторыі на 40 кіламетраў, — кажа суразмоўца «Нашай Нівы». — Пры гэтым, куды запусцілі? У раён вучэнняў, ведаючы што там усё нашпігавана тэхнікай.

І што запусцілі? Тое, што паказана на фота, і беспілотнікам назваць нельга, адна назва. Гэта саматужны выраб. Наўмысна запускаць яго ў добра абароненую зону і спадзявацца, што ён вернецца — гэтага не можа быць.

«Што тычыцца мадэлі, то яе па фота не вызначыш: серыйныя і расійскія, і ўкраінскія выглядаюць інакш, — працягвае ваенны. — Усе тыя эксперты, якія ў гэтай машыне апазнавалі то расійскага «Арлана», то ўкраінскага Spectator'a, не маюць рацыі. Гэта ні першае, ні другое.

Мяркуючы па фота, наўрад ці корпус гэтай самаробкі з алюмінію ці дзюралю — выглядае, што ён пластыкавы. А пластыкавыя дэталі адліваюцца самастойна ў формах — просты працэс. 

У гэтай мадэлі няма аэрадынамікі: налупілі прамавугольных дэталяў, унутр сунулі просценькае жалеза, каб фоткаў і трымаў маршрут — ну і ўсё. Да высакакласнага дрона-шпіёна не падобны. 

Звычайна такія рэчы могуць выкарыстоўвацца для маніторынгу сваёй тэрыторыі з мэтай пошуку кантрабандыстаў, самагонных заводаў, актуалізацыі ландшафту».

Наш суразмоўца высоўвае прагматычную версію таго, што магло б адбыцца. 

«Мая думка заснаваная на практыцы, на тым, што я не аднойчы назіраў на свае вочы: праблема такіх саматужных беспілотнікаў у тым, што яны няякасныя і часта збіваюцца з маршруту.

Не ведаю, што там ва Украіне, але беларускія вайскоўцы самі такога тыпу дроны кляпалі і часта потым гублялі і шукалі з мясцовым насельніцтвам — добра, калі на сваёй тэрыторыі, а не на чужой, — кажа ваенны.

— Колькі такіх выпадкаў было, дакладна не скажу, але гісторый з іх пошукамі ў арміі гуляла шмат. 

Аналагічным чынам прыбалты згубілі свой беспілотнік на нашай тэрыторыі, у раёне Гожскага палігона, на граніцы з Літвой. Тады, здаецца, не падымалі шуму, выбачыліся. 

Беларуская армія таксама аднойчы ўмудрылася згубіць не толькі кустаршчыну, але і дарагі імпартны беспілотнік — паляцеў, і знік сігнал. Пачалі шукаць. Вось толькі не памятаю, ці знайшлі, але тады таксама гучала версія, што не можам знайсці, бо заляцеў да літоўцаў. 

Тут жа такая саматужная тэхніка, што можа нарабіцца што хочаш: знікла сувязь з цэнтрам кіравання, і ён паляцеў проста наперад. Або закралася памылка ў разлікі на адным месцы маршруту, і ён паляцеў бог ведама куды на наступным этапе маршруту». 

«Я думаю, калі гэта і ўкраінскі беспілотнік, то адбылося тое, што адбывалася дзясяткі разоў да таго — саматужная машына збілася з курсу падчас аблёту сваёй тэрыторыі, — мяркуе беларускі афіцэр. — Калі расійскі, то тлумачэнне падобнае — рабіў аблёт вучэбнай зоны, упаў. Ён можа быць і беларускім. Адназначна сказаць па знешнім выглядзе, чый беспілотнік збілі каля Брэста, немагчыма. І гэта для мяне пакуль няясна».

Таксама наш суразмоўца не выключае і варыянта, што беспілотнік мог быць запушчаны нейкім трэцім бокам — з тэрыторыі Украіны ці Беларусі.

«Магчымы ключык — аналіз таго, што ўнутры, — кажа вайсковец. — А я так разумею, што там усё даволі проста: камера і флэшка, якую потым забірае гаспадар. Наўрад ці дрон такога тыпу перадаваў інфармацыю анлайн. 

Не факт, што па гэтым вызначыш прыналежнасць, але ў тэорыі можна — гледзячы дзе пачаў здымаць. Аднак я не ўпэўнены ў тым, што нам кажуць з тэлевізара».

Чытайце: Праляцеў каля 40 км. Па БТ паказалі сюжэт пра нібыта ўкраінскі шпіён-беспілотнік

Як Украіна робіць стаўку на беспілотнікі ў абароне ад Расіі

The Insider: Збіты на беларуска-ўкраінскай мяжы беспілотнік — не ўкраінскі, а расійскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?