Як піша газета «Авангард», птушка трапіла ў дом пенсіянераў тры гады таму. Падчас урагану ў вёсцы Калініна зламалася старая ліпа з буслянкай, а з гнязда на зямлю выпалі двое птушанятаў. Іх падабраў пенсіянер Уладзімір Іванавіч.

Адно бусляня не выжыла, а другога сусед адвёз да ветэрынара. Аказалася, што ў яго пашкоджана крыло, а птушаня — дзяўчынка. Птушку вырашылі назваць Дашай.

З тых часоў птушка жыве з пенсіянерамі. Есць кільку і курыныя шыі. Узімку «на вуліцу і дзюбы не паказвае», а калі цяплее, з кошкай Кацяй гуляе па двары.

Выпусціць на волю птушку пенсіянеры не могуць: яна не прыстасаваная да жыцця ў дзікай прыродзе. Але не выключаюць, што могуць аддаць яе ў гадавальнік або заапарк, дзе птушка зможа знайсці сабе пару.

Даша вельмі любіць свайго гаспадара, і, па яго прызнанні, не адыходзіць ад яго ні на крок. Варта яму прылегчы — пачынае церабіць дзюбай па шавялюры.

Больш за ўсё ад яе ласкі пакутуюць шкарпэткі. Як прызнаюцца вяскоўцы, яны не паспяваюць купляць новыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0