«Твая задача — апранацца так, каб ніхто не падумаў, што табе 15»

«Наша Ніва»: Раскажы пра сябе. Ты ж з сям’і музыкаў, так?

Майкл Соўл: Так выйшла, што і мама, і тата, і нават хросны — музыкі. Тата займаўся гэтым спачатку проста для сябе, а пасля трапіў у цэнтр моладзевай творчасці ў Брэсце — маім родным горадзе — і там пры студыі стаў пісаць песні. У 1990-х паўдзельнічаў у праекце «Зорная ростань», і тады за яго ўзялася прадзюсар, цяперашняя жонка Пятра Ялфімава, Таццяна Касмачова. Яны планавалі паехаць на «Славянскі базар» у 1997 годзе, але, на жаль, тата разбіўся ў аўтакатастрофе.

Мама сканчвала музычную школу, пела ў хоры. Пасля ёй захацелася заняцца эстрадным спевам і так, праз студыю, яна з татам пазнаёмілася. Нейкі час пасля яго смерці яна займалася музыкай, працавала выкладчыцай, а потым гэтую справу кінула, бо праца няўдзячная і неаплатная, тым больш у невялікім горадзе.

«НН»: А цябе мама ад гэтай няўдзячнай працы не адгаворвала?

МС: Ніколі ў жыцці мая мама не адгаворвала мяне ні ад чаго. Яна разумела, што гэта цудоўна, калі ў дзіця ёсць свае жаданні, мэты, і ні ў якім разе нельга перашкаджаць. Дзіця само павінна паспрабаваць, набіць шышкі.

Мне нічога не забаранялі ў дзяцінстве, таму няма ніякіх канфліктаў з мамай — яна мой самы лепшы сябар і самы блізкі чалавек.

Яна магла штосьці параіць, але ніколі не казала, што я павінен штосьці зрабіць. З улікам таго, што ў яе была савецкая сістэма выхавання, калі яе прымушалі вялікай колькасцю рэчаў займацца, яна зрабіла роўна наадварот.

«НН»: Даўно быў у родным Брэсце?

МС: Перад ад’ездам у Кіеў, недзе ў чэрвені. Заязджаў забраць дакументы і пабачыць сваякоў. Але агулам у Брэст пасля свайго паступлення ў мінскі каледж у 14 прыязджаў раз на год.

«НН»: Як гэта — падлеткам жыць аднаму? Некаторыя толькі пасля 20 з’язджаюць ад бацькоў.

МС: Ну таму ў іх і не вельмі ўсё ў жыцці ідзе (усміхаецца). Насамрэч не бачу ў гэтым нічога дзіўнага, трэба прывучаць людзей быць самастойнымі. Вельмі часта сустракаю тых, хто моцна шкадуе, што жылі ўвесь час з бацькамі і ў 23 гады не ведаюць, як штосьці адмыць ці зашыць, бо за іх гэта хтосьці рабіў. 

Было першы час страшна, але з-за таго, што было цяжка з кватэрамі. Трэба было здымаць жыллё ў Мінску і на яго зарабляць. Я працаваў уначы ў караоке ці ў рэстаранах спяваў, а ранкам ішоў на пары.

«НН»: У 14 год падпрацоўваў?

МС: У 15 дакладна.

Я сам прасіўся ў рэстараны. Быў вельмі таленавіты і ўпарты, прыходзіў на праслухоўванні. Яны казалі: «Добра, твая задача — апранацца так, каб ніхто не падумаў, што табе 15».

На маім шляху трапляліся добрыя людзі, якія маглі прапанаваць мне выступіць на вяселлі. Разумелі, што мне патрэбны былі грошы. 

Ясна, што мама дапамагала першы час, але ў маіх сваякоў не было вялікіх грошай, дасылалі мінімальныя сродкі для падтрымання штаноў. А ўжо з гадоў 16 я цалкам сябе забяспечваў.

«НН»: Чыталі, што ты неяк выступаў у Кітаі за шалёныя грошы на карпаратывах.

МС: Гэта было ўжо пазней, пасля «Голасу краіны» [Майкл Соўл удзельнічаў яшчэ ў некалькіх украінскіх тэлепраектах — «Х-фактар», «Ліга смеху». — «НН»]. Мяне запрасілі на серыю канцэртаў у Кітаі, і я нядрэнна падзарабіў там. Калі ўзяць выступ у Беларусі і выступ там, то розніца — у нулях. На гэтыя грошы можна было купіць макбук.

У Кітаі гатовы плаціць за такі забаўляльны фармат. Для іх гэта крута — калі чалавек прыгожа спявае, незвычайна выглядае. А ў Беларусі ўсе спадзяюцца кавер-бэнд таннейшы ўзяць, каб ён яшчэ сэты чатыры адпрацаваў, кожны па гадзіне, і максімальна ашчадзіць. Не разумею, навошта тады запрашаць кавер-бэнды, калі можна на дыску ўключыць усе вашы любімыя песні. У нас няма індустрыі, няма культуры плаціць за талент. Гэта і зразумела: у краіне сродкаў вялікіх няма.

«У Беларусі называць сябе Майклам Соўлам — гэта будзе занадта тлуста»

«НН»: Адкуль такі псеўданім [сапраўднае імя спевака — Міхаіл Сасуноў. — «НН»]?

МС: Псеўданім з’явіўся даўно. Мы ездзілі выступаць у Польшчу на нейкі конкурс. Там было шмат англамоўных прадстаўнікоў з іншых краін. Ім трэба было неяк мяне называць, а Міхаіл Сасуноў крыху складана для іх вымаўлення. Мы правялі паралель, што Міхаіл — гэта Майкл. А калі яны пачулі, як я спяваю, сказалі: «Гэта ж соўл». Так яно і нарадзілася.

Але я нейкі час псеўданімам не карыстаўся. Мне падавалася: госпадзе, у Беларусі называць сябе Майклам Соўлам — гэта будзе занадта тлуста. А пасля падумаў: чаму б і не, цудоўна гучыць.

У годзе 2017 і стаў Майклам Соул.

«НН»: Як наогул занесла на ўкраінскую сцэну?

МС: Пачну здалёк. З 11 да 14 гадоў я практычна не спяваў: у мяне рана зламаўся голас. Але я слухаў шмат музыкі, глядзеў амерыканскія і брытанскія тэлевізійныя праекты. Мне здавалася, гэта так крута: вялікая сцэна, прыходзіць чалавек зніадкуль, выйграе шоу і робіцца зоркай. І потым бачу, што ва Украіне абвесцілі першы сезон «Х-фактару». Ваў! На той момант, з улікам таго, што у Беларусі нічога такога не было, мне захацелася сябе паспрабаваць. Знайшоў кантакты, падаў заяўку. Сказаў маме: «Мы едзем у Львоў, мне трэба на кастынг». 

Пасля гэтага кастынгу мне ніхто не тэлефанаваў. А я быў вельмі самаўпэўнены: не можа быць, каб не патэлефанавалі! Знайшоў на сайце СТБ нумар прэс-службы, набраў: хто адказвае за кастынг? Мне далі нумар. Аказалася, што я прайшоў, але да мяне не дазваніліся. Гісторыі з «Х-фактарам» магло не быць наогул.

«НН»: Дарэчы, пра беларускі «Х-фактар». Калі б запрасілі, паўдзельнічаў бы?

МС: (смяецца) Я не ўдзельнічаю ў гумарыстычных шоу, я вакаліст. Была «Ліга смеху», але гэта ў мінулым.

«НН»: Што даюць конкурсы кшталту «Голасу»? Многія ставяцца скептычна да іх, бо можна так і застацца проста ўдзельнікам, без працягу кар’еры.

МС: Звычайна нічога не даюць. Але ёсць некалькі «але». Па-першае, гэта вопыт для маладога і пачынаючага артыста, гэта, напэўна, адзіная магчымасць выступіць на вялікай сцэне, з добрым гукам, з пастаноўкамі. Пэўная школа, бо там ты спяваеш розны рэпертуар, шукаеш сябе. Па-другое, ёсць вялікая розніца паміж тым, калі гэтыя праекты толькі пачыналіся, і тым, што цяпер, калі ідзе 12-ы сезон.

Людзям гэта даўно не так цікава, як раней. І спевакі, якія ўдзельнічалі там калісьці, атрымлівалі нашмат больш выхлапу ад гэтага. Зразумела, што даросламу артысту там рабіць няма чаго. Заявіць пра сябе на тэлебачанні цяпер не прыносіць так шмат аўдыторыі, як гэта было раней.

«НН»: Ва Украіне даволі моцная музычная індустрыя. Чаму так, якія ў цябе назіранні?

МС: Краіна большая, больш магчымасцяў. Стаўленне іншае — тут паважаюць андэграўндную сцэну, плацяць нармальныя грошы артыстам, нават невялікім. Напэўна, яны проста змагаюцца за сваю самаідэнтыфікацыю, хочуць, каб у іх былі свае твары. Гэта ж крута, калі ў вас ёсць людзі як Манацік, Ціна Караль, Джамала, якія праслаўляюць краіну па ўсім свеце.

«НН»: У 2018-м табе забаранілі ўезд ва Украіну на тры гады. Што за гісторыя?

МС: Гісторыя дробязная. Здымаючыся ў праекце «Голас країни», я пратэрмінаваў тэрмін знаходжання ва Украіне на тры дні. Мне трэба было аплаціць штраф, я яго аплаціў, але ён чамусьці не залічыўся. І праз месяц я сядаю ў аўтобус, стаю на мяжы з Украінай, і мне кажуць, што праз неаплачаны штраф у мяне забарона на ўезд. За паўгода мы вырашылі гэта пытанне, падалі скаргу.

Вы не ўяўляеце, як тут гэта цяпер важна. Многія ж не ведаюць гісторыі і абураюцца: вось, вы дазволілі ў фінал «Еўрабачання» ўзяць чалавека, у якога была забарона ўезду на тры гады!

«НН»: Каго з беларускіх артыстаў слухаеш?

МС: Амаль не слухаю, бо, на жаль, у маіх любімых жанрах — соўл, дарк-поп — ніхто не выпускае музыку ў Беларусі. Але я паважаю тое, што робіць Шума, Val, NaviBand. Шуму ў прынцыпе магу паслухаць пад настрой, яна часам трапляе ў мой плэй-ліст.

«НН»: Ты неяк удзельнічаў у мова-чэлендж. Што цяпер з беларускай мовай?

«Я ледзь не памёр, але назаўсёды запомніў, што такое «бэз». Спявак Майкл Соўл расказаў, як вучыў беларускую мову на трэнажорах

МС: Шчыра скажу: у мяне нядрэнная адзнака была па беларускай мове, але я яе асабліва не ведаю. Я разумею яе цудоўна, але без асяродку, дзе людзі размаўляюць на гэтай мове, гаварыць на ёй немагчыма — ты ж не будзеш сам з сабой размаўляць. У Беларусі не памятаю ні разу, каб хтосьці ў краме ці ў банку загаварыў са мной па-беларуску. Таму ў мяне ўзровень разумення развіты ідэальна, а ўзровень размовы, на жаль, не.

«Комплексаў было куча, бо ў мяне даволі незвычайная знешнасць»

«НН»: Твой цяперашні вобраз — макіяж, незвычайнае адзенне — чаму такім склаўся?

МС: Ён пакрысе развіваўся і яшчэ, пэўна, трансфармуецца. Думаю, тут шмат розных фактараў — чымсьці натхняўся з моды, чымсці з кінематографу. Такі зборны вобраз.

Мне так падабаецца, мне так камфортна. Мне падаецца, што гэта прыгожа, у гэтым ёсць нейкая прыцягальнасць, экстравагантнасць.

Гэта ўсё прыцягвае вока. Я адчуваю, што гэта павінна быць так, і я так раблю. Мой вобраз — свайго роду твор мастацтва, як і песні.

«НН»: У звычайным жыцці, па-за сцэнай гэтак жа выглядаеш?

МС: Ды не. У жыцці я нашу чорныя вадалазкі і сінія джынсы і наогул не люблю колераў — гэта адцягвае ўвагу ад чалавека. Але я не магу вынесці на сцэну таго чалавека, якім я з’яўляюся ў жыцці: гэта не будзе нікому цікава, бо я такі ж, як і ўсе. Магу быць лянівым, стомленым, закрытым. А на сцэне мусяць быць іншыя людзі.

«НН»: У сацсетках ты пісаў, што раней меў шмат комплексаў. Што, напрыклад?

МС: Насамрэч я яшчэ не ўсе перамог, але мой псіхатэрапеўт працуе над гэтым (смяецца). Я наогул заклікаю людзей хадзіць на псіхатэрапію. Я калі назіраю, як склаліся жыцці некаторых дарослых, разумею, што калі б яны пайшлі да псіхатэрапеўта і вырашылі свае праблемы, магчыма, іх жыццё было б нашмат лепшым. Таму я рады, што ў нейкі момант вырашыў: напэўна, трэба расчысціць хлам у галаве, бо гарышча завалена.

Комплексаў было куча. У мяне даволі незвычайная знешнасць. У маленькім горадзе з такой знешнасцю, жаданнем спяваць, праяўляць сябе артыстычна, такім прозвішчам — госпадзе, столькі я выслухаў. Колькі я ў дзяцінстве выплакаў слёз, хто б ведаў. Цяпер мяне ўжо немагчыма давесці да слёз.

Мне заўсёды здавалася, што знешне я вельмі непрывабны чалавек. Я дагэтуль гэтым грашу: 15 хвілін буду стаяць у люстэрка і рашаць, паўніць мяне адзенне ці не. Увесь час скідаю вагу, сачу за скурай, каб яна была ідэальнай… Мае аднагодкі даводзілі мяне да такога стану, што мне падавалася, быццам я нікому не падабаюся.

Цяпер я так ужо не лічу. На працэнтаў 50 стаў сябе любіць, прымаць у любым выглядзе.

«НН»: А як бы ты хацеў, каб цябе людзі ўспрымалі?

МС: Ды, шчыра кажучы, ужо ніяк. У дзяцінстве мне хацелася падабацца, як і любому дзіцяці. Ты камунікуеш з падлеткамі, а яны вельмі жорсткія. Дзякуючы гэтаму ў мяне стала развівацца пачуцце гумару, бо разумеў, што інакш не магу прыцягнуць увагу. У мяне жорсткі сарказм, магу рэзка выказацца.

«НН»: Некалькі год таму ў інтэрв’ю ты расказваў, што любіш хадзіць на шопінг у брэндавыя буцікі Gucci, Dolce & Gabbana. Цяпер гэтаксама?

МС: Па-рознаму. Паверце, я і ў сэканд-хэнд магу спакойна схадзіць, калі там будуць класныя рэчы, я іх куплю. Таксама я ўмею шыць. Калі ёсць час, магу штосьці новае пашыць ці перарабіць старое адзенне.

Але чым добрыя брэнды? У іх свой непаўторны канцэпт, і ёсць некаторыя рэчы, якія ў мас-маркеце ты знайсці не можаш. Таму часам я магу адшкадаваць грошай і купіць штосьці дарагое і класнае. Бо я буду разумець, што гэта рэч рэдкая і яна мяне адлюстроўвае крута. Але наогул магу набываць рэчы ў любых крамах. Цяпер у інтэрнэце ў асноўным купляю, бо на сайтах большы выбар.

«НН»: Ці ёсць у цябе каханая дзяўчына?

МС: Нікога няма, і ўсё гэта зноў жа звязана з маім успрыняццем сябе. Я шмат абмяркоўваю гэта са сваім псіхатэрапеўтам (усміхаецца).

«НН»: Можа, проста больш трэба хадзіць у бары, каб знаёміцца?

МС: У мяне ў інстаграме была гісторыя ў тэму. Хтосьці напісаў: давай сходзім на каву. І я ў сторыз кажу: як я магу пайсці з невядомым чалавекам на каву, я ж не ўяўляю, хто гэта. У мяне спыталі: а як ты знаёмішся з людзьмі? І тут я разумею, што ніяк не знаёмлюся. Звычайна яны самі са мной знаёмяцца, па працы. У мяне ніколі не было мабільных дадаткаў для знаёмстваў.

Калі ў мяне былі праблемы з успрыняццем сябе, я нават не шукаў адносін. А потым ты прывыкаеш жыць у адзіноце, не гатовы браць адказнасць за іншага чалавека. Пакуль я хачу кар’ернага росту. Дый мой псіхатэрапеўт намякае, што мне яшчэ трэба працаваць над сабой.

«НН»: Цяпер этап «Еўрабачання». Што далей?

МС: Творчых планаў куча. 10 лютага выходзіць першая песня на ўкраінскай мове «Тільки тобі». У красавіку выйдзе англамоўны альбом пра сем смяротных грахоў.

Пра адбор на «Еўрабачанне» скажу максімальна шчыра: я паўгода таму пераехаў сюды, і гэта класны шанец заявіць пра сябе. Канечне, я хачу паехаць на «Еўрабачанне»: гэта класна — прадставіць сябе і краіну. Але я рэаліст і разумею, што шанцаў мала: наўрад ці хтосьці дазволіць беларусу паехаць за Украіну (усміхаецца).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?