Кадр з афіцыйнага трэйлера.

Кадр з афіцыйнага трэйлера.

Карціну «Мюнхен: на мяжы вайны» (Munich: The edge of war) разам стваралі кінематаграфісты з Брытаніі і Германіі. Самая вядомая персона ў акцёрскім складзе — уладальнік Оскара Джэрэмі Айранс («Лаліта», «Моцны арэшак», «Дом Gucci»), што бліскуча выконвае ролю брытанскага прэм'ера Нэвіла Чэмберлена. Галоўных герояў граюць брытанец Джордж Макей і немец Яніс Нівенер — не самыя вядомыя акцёры, але ў фільме яны ззяюць.

Нагадаем коратка гісторыю Мюнхенскай змовы (ці Мюнхенскага пагаднення, як яшчэ называюць гэты дакумент).

Пасля Першай сусветнай вайны развалілася Аўстра-Венгерская імперыя, і Чэхаславакія абвясціла аб суверэнітэце. Праз гэта немцы, што жылі ў краіне, больш не адчувалі сябе прывілеяванай нацыяй.

Найбольш вострай была сітуацыя ў вобласці Судэты, дзе немцы складалі 90% насельніцтва. Сярод іх набрала папулярнасць думка, што славяне — большасць грамадзян Чэхаславакіі — парушаюць іх правы, і немцы пачалі імкнуцца да ўз’яднання з Германіяй. Гэтага ж патрабаваў і Адольф Гітлер.

Заходнія лідары прадчувалі, што ўварванне гітлераўскіх войск у Чэхаславакію стане пачаткам вялікага канфлікту на кантыненце, таму пайшлі на саступкі.

30 верасня 1938 года кіраўнікі Брытаніі, Францыі, Італіі і Германіі падпісалі сумеснае пагадненне, згодна з якім Судэты перадаваліся Германіі. Прадстаўнікі Чэхаславакіі былі вымушаныя падпісаць гэтую дамову пад ціскам брытанскай і французскай дэлегацый.

Два чалавекі супраць вялікай трагедыі

Але ж новая стужка ад Netflix не толькі пра гэта. На фоне змовы аўтары карціны распавядаюць прыдуманую гісторыю двух сяброў — нямецкага дыпламата Паўля фон Хартмана і асабістага сакратара Чэмберлена Х’ю Легата. У рукі хлопцаў трапляе дакумент, які даказвае, што Гітлер не спыніцца на Судэтах і пажадае весці сапраўдную вайну на знішчэнне, таму нельга ісці з ім на дамову.

«Мюнхен: на мяжы вайны» — той выпадак, калі ты ўжо ведаеш, чым скончыцца стужка. Мюнхенскае пагадненне, якое часам называюць ганебным, не выратавала Еўропу і ўвесь свет ад самай вялікай на сёння вайны — можа, толькі дало час да яе падрыхтавацца. Аднак глядзець карціну ўсё роўна варта.

Сённяшняму гледачу можа падацца знаёмым адчуванне перадваеннай напружанасці, якім прасякнуты фільм. Здаецца, нешта падобнае ва ўмовах украінскага крызісу адчуваем цяпер усе мы, і таму пытанні, што ставіць перад намі стужка, гучаць яшчэ больш актуальна.

Восем фільмаў і міні-серыялаў пра тыранаў і дыктатуры, якія варта паглядзець

Фільм тыдня: «Паралельныя маці». Новая стужка Альмадовара, якой 9 хвілін апладзіравалі у Венецыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0