Фота: кадр з мультфільма «12 месяцаў»

Фота: кадр з мультфільма «12 месяцаў»

У казцы Самуіла Маршака законы часу парушыліся з-за наравістай каралевы, якой захацелася атрымаць пад Новы год падснежнікі. Супрацьстаяць дзяўчыне не змог нават прафесар, які ўвасабляў веды, вопыт і цвярозы розум. У выніку капрыз юнай каранаванай асобы з неабмежаванымі паўнамоцтвамі прывёў да прыроднай анамаліі.

У беларускай жа сітуацыі мэта рэжысёра падзей невідавочная. Няма такога кошыка падснежнікаў, які б его задаволіў… Бо легітымнасць немагчыма здабыць з дапамогай гвалту, ціску і бясконцых абразаў. Запужаныя, асуджаныя, збітыя, канечне, замаўчаць, але моўчкі будуць і ненавідзець.

Азірніціся назад і вы раптам зразумееце, колькі ўсяго здарылася не толькі ўнутры краіны. За апошнія паўтара года Беларусь выдала столькі інфармацыйных повадаў, каб быць згаданай у міжнароднай прэсе, колькі не выдавала за апошнія трыццаць год. Краіна, акрамя ўнутранай сітуацыі, прыцягвала сусветную ўвагу прымусовай пасадкай самалёта, мігранцкім крызісам, скандалам на Алімпійскіх гульнях і г.д.

Здаецца, калейдаскоп падзей закручаны толькі дзеля самога шалёнага тэмпу. Каб у нас не было часу асэнсаваць, зразумець і дзейнічаць. Тактыка ўзмацнення напружання накіраваная на тое, каб не паспелі спахапіцца.

Так дзейнічае баксёр, разумеючы, што супернік вось-вось зваліцца ў накаўт. Ён укладвае ўсю моц у серыю фінальных удараў, спадзеючыся датэрмінова скончыць бой. Аднак мы не на рынгу, і барацьба не абмяжоўваецца дванаццацю раўндамі.

Некаторыя эксперты лічаць, што тактыка прывядзе да аб’яднання сілавікоў і прыхільнікаў улады. Але ж, як сведчыць даследаванне Chatham House, быстыён Лукашэнкі і так мабілізаваны, наколькі гэта магчыма для даволі інэртнай часткі насельніцтва.

Адначасова палярызацыя ў беларускім грамадстве дасягнула піку: пратэстоўцы ненавідзяць прыхільнікаў улады і наадварот. Такіх варожых узаемаадносінаў не назіраецца паміж іншымі сацыяльнымі групамі.

Градус павышаецца. Па даных сацыёлагаў, 87% пратэстоўцаў не лічаць, што знаходзяцца ў бяспецы, тое ж самае адчуваюць 39% «нейтралаў» (32% з іх не змаглі ці не захацелі адказаць на пытанне).

На гэтым неспакойным фоне Лукашэнка ў Пасланні народу больш за трыццаць разоў узгадвае вайну. Самы час занепакоіцца і прыхільнікам улады…

Але ж уздымаць стаўкі бясконца немагчыма. Напружанасць у грамадстве знаходзіцца на піку, і мы падыходзім да чырвонай рысы. Вось-вось пачнуцца беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні, а менш чым праз месяц павінен адбыцца рэферэндум.

То-бок краіна знаходзіцца на ростанях. Верагоднымі падаюцца некалькі сцэнарыяў. Напрыклад, калі беларускія вайскоўцы прама ці ўскосна возьмуць удзел у агрэсіі супраць Украіны, то гэта можа выклікаць абурэнне не толькі Захаду, але нават «бастыёна Лукашэнкі» і, самае жудаснае для ўлады, — часткі наменклатуры. Вайсковая аперацыя можа парушыць хісткую раўнавагу і выклікаць непрадказальныя дзеянні. Дакладна немагчыма спрагназаваць рэакцыю на ахвяры з таго ці іншага боку, але гэта бачыцца рубіконам, пасля якога краіна ўвойдзе ў зону мацнейшай турбулентнасці.

Хутчэй за ўсё (спадзяюся, што так і адбудзецца), вучэнні скончацца фірмовым бразганнем зброяй, аднак адразу ўзнікне новая развілка: ці сыдуць расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі? Калі застануцца, то колькі? Што яны будуць кантраляваць? Дзе прысутнічаць? Ад адказаў залежыць, ці можна будзе назваць гэты манеўр акупацыяй. Відавочна, што рэакцыя беларусаў будзе менш нервовай, але напружанасць павялічыцца, Захаду прыйдзецца рэагаваць, ды і ўлада сама будзе не ў захапленні.

Нарэшце, трэці варыянт прадугледжвае, што вучэнні заканчваюцца і расійскія войскі пакідаюць тэрыторыю Беларусі. Прыйдзецца праводзіць рэферэндум, які скончыцца прадказальным вынікам і наўрад ці здыме напружанасць. А вось што будзе потым, пытанне цікавае, бо мы вяртаемся да цяперашняга становішча з рэпрэсіямі, нявырашаным сацыяльна-палітычным крызісам і адтокам эканамічна актыўнага насельніцтва.

Аўтар «Дванаццаці месяцаў» не вырашыўся парушаць чаргу ў порах года, а толькі паскорыў змены. Пасля лета паліў восеньскі дождж, потым пачалася завіруха, а каралева засталася без прыдворных, на марозе, без цёплага адзення.

Па іроніі лёсу ёй прыйшлося прасіць дапамогі ў простай дзяўчынкі, якая выконвала яе кветкавыя капрызы, што супярэчыла ўсім законам прыроды.

Чытайце таксама:

А вы нейтрал? Ад двух фактараў залежыць, як пройдзе рэферэндум

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0