«У свеце чакаецца, што інфляцыя будзе зніжацца да канца бягучага года. Гэтага чакаюць практычна ўсе цэнтральныя банкі. Мы таксама чакаем істотнага запаволення інфляцыі, і наша мэта — паблізу 6%. Ёсць усе падставы меркаваць, што агульнымі намаганнямі мы зможам забяспечыць той узровень, які запланаваны», — сказаў кіраўнік Нацбанка.
Калаўр сказаў, што такога ўзроўню дасягнуць няпроста, бо ёсць імпартаваная інфляцыя.
«У свеце ўсе краіны, і нашы суседзі, перажываюць гэты непрыемны перыяд інфляцыі. У некаторых краінах рэкорды 30-гадовай даўніны. Цэнтрабанкі цяпер будуць прымаць меры па ўзмацненні сваёй палітыкі», — дадаў ён.
Паводле яго прагнозаў, у I квартале гэтага года інфляцыя ў Беларусі выйдзе на своеасаблівае плато.
«Будуць нейкія нязначныя адхіленні ад таго ўзроўню, які мы маем цяпер. Да іх трэба ставіцца спакойна, паколькі меры, якія прымаюцца і сусветнымі цэнтральнымі банкамі, і намі, урадам, працуюць з пэўным лагам. Ёсць перакананасць, што валацільнасць, якая будзе ў першым квартале, зменіцца ўстойлівым трэндам па зніжэнні інфляцыі і дасягненнем мэты да канца года», — сказаў Павел Калаўр.
На 2021 год урадам планаваўся ўзровень інфляцыі ў краіне ў 5%. Але па выніках года ён быў роўна ў два разы большы ‒ 10%.