Сёння мы выбралі для вас новыя вершы Андрэя Хадановіча, Усевалада Сцебуракі. І — мы ніколі не публікавалі раней яе вершаў — маладой паэткі Маргарыты Марозавай. Гэта юны і свежы, не падобны да іншых паэтычны голас.
Андрэй Хадановіч. Версія
Пачарнелымі ад жыццёвых святаў вачыма
пагляджу на ўсё, што завецца гэтым жыццём,
падзялюся з кімсьці планамі і, магчыма,
насмяшу кагосьці з гумару пачуццём.
Пазбіраю да купы выклятыя пытанні,
каб забіцца не ў родны кут, а ў часовы сквот
і выплакваць свету свае — каб… каб… каб… — жаданні,
як пабіты часам рымскі вадаправод.
Каб візіты блізкіх — не толькі праз тэлефоны,
каб вясна штогод прыходзіла за зімой.
Каб любіць свабоду не толькі ў краіне зоны,
у краіне, дзе кожны прынц — са сваёй турмой.
Каб рыдалі ад смеху з сябе, а ў фінале — ад шчасця,
каб не стрэліў ніхто, хоць ва ўсіх на сцяне ружжо,
і не трэба гадалак, бо ўсе магчымыя масці
нам прарочаць на заўтра, што сёння робім ужо.
Каб жыццё не дзялілі на першае і другое,
па-дзіцячы любілі марозіва і кіно,
каб дарыць паспявалі самае дарагое,
перш чым танным і непатрэбным стане яно.
Каб фанатык усіх рэлігій абняў зняверца,
наступалі б на граблі з карысцю для галавы.
Каб на ўсе памылкі хапіла часу і сэрца —
нарабіць і выправіць, покуль дурны і жывы.
Каб не плакаць па любых, якім няблага наверсе,
каб наверсе не хвалявацца, як там зямля.
Госпадзе, жыць у тваёй рэжысёрскай версіі,
а прадзюсары хай жывуць у тым, што пасля.
Усевалад Сцебурака
* * *
Шкода мне тых, хто не мае нагі,
ці ўласнай сваёй гасподы,
тых бедакоў, што не маюць грашэй,
(хоць гэта і не заўсёды).
Я б ім на картку закінуў рубля,
падтрымаў па гарачым нумары,
ды адусюль бы я гнаў узашэй,
тых, хто не мае гумару.
Тыя, хто усё ўспрымае ўсур'ёз,
усе, хто не цяміць жартаў —
горшыя значна за педыкулёз,
і пазбягаць іх варта.
Дзе б ні сустрэў ты такі экзэмпляр
лепш уцякай дахаты,
аб паразуменні нават не мар
і не ўступай ў дэбаты.
Можна мець справу з любым дзіваком,
пры пэўным падборы лекаў,
але бяссільныя захады ўсе
перад такім калекам…
Маргарыта Марозава. Фота з яе старонкі ў фэйсбуку.
Маргарыта Марозава. 2021
а што па выніках?
разадраныя негатывы
мутацыі моўнага апарата
у горле захрасла птушынае «р»
і яшчэ гэта горкае
р а з в і т а н н е
пялёсткі ружы
берасцейская кава
менскае допіа на вяршках
колер памады чырвоны
памада не мая
піва лідскае пшанічнае
кола вядома не дыетычная
пах новапашытых майткоў
пах школьнай формы
пах разагрэтых паўфабрыкатаў
у кладоўцы невялічкай крамы
буйнога народнага брэнда
у памяці эпізоды
шматсерыйнага дэтэктыву
месца дзеяння парк горкага
за касіркай на батуце
палюе маньяк і менская
міліцыя
на языку на зубах у лёгкіх
мальбара голд
сабраніе белае
кэмел жоўты
кэмел чарнічны
парламент
але вынік які?
менская сцэна на смак
як водка са швэпсам
як напой у стаканчыку Міці
фаната марціновіча
як пот незнаёмцаў
і прыгожых дзяўчат
у топіках
па выніку я недзе ў цэнтры сусвету
у цэнтры слэму
там дзе песні галанцерэі не такія
аднолькавыя
словы высновы згубіліся недзе
паміж калоссем у полі
паміж каліўцамі бульбы
якую пасадзіла, але сабраць
не паспела
у галаве гукі птушынай мовы
аб’явы ў самалётах і цягніках
скрып штрасэнбанаў
крык прадавачкі на
птушыным рынку
не, я яшчэ не забыла, што
недзе ў свеце мне засталася спадчына
недзе ляжыць мая падлога
з іртуццю ў шчылінках
па выніку да падрапаных негатываў дадаліся новыя
па выніку свет расфарбаваўся ў колеры адзення
прыгожых сяброў
час стаў прасторай
месцам куды я ніколі не траплю
і мяне гэта не пужае
па выніку я сяджу ў будынку
даваеннага часу
і нічога не хочацца
мо толькі закахацца.





