«Памятаю, паклала ёй ручнік пад галаву, і праз гадзіну ён быў цалкам мокры»

Калі ў 21-гадовай Алены захварэла маці, яна вельмі добра разумела, што адбываецца ў яе арганізме. Мінчанка вучыцца на доктара-эпідэміёлага, і пра каранавірус яна ведала нашмат больш, чым іншыя людзі.

Вольга. Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

Вольга. Фота: уласны архіў гераіні публікацыі

«Маці звалі Вольга, ёй было 57 год. З 2004 года яна мела аўтаімуннае захворванне — рэўматоідны артрыт, — расказвае Алена. — Апошнія некалькі год яна нават на вуліцу не выходзіла, так было цяжка. Калі прыйшоў каранавірус, яна была ў стане субкампенсацыі. То-бок частка захворвання была кампенсаваная лекамі».

Першыя паўтара года пандэміі Алена і яе брат максімальна стараліся выконваць усе правілы бяспекі і прафілактыкі. Прышчэпку маці зрабіць не магла з-за артрыту, які ў нейкі момант абвастрыўся.

«Так здарылася, што ў нас ва ўніверсітэце была ўспышка захворвання ў групе. Якое дыстанцыйнае навучанне… Нас адправілі працаваць у бальніцы, дзе бушаваў кавід, — успамінае Алена. — Таксама з намі жыве мой стрыечны брат. Можа быць, нейкім чынам вірус прынёс ён. Хто цяпер ведае»

Алена, яе брат, бабуля і іх мама захварэлі практычна адначасова — у кастрычніку 2021 года

«Мы з братам перанеслі ўсё ў лёгкай форме, а вось мама і бабуля — досыць цяжка. У бабулі потым было 50-працэнтнае паражэнне лёгкіх, а ў мамы сітуацыя была яшчэ цяжэйшая, — кажа дзяўчына. — У яе адразу паднялася высокая тэмпература, пачаўся кашаль, на другі дзень — жорсткія хрыпы, калі я слухала. На наступны дзень зніклі пахі і ў яе, і ў мяне».

Доктарка прыйшла раніцай 7 кастрычніка. І адразу сказала, што гэта каранавірус. Яна ўзяла мазкі і дала раздрукоўку з рэкамендацыямі, як лячыцца.

«Мама чамусьці лічыла, што гэта не так, мусіць, гэта было адмаўленне, — успамінае дзяўчына. — У гэты дзень у мяне быў дзень нараджэння. Вось так мы яго і адсвяткавалі…»

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Першыя хвілін дзесяць я проста сядзела і не магла зразумець, што адбылося»

Шэсць дзён у Вольгі трымалася тэмпература. Збіць яе было немагчыма.

«Парацэтамол можна піць кожныя 4—5 гадзін, а яна выпівала, і праз дзве гадзіны ў яе зноў была тэмпература. Пацела вельмі шмат. Памятаю, што паклала ёй ручнік пад галаву, і праз хвілін сорак ён быў цалкам мокры. Яна не ела, амаль не размаўляла і вельмі дрэнна спала, — успамінае дачка. — Сатурацыя ў яе падала не так хутка, як у многіх.

Рэч у тым, што маці да хваробы на артрыт і інваліднасці была опернай спявачкай. Яна і на пенсіі шмат спявала, таму ёмістасць лёгкіх у яе была вялікая. Таму сатурацыя і трымалася».

12 кастрычніка Вольгу забралі ў бальніцу. Два дні яна была проста ў палаце пад вялікай колькасцю кіслароду. Потым — рэанімацыя.

«Быў Дзень маці, мы з ёй размаўлялі якраз. Прыйшла медсястра і сказала, што яе вязуць у рэанімацыю. Я адразу ў слёзы. Мама не плакала, яна мяне проста слухала. Я ёй казала, што яе вельмі люблю і што яна паправіцца. Больш мы з ёй ужо не размаўлялі», — плача Алена.

Наступны тыдзень дзяўчына штодня тэлефанавала ў рэанімацыю і пытался пра стан мамы. Аднойчы ёй адказалі, што Вольгі ў рэанімацыі няма, а праз некалькі дзён паведамілі: яе мама ляжыць на апараце ШВЛ.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Яна правяла на апараце шэсць дзён, — кажа Алена.— Мы з мамай былі вельмі блізкія людзі. І я яе адчувала ўвесь час. 21 кастрычніка ў 12:40 я патэлефанавала ў бальніцу, мне сказалі, што доктар у чырвонай зоне. А я адчуваю, што нешта не так. Праз пяць хвілін мне набраў доктар і паведаміў, што мамы больш няма.

Першыя хвілін дзесяць я проста сядзела і не магла зразумець, што адбылося. Потым мяне накрыла, закрычала і пачала плакаць. А праз месяц накрыла яшчэ больш… Я да гэтага часу знаходжуся на лячэнні. Цяжкі стан, дэпрэсіўны».

Хавалі маці Алены ў закрытай труне. Дзяўчыне так было лягчэй перанесці гэты момант. Хоць супрацоўнік фірмы рытуальных паслуг паведаміў, што пахаванне можна праводзіць і з адкрытай труной.

«Супрацоўнік з рытуальных паслуг сказаў, што ўсе целы апрацоўваюцца нейкім спецыяльным растворам, таму хаваць можна і ў адкрытай труне, але дакрануцца будзе нельга, — цяжка гаворыць Алена. — Я ўвесь час плакала на пахаванні, мне было вельмі дрэнна. Амаль не адыходзіла ад труны.

Яшчэ у мяне знаёмыя працавалі ў моргу ў кастрычніку 2021-га, і яны казалі, што вельмі шмат людзей, якія да іх туды паступалі. Я вырашыла адправіць цела на анатамаванне, мне было цікава, якая была прычына яе смерці. Але адмовілі з-за вялізнага патоку людзей».

Заключэнне аб смерці ў той момант рабілі на аснове выпіснога эпікрызу. У Вольгі было напісана, што прычынай стала сардэчна-лёгачная недастатковасць.

«Мне мама расказвала, як яе лячылі ў бальніцы. Яна яшчэ да хваробы прымала гармоны ад свайго захворвання, і ёй ў бальніцы паралельна давалі іх жа. Гэта значыць, яна атрымлівала двайную дозу, — кажа Алена. — Яе гэта не задавальняла, але дактары ўсё рабілі па схеме. Ставілі глюкозу, а глюкоза ў спалучэнні з яе таблеткамі была супрацьпаказаная.

Ёй увесь час рабілі гэтыя кропельніцы, бо такі быў пратакол. Каб у выпадку чаго ніхто нічога не прад’явіў.

Я не вінавачу лекараў, але асаблівасці трэба ўлічваць. Мяне вельмі злавала, што не магу прыехаць і настаяць на гэтым. І я нават сябе за гэта вінаваціла…»

«Тата ў мяне быў здаровым, сачыў за сабой»

Каранавірус прыйшоў у сям’ю 43-гадовай хатняй гаспадыні Любові ў снежні 2020-га. Вірус падчапіў яе бацька Уладзімір. На той момант мужчыну было 68 год.

Фота: уласны архіў

Фота: уласны архіў

«Калі мы даведаліся, што кавід гэта такая смяротная хвароба, бацька стаў менш знаходзіцца ў якіх-небудзь памяшканнях. Напрыклад, перастаў наведваць лазню, — успамінае мінчанка. — Хадзіў у асноўным толькі на працу, ён выкладаў у каледжы. Мы не ведаем, дзе ён захварэў. Можа, ад дзяцей тут нашых набраўся, а можа, на працы заразіўся».

Хвароба пачалася з болю ў горле і тэмпературы. На пачатку снежня Уладзімір злёг. За ім і маці Любові. А потым і ўсе астатнія.

«Пахі, дарэчы, у нас ва ўсіх у сям’і зніклі адразу», — кажа жанчына.

Праз некалькі дзён хваробы Любові патэлефанаваў бацька і папарасіў прыехаць, прывезці лекі. Адчуваў ён сябе вельмі кепска. Маці пераносіла каранавірус адносна лёгка.

«Ён не мог нічога есці, моцна кашляў, — кажа жанчына. — Доктар у яго быў у гэты дзень, але тэст ніхто не зрабіў. На наступны дзень я патэлэфанавала загадчыцы паліклінікі і патрабавала, каб яму зрабілі тэст. Быў цэлы скандал. Але ўсё ж такі я дабілася. І праз некалькі гадзін тату паклалі ў шпіталь, там зрабілі КТ і без тэста пацвердзілі: гэта «карона». У яго было трыццать працэнтаў паражэння лёгкіх».

Калі Уладзімір трапіў у шпіталь, першы час ён з цяжкасцю размаўляў. Таксама былі складанасці з кішэчнікам: мужчына нават абмяжоўваў сябе ў ежы. Бальніцы ён не любіў і нават некалькі разоў парываўся сысці дадому. Дачка лавіла бацьку на прыступках і ўгаворвала застацца. Праз пару дзён яму стала лепей. Але на 12-ы дзень рэзка пагоршала.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Я сама перахварэла на каранавірус. Акрыяла — і якраз мне патрэбна было з’язджаць у Польшчу, — расказвае яна. — Патэлефанавала доктару, каб удакладніць, які стан у бацькі. Ён адказаў, што нармальны. У той самы дзень, калі я з’яджала, тату перавялі ў рэанімацыю, дзе ён прабыў яшчэ тыдзень проста пад кіслародная маскай. Ён пазваніў мне і сказаў, што там і памрэ, маўляў, не выйдзе з рэанімацыі…. Потым яму стала горш, два дні ён быў на ШВЛ».

22 снежня Любоў патэлефанавала доктару, каб даведацца, як яе бацька. Ёй адказалі, што стан Уладзіміра ўсё горшы і горшы. Тады Любоў спытала: «Ён памірае?» І пачула: «Так».

«Праз гадзіну патэлефанаваў брат і сказаў, што таты няма, — плача жанчына. — На пахаванне прыйшлі студэнты таты з каледжа. З усімі было чалавек 25. Труна адкрытая, людзі былі ў пальчатках і масках. Памінальны стол не рабілі, каб ніхто не захварэў. Дамовіліся, што потым збяромся.

Я падышла да таты, пацалавала яго. Інакш я не змагла, на «карону» я тады ўжо перахварэла. Выглядаў ён нармальна, не магу сказаць, што неяк змяніўся».

«Матуля вельмі кахала тату. Яна проста страціла цікавасць да жыцця пасля таго, як бацькі не стала»

У медыцынскіх дакументах прычынай смерці ўказалі прагрэсаванне паліорганнай недастатковасці на фоне інтаксікацыі, спыненне кровазвароту, ацёк галаўнога мозга.

«Тата ў мяне быў дастаткова здаровы, ён за сабой і здароўем сачыў, быў спартовага складу. Каб не кавід, ён бы жыў і жыў, Але вось так атрымалася, не здолеў ён выбрацца. Таксама ў сакавіку 2020 года ад кавіду памёр стрыечны брат таты, а ў лістападзе гэтага, 2021 года, яшчэ і цётка пайшла з жыцця», — кажа Любоў.

Вельмі цяжка перажывала сыход з жыцця Уладзіміра матуля Любові. Яна ўсё трымала ў сябе: перажыванні і эмоцыі. Пасля хваробы на карону і пасля смерці бацькі ў жанчыны раптам знайшлі анкалогію.

«У яе былі павышаныя паказчыкі ў некаторых аналізах, але ніхто нават падумаць не мог пра рак. Такі дыягназ ёй не ставілі, — кажа жанчына. — Мусіць, пасля смерці бацькі ў яе нейкі працэс пайшоў. То-бок я вярнулася, пахавала тату і дамовілася з матуляй, што вяртаюся да дзяцей ў Польшчу і падумаю, як яе перавезці да сябе.

Нейкі час маці жыла адна, але да яе прыходзілі мае знаёмыя, сяброўкі. Праз два месяцы яна пачала вельмі стамляцца, губляць вагу. Паклалі яе ў бальніцу. Высветлілася, што ў маці пухліна страўніка. Я прыляцела ў Беларусь.

Дактары сказалі, што пухліна была вельмі агрэсіўная і што стрэс справакаваў хуткае развіццё. Матуля вельмі кахала тату. Яна проста страціла цікавасць да жыцця пасля таго, як бацькі не стала…»

«Ніяк усё не атрымлівалася пахаваць матулю. Яна памерла 5 мая, тады былі дажджы, Пахавалі толькі 21-га, а 23-га я ўжо з’ехала ў Польшчу. Як адлятала з Мінска, то ў гэты дзень і амаль час пасадзілі самалёт з Пратасевічам. Ледзь паспела», — кажа Любоў.

Чытайце таксама: У Беларусі зноў пачала расці колькасць новых выпадкаў кавіду. А што ў суседзяў? ГРАФІКІ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0