«У адносінах мужчына мусіць быць гарантам надзейнасці, а ў нас матрыярхат»

Алесь Таболіч, тату-майстар і лідар гурта Znich:

«У Беларусі матрыярхат. Гэта самая галоўная адметнасць ментальнасці беларусаў. Большасць жанчын бярэ на сябе мужчынскія абавязкі. 

У гэтым можа быць адна з прычын прайгранай рэвалюцыі 2020 года, бо шмат мужчын у нас баязлівыя.

Аднойчы калі быў мітынг, я выйшаў у сябе на мікрараёне, каб пазнаёміцца з людзьмі, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, і не знайшоў мужыкоў увогуле. Стаяла 30-35 жанчын і адзін стары. Спытаў: «Дык а дзе вашы мужыкі?» У адказ пачуў: «А яны працуюць».

Калі казаць пра прыгажосць, то ў нас адны з самых лепшых жанчын. Можа, толькі з украінкамі можна параўнаць. Адзінае, што мала выхаванасці ў дзяўчат у адносінах да мужчын. У адносінах мужчына мусіць быць гарантам надзейнасці, а атрымліваецца наадварот, што яны па-за жанчынай.

У нас, дарэчы, шмат беларускамоўных гуртоў, дзе жанчыны — вакалісткі і дырэктаркі.

Каханне… Ведаеце, што такое каханне? Гэта натхненне. Я веру ў каханне, гэта тое, што дае сілы для жыцця. Проста ў мяне на дадзены момант нікога няма, я сам па сабе.

Рамантычныя ўчынкі, канечне, былі. Я ж сам мастак. Вось як людзі малююць карціны і выстаўляюць іх для ацэнкі, так я люблю рабіць эфект «ваў, як крута» сваімі ўчынкамі. Я люблю кветкі дарыць. Не звычайныя ружы, а сланечнік, напрыклад, ці валошкі. Каб гэта было не так, як ва ўсіх. 

Калі ты робіш ад сэрца нешта простае, без усякіх пампезнасцяў, але прыгожае, гэта падабаецца дзяўчыне. Мы забываемся, што прыемныя моманты могуць быць кожны дзень, не толькі на дзень нараджэння. Проста патэлефанаваць, падтрымаць — гэта такія рэчы, пра якія людзі забываюцца».

«Калі беларуская дзяўчына кліча на каву, гэта або канкрэтны падкат, або яна даўнішняя сяброўка сям’і»

Дзяніс Дудзінскі, шоумен:

«Апошнія месяцы я жыву ва Украіне, і некаторыя назіранні мяне здзівілі. Напрыклад, украінскія дзяўчаты абсалютна спакойна могуць першымі ісці на кантакт. І ты не заўсёды разумееш: гэта падкат ці знаёмства дзеля знаёмства?

Дзяўчына можа проста падысці і пачаць размову. Ладна гэта, а пасля табе пачынаюць пісаць: «Як справы, а мы тут з мужам на рыбалку паехалі». І некалькі дзён запар табе расказваюць пра ўсё жыццё, а пасля завуць у госці з жонкай.

Калі ўкраінская жанчына піша табе: «А хадзем на каву», — хутчэй за ўсё, гэта будзе азначаць проста паход на каву. Ты яе зацікавіў, і вы проста размаўляеце. Вось гэты момант свабоды і лёгкасці ў пачатку камунікацыі я ні ў Еўропе, ні ў Беларусі не бачыў.

Калі беларуская дзяўчына кліча на каву, яна хутчэй за ўсё кліча на спатканне. Гэта або канкрэтны падкат, або яна даўнішняя сяброўка сям’і, якой, напрыклад, трэба выгаварыцца. І тое ў яе мужчыны ўзнікнуць падазрэнні: чаго гэта яна табе піша, тэлефануе?

Асабіста для мяне каханне — гэта жаданне быць разам. Калі яна сыходзіць на працу ці з сяброўкамі сустрэцца, ты быццам рады, што цяпер у кватэры пабудзеш адзін, але ўжо праз гадзіну-другую пачынаеш тэлефанаваць і пытацца: ну што там, а калі дадому? Пачынаеш прыдумляць, што б прыемнае зрабіць да яе прыходу.

Я, напрыклад, ніколі не гатаваў, але вось апошнія некалькі год спрабую. Ці іду ў краму, ведаючы, што яна любіць пэўнае віно. Ці, ведаючы, што яна не любіць пыл і смецце, пыласошу. Нядаўна схадзіў купіў кіло радыскі — сам я яе не ем, але Каця захацела.

Гэта самы інтымны ўчынак у сямейным жыцці — схадзіць купіць радыску (усміхаецца)!

Жаданне ўвесь час думаць пра чалавека, засынаць разам, дакранацца, казаць недарэчныя словы, называць дзіўнымі імёнамі… Такое поўнае пранікненні адно ў адно — маральнае, інтэлектуальнае. Вось так я бачу каханне.

Ясна, што эратычны падтэкст прысутнічае, але ўсе мы дарослыя людзі, разумеем, што праз некалькі год ён адыходзіць на другі план. На першы план эмацыйна-інтэлектуальная любоў выходзіць. Табе дрэнна, калі ёй дрэнна, і ты стараешся зрабіць усё магчымае.

Я толькі пасля 40 пачаў разумець, што значыць аддаць жыццё за іншага. І цудоўна, што я атрымліваю тое самае ў адказ».

«З жонкай пазнаёміўся нестандартна — папрасіў патрымаць свой заплечнік у бары»

Павел Гарадніцкі, акцёр і музыка гурта «РСП»:

«Беларускі вельмі розныя. Ёсць дзяўчаты, якія чытаюць кніжкі і якія не чытаюць, якія ходзяць у клубы і якія сядзяць вышываюць. Сярод замежнікаў ёсць меркаванне, што нашы дзяўчаты лёгкадаступныя. Але, мне здаецца, гэта стэрэатып.

Нашы дзяўчаты крутыя — прыгожыя, разумныя, таленавітыя.

Са сваёй жонкай я пазнаёміўся нестандартна. Папрасіў яе патрымаць свой заплечнік у бары «Хуліган» і выйшаў з кімсьці размаўляць.

Я тады быў у добрым настроі, крыху нападпітку і забыў наогул пра заплечнік. Калі вярнуўся хвілін праз 40, яна стаяла чакала. Думаю: якая класная прыгожая дзяўчына. Дзіўна, што яна не паслала мяне ў той момант.

Аказалася, яна ведала мяне па тэатры. Убачыла ў спектаклі і тады для сябе птушачку паставіла, што «ён будзе маім мужам».

Каханне — гэта калі ты сустракаеш чалавека, і пасля знянацку разумееш, што табе без яго кепска. Табе хочацца яго бачыць, цягнуцца да яго, тэлефанаваць беспрычынна. Патрэба, якая адчуваецца на фізічным узроўні, як недахоп кіслароду — ты задыхаешся без чалавека.

У нас з жонкай была вельмі рамантычная перапіска. Як мы пазнаёміліся, я літаральна праз некалькі дзён паляцеў на гастролі ў Аўстралію. У нас былі розныя гадзінныя паясы, але мы знайшлі зручны для нас дваіх час, стэлефаноўваліся па скайпе і адзін аднаму ставілі сваю ўлюбёную песню слухаць. Пісалі шмат лістоў электронных. 

А потым яна зрабіла мне вельмі рамантычны падарунак на дзень нараджэння. Такі цікавы квэст — на вуліцы стрэлачкі, намаляваныя фарбай, паказвалі, куды мне ісці. Я не памятаю, што за падарунак быў, але я запомніў гэты шлях да падарунка.

Наогул трэба рабіць адно аднаму сюрпрызы. Пажадана без нагоды.

Калі нейкая пара распадаецца праз палітыку, думаю, у іх і да гэтага разлады былі. Не можа ў адзін момант выкрысталізавацца, што аказваецца, я жыў з чалавекам, які абсалютна дыяметральны светапогляд мае на тое, што ёсць добрае і дрэннае. Палітыка — гэта ўжо другасная прычына».

«Як мужчына павінен рыхтавацца да спаткання? Душ, чыстыя зубы, чыстая вопратка — што яшчэ патрэбна?»

Антон, лідар каманды і настаўнік у «Яндакс»:

«Закаханасць — гэта калі ты бачыш чалавека, і ў цябе сэрца пачынае біцца хутчэй. Калі вас аб'ядноўвае не толькі цяга аднаго да аднаго, але і жаданне з гэтым чалавекам праводзіць увесь вольны час.

Ніколі праз ціндар не знаёмлюся, бо вельмі шмат часу будзе страчана на размовы з усімі, а вынік ад гэтага будзе невялікім. Губляецца час, каб завязаць гутарку, пазнаць адно аднога і спадабацца, але гэта яшчэ не першае спатканне, тут нельга адразу адчуць, што гэта за чалавек.

А калі ты падыходзіш на вуліцы і пачынаеш размаўляць, то бачыш, як дзяўчына сябе паводзіць, якая яна насамрэч. Бо яна не рыхтавалася да гэтай сустрэчы — яна такая, якая ёсць. І ты адразу пабачыш, гэта тваё ці не.

Тыя, хто кажа, што мужчыны не ўмеюць знаёміцца, часткова маюць рацыю. Калі мужчына робіць гэта першы раз, гэта будзе вельмі цяжка для яго — ён саромеецца, баіцца. А калі мужчына знаёміцца 50-ы раз, гэта выглядае і адчуваецца значна прыемней. Таму, калі мужчына з вамі знаёміцца на вуліцы і ўсё ідзе як па маслу, гэта азначае, што ён проста мае вялікі вопыт.

Скарыць дзяўчыну можна, калі ты ўпэўнены ў сябе, у размове даеш шмат пазітыўных эмоцый і дазваляеш дзяўчыне адчуць і зрабіць тое, што яна таксама жадае, але саромеецца. І канечне, нельга выдаваць сябе за іншага, паказваць сябе лепш, чым ёсць на самой справе. Трэба развівацца і кожнае спатканне спрабаваць зрабіць найлепшым у жыцці гэтай дзяўчыны.

Кажуць, што беларускія мужчыны разбэшчаныя, але чым? Прыгажосцю жанчын? Ну дык у Афрыцы ці Індыі мясцовыя жанчыны такія ж прыгожыя для іх мужчын, як нашы для нас, але з-за розніцы ў культурах і асяроддзі мы не заўсёды разумеем іх прыгажосці. Нашы прыгажуні такія ж прывабныя як і ва Украіне ці Польшчы, дык што, іх мужчыны таксама разбэшчаныя? 

Таксама чуў, што нашы мужчыны не рыхтуюцца да спаткання, але як мужчына павінен рыхтавацца? Душ, чыстыя зубы, зрэзаныя пазногці, чыстая вопратка — што яшчэ патрэбна? А гэта тое, што ёсць у большасці беларускіх мужчын.

У кожнай краіне ёсць людзі, якім няма розніцы, як яны выглядаюць, таму яны і на спатканне, і на працу прыходзяць аднолькава кепска. Канечне, прыемны пах ад духоў, прычоска, добры настрой, мінімальны план — усё гэта патрэбна для якаснага спаткання, але гэта ўжо не пра «не сочаць за сабой» ці «разбэшчанасць». 

Яшчэ я таксама не раз бачыў і чуў ад іншых мужчын пра тое, што дзяўчыны апранаюць карону і лічаць, што мужчына на спатканні павінен забаўляць яе, бо яна «багіня». Гэта іншы бок медаля.

Я разумею, што кожны чалавек прызначае сябе якісьці ўзровень і чакае яго ад сваіх партнёраў. Але калі ў вашых пошуках няма ніякіх поспехаў, то перш за ўсё трэба пачаць працаваць над павышэннем свайго ўзроўню ва ўсіх сферах жыцця, бо можа быць так, што вы не цікавы тым, каму хочаце спадабацца!

І не марнуйце час на тых, каму вы не падабаецеся, ёсць шмат людзей, для каго вы былі б ідэальным партнёрам, трэба толькі знайсці іх. Гэта зварот і да хлопцаў, і да дзяўчат.

З рамантычных і незвычайных учынкаў магу згадаць некалькі. 

Гэта было першае спатканне. Напрыканцы яго я сабраў чалавек 15 каля метро, стаў перад дзяўчынай на калена і прапанаваў ёй… правесці разам ноч. У яе быў зрыў даху: яна думала, што зараз будзе прапанова рукі і сэрцы. Праз некалькі гадоў я бачыў гэту дзяўчыну, яна дагэтуль памятае мяне.

Яшчэ можна ўцячы з рэстарана не заплаціўшы. Перад гэтым насамрэч заплаціць, але каб дзяўчына не ведала. Тыя эмоцыя, якія мы падчас уцёкаў адчуваем, падтрымліваюць агонь у адносінах.

Ну і апошняе. Калі вы дома, даеш дзяўчыне прэзерватыў, глядзіш у вочы і з усмешкай кажаш, што «мы зараз крыху пагуляем». А потым ідзеце ў ванную, набіраеце вады ў іх і кідаеце з вокнаў. Гэта як пабываць у дзяцінстве, такіх яскравых эмоцый па-іншаму не здабыць».

«Нашы жанчыны больш насцярожаныя і закрытыя. Але надзейныя» 

Зміцер Завадскі, актывіст:

«Я заўважыў, што нашы жанчыны больш насцярожаныя, больш закрытыя за украінскіх ці заходніх жанчын, з якімі лягчэй знаёміцца і пачынаць стасункі.

Безумоўна, на гэтую закрытасць уплывае шмат чыннікаў, у тым ліку і нашы мужчыны, многія з якіх схільныя парушаць асабістыя межы жанчын, нешта праціскаць. Нядаўна адзін з прыхільнікаў маёй каханай спрабаваў выкарыстаць розныя маніпуляцыі, каб абыйсці межы, якія яна ясна вызначыла яшчэ з першай размовы, і на яе заўвагу аб гэтых непрыгожых маніпуляцыях адказаў, што «гэта нармальна, калі мужчына маніпулюе».

Таму няма чаго здзіўляцца, што нашы жанчыны больш насцярожаныя. Увогуле ў грамадстве праблемы стасункаў часта маюць сузалежны характар, таму і працаваць над іх вырашэннем трэба супольна.

Яшчэ адно адрозненне, якое заўважыў у нашых жанчынах — гэта надзейнасць. Беларускія жанчыны больш адказна ставяцца да стасункаў, нават мімалётных. Гэтыя адказнасць і надзейнасць ярка і ў розных адценнях выявіліся і ў барацьбе з дыктатурай, дзе роля жанчын выклікае ў мяне асаблівае захапленне. Але, зноў такі, гэта і свайго рода дакор у адрас нашых мужчынаў.

Каханне для мяне — гэта адзінства, свабода і асалода. Адзінства, дзе мы цалкам адкрытыя, шчырыя, дзе дапаўняем адно аднаго, давяраем і адчуваем.

Я думаю, закрытыя людзі не могуць адчуць усю прыгажосць і глыбіню кахання, ім перашкаджае страх, іх жыццё быццам напалову прыпыненае. Таму і важна мець здольнасць губляць кантроль, таму важна быць сабой, быць свабодным і не спакушацца прагай завалодаць свабодай блізкага чалавека, не патрабаваць, не станавіцца залежнымі.

Адзінства і свабода дораць пачуццё моцнай асалоды, энергіі і цеплыні. Абдымаць, цалаваць, займацца сэксам, творчасцю, справамі — што б мы ні рабілі і дзе б ні знаходзіліся, калі мы закаханыя, жыццё пачынае цячы моцнай плынню, без страха, мы даследуем свет, раскрываем сябе, пазнаем іншага. Гэта для мяне каханне.

Я думаю, што часцей прыгажосць рамантыкі не столькі ў нейкім яркім «глабальным» учынку, колькі ў невялікіх праявах увагі. Напісаць прыемную запіску, купіць без прычыны падарунак, запрасіць на нешта для вас незвычайнае. Але мне здаецца, што маім каханым жанчынам часта неставала такой увагі ад мяне. 

Хаця вось наўпрост цяпер са мной адбываецца вельмі рамантычная гісторыя. Я ў Кіеве выпадкова на вуліцы сустрэў дзяўчыну, якую год таму ўбачыў у РУУСе, куды нас, затрыманых пратэстоўцаў, звозілі з рэвалюцыйных вуліц. І вось мы пазнаёміліся ў эміграцыі і пакахалі адзін аднаго.

Але праз месяц я атрымаў гуманітарную візу і вымушаны быў ляцець у Нямеччыну. Перад ад'ездам я спытаўся: «Ліля, ты прыедзеш да мяне жыць?» І яна адказала: «Да, прыеду». Каб здзейсніць гэта, ёй, верагодна, трэба прайсці праз шматлікія бюракратычныя перашкоды. Гэты яе ўчынак, гэтая ўзаемнасць вельмі каштоўныя для мяне.

І я, ведаеце, (толькі не кажыце ёй) разглядаю варыянт зрабіць ёй прапанову, калі гэта дапаможа нам больш часу быць разам. А трэба сказаць, што мне 34 і ніхто ад мяне яшчэ не чуў такіх прапаноў. Усё гэта вельмі рамантычна, улічваючы, што мы так мала знаёмыя.

Ёсць і яшчэ адзін вельмі моцны рамантычны прыклад, які буду памятаць усё жыццё. Я быў адмінам аднаго з пратэсных раённых каналаў, і мяне рознымі сродкамі спрабавалі вылічыць сілавікі. Напрыклад, яны арыштоўвалі дваравых актывістаў і глядзелі, як гэта ўплывае на змест і мадэрацыю канала. Падчас адной з такіх аблаваў, арыштавалі на 15 сутак і мяне.

Але каханая дзяўчына, маючы доступ да акаўнта, узяла на сябе адмінства, цалкам здолеўшы захаваць мой стыль размовы, прайшоўшы ўсе праверкі, змагла адвесці ад мяне падазрэнні. Дзякуючы ёй, я зараз на волі. Гэта вельмі моцна, вельмі каштоўна, гэта рамантычна».

Чытайце таксама: «Пазнаёміліся — і разам пачалі партызаніць». Беларускі расказалі, як падчас пратэстаў сустрэлі блізкіх людзей

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?