«Лес вельмі звязаны з намі гістарычна і эмацыйна»

Ідэя праекта «Людзі лесу» прыйшла яшчэ падчас працы над «Дзявочым вечарам», некалькі гадоў таму, кажа Леся. Але распачалі яго толькі ў 2022 годзе.

VEHA — гэта незвычайны архіў. Каманда працуе з гісторыяй штодзённасці, з тэмамі, якімі рэдка займаюцца калекцыянеры.

«Калі прыгадаць нашыя мінулыя праекты («Найлепшы бок» са здымкамі на фоне тканых дываноў; «Дзявочы вечар» пра вяселле і «Апошні фатаздымак» пра пахаванне) і «Лес», то, папраўдзе, гэта самыя папулярныя тэмы ў беларускіх сямейных фотаархівах. Шмат людзей жылі не ў гарадах, а ў мястэчках, у вёсачках. Прырода — больш блізкая тэма, чым горад. Я вельмі спадзяюся, што містыка таксама будзе адлюстраваная ў гэтым праекце»,

— гаворыць Леся Пчолка.

Каманда праекта плануе стварыць вялікі архіў з сямейных здымкаў «Людзі лесу» на сваім сайце, а таксама надрукаваць кнігу, дзе будуць не толькі фота, але і даследчыя тэксты, расказвае Леся.

1970-я гг., збіральнік жывіцы в. Букча, Лельчыцкі р-н. Гомельская вобл. Фатограф Наталля Дораш

1970-я гг., збіральнік жывіцы в. Букча, Лельчыцкі р-н. Гомельская вобл. Фатограф Наталля Дораш

«Яны з розных бакоў, сацыялагічных і культуралагічных, будуць разглядаць тэму лесу. Беларусь ішла па шляху вельмі хуткай індустрыялізацыі. Людзі высяляліся з мястэчак, вёсачак, перасяляліся ў гарады.

1957 г., Эмa Ліпень і Фёдар Серавокі в. Чэрвень, Чэрвеньскі р-н, Мінская вобл. Архіў Станіславы Найдовіч

1957 г., Эмa Ліпень і Фёдар Серавокі в. Чэрвень, Чэрвеньскі р-н, Мінская вобл. Архіў Станіславы Найдовіч

Сёння мы маем тры пакаленні людзей, якія нарадзіліся і жывуць у гарадах. Але на здымках, якія мы збіраем, яшчэ не гарадское насельніцтва. Я лічу, што лес вельмі звязаны з намі гістарычна, эмацыйна і шмат фатаздымкаў узаемаадносін прыроды і чалавека ёсць у розных сямейных архівах».

Мастачка заўважае, што летась да вобразу лесу дадаўся і негатыўны кантэкст — сітуацыя на мяжы з Еўразвязам.

«Прастора лесу, якая магла быць прасторай рэсурсу, бяспекі і падтрымкі жыцця чалавека, для тых, хто на шляху пераходу мяжы, стала вельмі небяспечным месцам. Але мы вырашылі, што нядрэнна, калі мы і гэтую тэму таксама будзем падымаць і абмяркоўваць у праекце»,

— тлумачыць Леся.

1980 г., на возе з дзядзькам Вовай, в. Букча, Лельчыцкі р-н., Гомельская вобл. Фатограф Наталля Дораш

1980 г., на возе з дзядзькам Вовай, в. Букча, Лельчыцкі р-н., Гомельская вобл. Фатограф Наталля Дораш

«Ёсць нешта яшчэ, акрамя татальнага абсурду, гвалту, усяго таго, што робіць рэжым у Беларусі»

Да 20 лютага кожны ахвочы можа даслаць лічбавыя копіі сваіх сямейных фатаздымкаў на [email protected]. Потым яны будуць размешчаныя на сайце VEHA і, магчыма, трапяць у кнігу.

1970-я гг. в. Букча, Лельчыцкі р-н. Гомельская вобл. Архіў Наталлі Дораш

1970-я гг. в. Букча, Лельчыцкі р-н. Гомельская вобл. Архіў Наталлі Дораш

«Дасылаць можна здымкі, на якіх у прасторы лесу адбываецца ўзаемадзеянне чалавека і прыроды: з дрэвамі, раслінамі, жывёламі. Важна, каб яны былі зробленыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1980 года».

У першы тыдзень збору прыслалі 80 фотаздымкаў. Цяпер каманда іх апрацоўвае, каталагізуе і будзе часткамі публікаваць на сайце.

«Мы заўжды збіраем фатаздымкі толькі ў абмежаваны тэрмін, бо працэс апрацоўкі займае шмат часу і патрабуе рэсурсаў. Мы працуем як альтэрнатыўны музей. Усе фота апісаныя, размешчаныя ў каталогу, мы прафесійна падыходзім да захавання нашай візуальнай гісторыі паўсядзённасці».

1970-я гг., в. Букча, Лельчыцкі р-н. Гомельская вобл. Фатограф Наталля Дораш Архіў Наталлі Дораш

1970-я гг., в. Букча, Лельчыцкі р-н. Гомельская вобл. Фатограф Наталля Дораш Архіў Наталлі Дораш

Леся мяркуе, што кнігу надрукуюць ужо ўлетку. Таксама каманда будзе праводзіць даследаванне і рабіць публічныя дыскусіі на падставе сабранага матэрыялу.

Мастачка падкрэслівае, што займацца зборам архіва нават у такія няпростыя часы надзвычай важна.

«Мы не спынялі працы, нават калі былі цяжкія моманты ўнутры нашай каманды ў 2020-м. Мы не спыніліся і ў 2021 годзе, выдалі кнігі, бо людзі іх чакалі.

Цяпер ёсць адчуванне, што людзям патрэбныя іншыя тэмы, мы павінны адваёўваць інфармацыйную прастору. Бо ёсць нешта яшчэ, іншае, акрамя гэтага татальнага абсурду, гвалту, усяго таго, што робіць рэжым у Беларусі. Гэтае іншае, можа, не такое бачнае, але важнае. Людзі павінны неяк пераключацца, пашыраць інфармацыйную хвалю вось праз такія практыкі сумеснага захавання сваёй культурнай спадчыны».

1956 г., Вера Ліпень в. Чэрвень, Чэрвеньскі р-н, Мінская вобл. Архіў Станіславы Найдовіч

1956 г., Вера Ліпень в. Чэрвень, Чэрвеньскі р-н, Мінская вобл. Архіў Станіславы Найдовіч

Каманда проста адчувае, што мусіць гэта рабіць, прызнаецца Леся.

«VEHA — гэта праект, які нічога не патрабуе, а прапануе ўсім браць удзел у захаванні сваёй гісторыі. Асноўная наша мэта ў тым, каб людзі разумелі, што захаванне культурнай спадчыны — справа кожнага. Мы любім сваю справу, а людзі павінны любіць свае сямейныя архівы, сваю асабістую, прыватную гісторыю, бо гэта гісторыя нашага грамадства»,

— кажа Леся Пчолка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0