Кортні Удвар-Хейзі і яе кланаваны сабака Фенікс.

Удвар-Хейзі, 29-гадовая жыхарка Каліфорніі, завяла старонку ў інстаграме для свайго гадаванца Уілоў, як толькі шчанюк трапіў да яе, падпісчыкі бачылі, як гарэзлівы падлетак вырастае ў сталага сабаку. Але ў 2018 годзе здарылася трагедыя: Уілоў збег ад сваёй гаспадыні і трапіў пад машыну. Сабака памёр. Тым не менш Удвар-Хейзі працягвае кіраваць акаўнтам @wander_with_willow па гэты дзень, у старонкі 137 тысяч падпісчыкаў, толькі на фота не Уілоў, а яго клон па мянушцы Фенікс, яму цяпер 2 гады, піша часопіс Іnput. 

Удвар-Хейзі звярнулася ў тэхаскую кампанію ViaGen, якая ў 2018 годзе паспяхова кланавала сабаку спявачкі Барбары Стрэйзанд Саманту, каб кланаваць і Уілоў. У выніку ў яе з'явіўся Фенікс плюс яшчэ пяць генетычна ідэнтычных шчанюкоў, якіх яна падарыла сябрам. Часам двайнікі бачацца, фота з такіх сустрэч з’яўляюцца ў акаўнце гаспадыні Фенікса.

«Мне пішуць шмат паскудстваў пасля майго рашэння аб кланаванні. Людзі кажуць, што ў мяне сабакі-зомбі. Мне балюча гэта чытаць», — кажа Кортні.

Але гісторыя Удвар-Хейзі не выключная, такое вяртанне хатняга гадаванца становіцца ўсё больш распаўсюджанай з'явай у Амерыцы — і гэта асабліва заўважна ў інстаграме, сярод petfluencer-аў (у англійскай мове нават з’явілася асобнае слова для такіх акаўнтаў, па аналогіі з інфлюэнсерамі — людзьмі з шырокай аўдыторыяй у сацыяльных сетках). Напрыклад, каманда, якая стаіць за гадаванцам Цінкербелам, у якога больш чым 500 000 падпісчыкаў, у 2019 годзе паведаміла, што ДНК Цінкербела захоўваецца для кланавання.

У акаўнце @ipartywithbrucewayne з 55 тысячамі падпісчыкаў прадстаўлены чатыры кланаваныя чыхуахуа, якія з'яўляюцца на фота побач з арыгіналам, Брусам. Некаторыя акаўнты адкрыта рэкламуюць той факт, што выстаўленыя сабакі з'яўляюцца генетычнымі копіямі.

Такія гісторыі наводзяць на думку, што на нашых вачах пачынаецца эра неўміручасці хатніх жывёл, хоць сам працэс кланавання застаецца складаны і дарагі. Цэннік за кланаванне гадаванца вагаецца ад 35 000 да 50 000 даляраў, у залежнасці ад жывёлы.

«Гэта вельмі падобна да ЭКА», — тлумачыць Мэлайн Радрыгес, менеджар па працы з кліентамі ViaGen. «Яйцаклеткі і эмбрыёны вырошчваюцца ў прабірцы, а затым іх пераносяць у сурагатную маці». Яна дадае, што кліенты часта гатовыя заплаціць за гэта немалыя грошы, бо з цяжкасцю перажываюць смерць свайго гадаванца, не могуць з ёй змірыцца.

У Кэлі Андэрсан, 32-гадовай дрэсіроўшчыцы сабак з Тэхаса, падобная гісторыя. «Чай была маёй другой палавінай, і кланаванне было спосабам пераадолення яе страты», — кажа яна пра сваю котку. Андэрсан тлумачыць, што Чай, якая памерла ў 2017 годзе, была яе апорай, калі яна змагалася з дэпрэсіяй і расстройствам харчовых паводзінаў.

Кэлі Андэрсан і яе кланаваная котка Чай. 

Праўда, часта за рашэннем кланаваць гадаванца з дзясяткамі тысяч падпісчыкаў у інстаграме хаваецца і меркантыльны разлік, бо часам гаспадары няблага зарабляюць на папулярнасці свайго коціка ці сабачкі. 

Зразумела, ёсць у гэтых працэсаў і крытыкі, яны занепакоеныя этычным бокам праблемы. Клануюць жа жывёл не ў прабірцы. Іх нараджаюць сурагатныя жывёлы, якіх праводзяць праз складаны працэс ЭКА. Акрамя таго, некаторыя заўважаюць, што гэта няправільна і немаральна, хоць бы таму, што штогод у прытулкі ЗША паступае 6,3 мільёна жывёл.

Развіццё генетыкі і генетычных тэхналогій ставіць чалавецтва перад патрэбай сфармуляваць новыя этычныя нормы і заканадаўча вызначыць, што прымальна, а што непрымальна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0