«Федэрацыя зрабіла «падарунак» на Новы год: дэактывавала фіскод дачцэ і адхіліла яе на год ад спаборніцтваў, — паведаміў Сяргей. — Падставы? Маўляў, шпурляла прызы на спаборніцтвах, паводзіла сябе неадпаведным для спартсмена чынам. Рашэннем трэнерскага савета — кажуць, аднагалосна — прынятае рашэнне. Нашай трэнерскай тусоўцы — прывітанне! Праз 2,5 месяца пасля ўзнагароджвання Дар’і. Без тлумачэнняў ад спартсменкі. Усё геніяльнае проста! Міма юніёрскага чэмпіянату свету і Еўрапейскага фестывалю моладзі. Дзіця ў слязах. Краіна для жыцця».

Акрамя таго, забаранілі ўдзел у спаборніцтвах і яшчэ адной спартсменцы — Святлане Андрыюк, і цяпер з гэтай нагоды Міжнародны алімпійскі камітэт і Міжнародны лыжны саюз пачалі сваё расследаванне.

«Мяркую, што разбіральніцтва можа зацягнуцца, бо перапіска з беларускімі спартыўнымі функцыянерамі — яшчэ тая песня», — мяркуе Сяргей Далідовіч і ўспамінае, з чаго пачыналася гісторыя…

— Пасля таго, як я выступіў не на баку праўладных спартсменаў, было зразумела, што ў адказ таксама нешта «прыляціць», — кажа суразмоўца. — Рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць. Я трэніраваў дочак, нас зрабілі невыязнымі на зборы ў Расію. Успрыняў гэта нармальна, і ў мінулым годзе два разы браў адпачынак, каб вывезці дочак на спаборніцтвы за свой кошт. Праўда, нідзе гэта асабліва не афішаваў.

У мінулым годзе наезд быў, але ў меру, хаця б выступаць на спаборніцтвах не забаранялі. Таму ў мяне ў 2020 годзе прэтэнзій да федэрацыі практычна не было.

А цяпер у Беларускім лыжным саюзе змянілася кіраўніцтва (новым кіраўніком стаў Аляксандр Дараховіч, які акрамя гэтага займае пасаду намесніка старшыні Мінгарвыканкама.НВ), таму, відаць, і падыходы змяніліся. Падкруцілі гайкі.

Самі вы звярталіся ў Беларускі лыжны саюз?

— Натуральна, звяртаўся. Ішоў на кантакт, пісаў лісты з просьбамі і прасіў тлумачэнняў… У адказ — поўнае ігнараванне.

А калі Дашу дыскваліфікавалі на год за тое, што яна быццам бы шпурляла падчас узнагароджвання прызы, гэта наогул стала шокам! Больш за тое, пра дыскваліфікацыю мне паведамілі толькі ў вуснай форме. Калі ж паехаў асабіста ў Беларускі лыжны саюз, каб атрымаць афіцыйную інфармацыю, мне адказалі так: «Рабіце запыт і чакайце адказ». 3-га студзеня зрабіў пісьмовы запыт, да гэтага часу цішыня. Звяртаўся і ў НАК, але там далей парога не пусцілі. Таксама сказалі: «Пішыце пісьмы».

Але, паўтаруся, чыноўнікі спасылаюцца на тое, што падчас узнагароджвання мая дачка быццам бы ўчыніла скандал…

— А як было на самай справе?

— На мінскім кубку па лыжаролерах у кастрычніку мінулага года дачка заняла першае месца. І вось праходзіць узнагароджванне, Дар’і замест прыза за першае месца, якое яна рэальна заняла, даюць толькі за трэцяе. Маўляў, не хапіла прызоў. Відаць, такое дробнае паскудства з боку спартыўных функцыянераў, каб прынізіць юную спартсменку. Паказаць, хто ў доме гаспадар.

Даша не захацела прымаць такі прыз, таму падышла да арганізатараў і вярнула ім гэты спартыўны трафей. Тыя ў рукі браць прыз не захацелі, таму дачка проста паставіла яго на снег і пайшла.

Гэта бачылі ўсе — і прысутныя, і я, і мая жонка. Ніякага скандалу і шпурляння прызоў там не было і блізка. Але ў рэшце рэшт сітуацыю павярнулі зусім у іншы бок.

Што далей плануеце рабіць?

— Дачка пакуль вучыцца ў школе, вечарам, каб апетыт нагуляць, робім лёгкія прабежкі. Але пасля таго, што адбылося, у Дашы наогул няма ніякага жадання трэніравацца. Хаця яна ў сваім узросце вельмі перспектыўны атлет, пра гэта скажа любы спецыяліст.

Але, як бачым, чыноўнікі сёння ацэньваюць спартсменаў не па іх выніках, а па лаяльнасці да «палітыкі партыі». Хаця спартыўная федэрацыя ў прынцыпе не павінна залежаць ад дзяржавы.

У некаторых замежных СМІ з’явілася інфармацыя, што «лыжнік Сяргей Далідовіч і яго дачка Дар’я збіраюцца пакінуць Беларусь».

— Я насамрэч у інтэрв’ю фінскаму выданню распавядаў пра сітуацыю, якая склалася з маёй дачкой. Пры гэтым сказаў так: «Даша заканчвае школу, і затым будзем шукаць варыянты для пераезду ў іншую краіну, каб чалавек далей мог трэніравацца і выступаць на спаборніцтвах».

Ніхто пакуль так і не адказаў, за што юную спартсменку пазбаўляюць права займацца спортам у сваёй краіне. З-за сваіх і маіх поглядаў? Дык гэта няправільна. Але я, як любы бацька, абараняў і буду абараняць сваю дачку да канца.

«Раю ўсім: ганяйце ва ўсю моц!» Гутарка з найлепшым беларускім лыжнікам часоў незалежнасці Сяргеем Далідовічам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0