Пекін абвясціў пра першы выпадак у суботу пасля таго, як пацыент атрымаў станоўчы вынік тэсту. Улады ачапілі жыллёвы комплекс і офісны будынак пацыента і распачалі татальнае адсочванне кантактаў.
Улады пратэставалі больш за 16 500 чалавек, якія ўваходзілі ў блізкае атачэнне хворага. Яны далі адмоўны вынік.
Адметна, што пацыент апошнім часам нікуды не ездзіў, не дзяліў прастору з іншымі хворымі на амікрон, або іх кантактамі, не сустракаўся з людзьмі, якія вярнуліся з-за мяжы.
Але сляды штаму знайшлі на паштовай пасылцы, якую адправілі з Канады, і да якой дакранаўся пацыент.
Кітай раней афіцыйна папярэджваў, што пошта патэнцыйна можа стаць крыніцай заражэння. Дзяржаўнае паштовае бюро краіны заклікала сваіх супрацоўнікаў пільна апрацоўваць лісты і пасылкі з-за мяжы.
Яшчэ адна патэнцыйная крыніца заражэння з-за мяжы — імпарт замарожаных прадуктаў харчавання, сцвярджаюць кітайскія ўлады. У ЗША і ЕС ставяцца скептычна да такіх сцвярджэнняў.
Кавід пераважна распаўсюджваецца па паветры, трапляючы ў малюсенькія кроплі вады, якія выдзяляюцца, калі людзі размаўляюць або кашляюць. СААЗ сцвярджае, што людзі могуць заразіцца і пасля дотыку да забруджаных паверхняў, але рызыка вельмі нізкая.
Бэн Коўлінг, прафесар кафедры эпідэміялогіі Ганконскага ўніверсітэта кажа, што не выключае такой магчымасці, але лічыць малаімаверным, што новы выпадак у Пекіне прыйшоў па пошце.
«Вірусы могуць заставацца жыццяздольнымі на паверхнях на працягу некаторага часу пры нізкіх тэмпературах, але перадача праз забруджаныя паверхні не з'яўляецца распаўсюджаным шляхам перадачы», — сказаў ён.
Марцін Хібберд, прафесар новых інфекцыйных захворванняў Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны сказаў, што, хоць перадача віруса праз паверхні можа адбывацца на працягу вельмі кароткіх перыядаў часу, доўгатэрміновая перадача малаімаверная.
Аб лакальным распаўсюдзе варыянту амікрона ў Кітаі ўпершыню паведамілі тыдзень таму ў партовым горадзе Цяньцзінь, суседзе Пекіна.
Варыянт амікрона быў знойдзены ў 10 узорах, узятых з паштовага адпраўлення, якое пацыент атрымаў з Канады праз ЗША і Ганконг.
Работнікі аховы здароўя таксама адсачылі яшчэ адно паштовае адпраўленне, дастаўленае ў іншае месца ад таго самага адпраўніка, і таксама выявілі там вірус.





