Пётр Кацуба. Фота: edinstvo.by
Па працоўным тэлефоне Пятра Кацубы сёння ніхто не адказваў. У прыёмнай распавялі, што абавязкі дырэктара выконвае галоўны інжынер Дзяніс Андрэеў.
— Кацуба ўжо не працуе на заводзе, — паведамілі на прадпрыемстве. На ўдакладняючае пытанне, ці не затрыманы кіраўнік, у прыёмнай адказалі сцвярджальна: «Так, гэта не жарт». Пра тое што разам з Кацубам былі затрыманыя яшчэ некалькі работнікаў прадпрыемства, не пацвердзілі.
У прафсаюзе завода ні абверглі, ні пацвердзілі інфармацыю аб затрыманні дырэктара, але паведамілі, што яго абавязкі выконвае галоўны інжынер.
На сайце завода дырэктарам дагэтуль указаны Пётр Кацуба.
Барысаўскі завод агрэгатаў ўваходзіць у холдынг «Аўтакампаненты», якім кіруе ААТ БАТЭ. Рашэнне аб стварэнні холдынгу прынялі ў 2011 годзе. На той момант акцыі Барысаўскага завода агрэгатаў знаходзіліся ва ўласнасці Мінскага маторнага завода (ММЗ).
Завод спецыялізуецца на выпуску ў тым ліку турбакампрэсараў, пнеўмакампрэсараў, вадзяных і аліўных помпаў, фільтраў.





