«Прыйшлі па мяне ў дзень нараджэння. Пазванілі ў дзверы, жонка і адкрыла. Яны зайшлі, а я ў той момант гаварыў па тэлефоне, прымаў віншаванні. Мяне віншавала знаёмая, а тут на мяне выйшаў чалавек з ружжом і шчытом і кажа: «Рукі ўверх!» Я трохі здзівіўся. 

Але ж рукі ў мяне і так былі ўверх — тэлефон трымаў каля вуха. Ну я іх яшчэ вышэй падняў, — згадвае спадар Анатоль. — Ішлі там яны адно за адным, чалавек пяць агулам. Адзін яшчэ сядзеў у двары ў машыне, блакаваў такім чынам маё аўто, каб я нікуды не з’ехаў. На аднаго чалавека неяк зашмат, мне так падалося.

Двое, якія і праводзілі ператрус, маіх суседзяў паклікалі панятымі. У мяне пыталіся, ці ёсць зброя, выбухоўка? Няма, адказваю. Пытаюцца: «А бэчэбэ-сімволіка?» Ну так, кажу, ёсць, вось каля вас пакет стаіць са сцягамі. Я ўсё аддаў, бо разумеў, што чаго хаваць, калі ўжо злавілі.

Сцягі я не шыў, насамрэч, яны вельмі проста робяцца: белы спанбонд, на ім фарбай малюецца чырвоная паласа, вось і ўсё. У падвале я іх вешаў сушыцца. 

Падчас ператрусу сілавікі паводзілі сябе карэктна. Чаму да мяне прыйшлі, мне ніхто не сказаў, таму магу толькі здагадвацца. Ведаю, што з майго раёна затрымалі яшчэ некалькі чалавек, у аднаго з іх быў мой кантакт. Магчыма праз гэта?»

«Але я ж і не думаў, што гэтыя словы стануць такімі папулярнымі»

Пасля Шалковіча павезлі ў РУУС, дзе і запісалі тое відэа. 

«Прыйшоў чалавек з камерай, паставіў і кажа: запішам, раскажыце, як развешвалі, назавіце імя-прозвішча. 

Я сказаў шчыра: ну падабаюцца мне сцягі, таму і развешваў. Тады і расказаў пра чырвоны і белы колеры, пра памідоры.

Але я ж і не думаў, што гэтыя словы стануць такімі папулярнымі.

Я сказаў, як ёсць, без усякай задняй думкі, тым больш, не жартаваў. У РУУСе абстаноўка не вельмі схіляе да жартаў, — кажа Шалковіч. — Для мяне ўсё пачалося яшчэ ў 1990-х, калі бела-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным.

І мы тады спрачаліся, хтосьці казаў, што сцяг не вельмі, а я аргументаваў, што спалучэнне чырвонага і белага заўсёды лепшае, чым чырвоны і зялёны. Бо так і ёсць, як ты ні кажы. Калі хочаш, каб прыцягвала ўвагу, мусяць быць правільныя такія колеры. 

Таксама сапраўды, раней калі мяне хтосьці пытаўся, што я больш за ўсё люблю, я адказваў, што сваю жонку і памідоры са смятанаю».

Затым быў суд, Шалковічу далі 15 сутак. Ён прызнаў, што развешваў сцягі. Агулам жа — 60 сутак на Акрэсціна.

«Спачатку я сядзеў у ВІП-умовах, камера на 6 месцаў, дзе было 6 чалавек. Матрацы, кніжкі, усё як трэба. Але пасля першых 15 сутак мяне перавялі ў камеру да «бэчэбэшнікаў», дзе я правёў астатнія 45 сутак. Камера стала як родная. Там было яшчэ весялей.

Не так зручна, можа, бо спалі на падлозе, і на 4 ложкі ўжо 16 чалавек. Але ж гэта было і добра: людзей больш, адпаведна і цяплей, і пагутарыць можна больш, — кажа Шалковіч. — Я ведаў, што хутка не выйду, бо пасля першых 7 сутак за кратамі да мяне прыйшоў міліцыянт і сказаў, што я сцягоў навешаў шмат, таму мне адмерылі чатыры тэрміны, а пасля выпусцяць.

Так што я рыхтаваўся, што 60 сутак і будзе. Былі думкі, што, можа, неяк раней адпусцяць, але ж могуць і дадаць. Але ж яны свае словы стрымалі, таму ніякіх прэтэнзій да іх няма».

«Вяртаўся ў камеру пасля чарговага прысуду і казаў: «Рабяты, прабачце, але я з вамі застаюся»

«Бывалі вязні, якія заходзілі і пазнавалі мяне праз тое відэа. Трохі прыемна было. Але пасля вырасла барада і пазнаваць мяне перасталі, гэта таксама радавала — залішняя папулярнасць мне не патрэбная, нават можа нашкодзіць. 

У камеры я намагаўся падтрымліваць людзей. Даўно не спяваў, але пачаў згадваць песні, пачало паціху атрымлівацца. Спявалі рознае. Напрыклад, па панядзелках мы спявалі: «Ад панядзелка да панядзелка дробны дожджык лье. Сабралася бедна басота, ды гарэлку п'е».

Развучылі ўсю песню. Таксама бардаў спяваў, я ж на гітары граю. 

З альпінісцкага вопыту дапамагло тое, што палову жыцця я спаў на цвёрдай паверхні. Таму для мяне на падлозе спаць было лёгка. Роўная падлога — такім мяне не здзівіш. 

А цяжэй за ўсё было іншым, хто не ведаў, колькі ім сядзець. Я ведаў, але ж таксама, думкі розныя былі. Увогуле, на Акрэсціна я перасякаўся і з крымінальнікамі, якія ўжо мелі вопыт адсідкі па некалькі гадоў, дык яны казалі: у турме лепш, бо там ты дакладна ведаеш, калі цябе адпусцяць. А тут могуць і дадаць — і некаторым сапраўды дадавалі».

Шалковіч у першыя хвіліны пасля вызвалення

Шалковіч у першыя хвіліны пасля вызвалення

На Новы год, згадвае Шалковіч, людзі ў камеры проста пайшлі спаць: гадзіннікаў не было. Але прачнуліся ад салютаў. Вось і ўсё свята — нават з’есці нешта смачнае не маглі, бо перадачы не аддавалі, як і лісты ці паштоўкі. Да вязняў даходзілі толькі лекі. 

«Елі тое, што ў меню, а яно там паўтараецца, — расказвае Анатоль. — Кожны панядзелак — гарохавы суп, напрыклад. Памідоры часам бывалі, праўда, без смятаны, але тут мяне сукамернікі не падколвалі.

Яны ўвогуле ставіліся да мяне з павагаю: па-першае, у мяне ўжо ўзрост, а па-другое, нейкі прыродны аптымізм маю, я стараўся трымацца.

Вяртаўся ў камеру пасля чарговага прысуду і казаў: «Хлопцы, прабачце, але я з вамі застаюся». І пасміхаўся. Плакаць не хацелася.

Хоць страх і быў, што пасля 60 сутак могуць не адпусціць. Але калі выйшаў і жонку ўбачыў, тады было вельмі радасна. Не плакаў, стрымаўся, але тады якраз трохі хацелася».

Цяпер спадар Анатоль дома. Ужо схадзіў на працу, здаецца, праблем там няма:

«Я інжынер-электрык, маю дачыненне да ўсяго, што на нашай фірме круціцца: станкі, лазеры, механаапрацоўка. Мы выпускаем медабсталяванне, мая задача — рамантаваць, калі нешта ламаецца. 

Сёння я быў на працы, там сказалі, што пакуль загаду мяне звальняць не было».

Таксама Шалковіч паспеў нават падзяліцца новым рэцэптам: марозівам з каньяком.

«Насамрэч, гэта стары рэцэпт, я пра яго расказваў сукамернікам увесь час. Казаў: «Хлопцы, першае, што зраблю, гэта куплю марозіва, налью туды трошкі каньячку і буду гэта лыжачкай паціху сёрбаць. Смачна так, вы не ўяўляеце!» 

І некаторыя такія: ну, напэўна, і мы пакаштуем, калі выйдзем, як гэта будзе! — расказвае спадар Анатоль. — А таварыш, які мяне сустракаў, пакаштаваў такое марозіва і сёння ўжо кажа: «Так спадабалася, што, здаецца, ты мяне на гэта падсадзіў. Таму рэкамендую ўсім такое марозіва — можа, і вам спадабаецца». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0