Само мерапрыемства ў прынцыпе лагічнае ў кантэксце нядаўняга абвяшчэння 2022-га годам гістарычнай памяці. Ды і ўвогуле апошнім часам улады актыўна ўключыліся ў змаганне на гістарычным полі, усё шчыльней уплятаючы яго і ў агульны кантэкст рэпрэсіўнай палітыкі. Таму з боку ўладаў лагічна выглядае памкненне даць адпаведныя інструкцыі падначаленым, праясніць для іх прынцыпы цяперашніх дзяржаўных падыходаў.

Але ці ўдалося гэта Лукашэнку, ці будуць цяпер праўладныя гісторыкі і ідэолагі больш упэўнена сябе пачуваць на гэтым мінным полі? Наўрад ці.

Бо з сённяшняга яго выступлення вынікае: акрэсленай строгай ідэалогіі, дзе ўсё раскладзена па палічках, як не было, так і няма. Таму і канкрэтныя прагавораныя пастулаты размытыя, непаслядоўныя і вельмі завязаныя на бягучую кан’юнктуру.

Гісторыю Лукашэнка разумее і выкарыстоўвае чыста ўтылітарна. Гэта толькі інструмент для вядзення бягучай палітыкі, і не больш таго. Нездарма цэнтральнае месца ў яго крытыцы цяперашніх айчынных падыходаў да разгляду старажытных этапаў нацыянальнай гісторыі занялі нападкі на суседнія краіны, кіраўніцтва якіх заняло найбольш непрымірымую з усіх еўрапейцаў пазіцыю ў дачыненні да беларускіх уладаў.

І з гэтых палемічных філіпік вельмі добра відаць, як Лукашэнка сам сабе супярэчыць нават у суседніх сказах.

Вось, напрыклад, спярша ён заяўляе:

 «Калі сёння літоўцы і палякі адмаўляюць уклад беларускага народа ў развіццё такіх гістарычных форм дзяржаўнасці на нашай зямлі, як Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, то што нам перашкаджае даць гэтым перыядам адэкватную ацэнку?»

То-бок па Лукашэнку выходзіць, што Рэч Паспалітая — гістарычная форма дзяржаўнасці на нашай зямлі, а зламысныя палякі наш уклад у гэтую дзяржаўнасць не цэняць.

Тады, па логіцы, трэба было б чакаць, што Лукашэнка будзе якраз падкрэсліваць гэты ўклад і патрабаваць таго ж ад падначаленых. У рэальнасці ж — вось што:

 «Давайце ў падручніках па гісторыі, у замкавых і музейных экспазіцыях так і назавём, напрыклад, перыяд Рэчы Паспалітай — акупацыяй беларускай зямлі палякамі. Этнацыдам беларусаў. А што гэта было для нашых продкаў? Родная мова, культура, вера пад забаронай. Нельга было нават быць чалавекам. Магнаты на сабак мянялі беларускіх сялян. Але народ выжыў і захаваў сваю самабытнасць».

Такім чынам, для самога ж Лукашэнкі перыяд Рэчы Паспалітай — толькі акупацыя і этнацыд, нічога больш там няма. Але палякі чамусьці вінаватыя ў адмаўленні таго, што ён адмаўляе сам.

Зноў такі, калі для Лукашэнкі этнацыд і акупацыя — паводзіны магнатаў Рэчы Паспалітай падчас прыгоннага права, калі яны «на сабак мянялі беларускіх сялян», то чаму па-за крытыкай расійскія памешчыкі, у рукі якіх перайшлі многія маёнткі тых самых магнатаў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай? Хіба прыгоннае права адразу пасля таго было адмененае? І хіба на тэрыторыі Расійскай імперыі стаўленне да прыгонных было больш гуманным?

Але Лукашэнка такімі пытаннямі не задаецца, ён увогуле абыходзіць перыяд Расійскай імперыі ўвагай і ні пра які «этнацыд» не гаворыць. Хоць ні сацыяльна, ні культурна-моўна беларусам там лягчэй не стала. «Плётка» расійскага «барина» Лукашэнкавым продкам была саладзейшая, бо цяпер Расія — апора ягонага рэжыму.

А вось з рыторыкі адносна Вялікага Княства Літоўскага бачна, што, як не парадаксальна, 30 гадоў незалежнага развіцця не прайшлі марна нават для Лукашэнкі. Здавалася б, з улікам агульнага кантэксту адносін з Літвой яму цалкам лагічна было б і тут, успомніўшы савецкія схемы, наехаць разам з польскімі панамі і на «літоўскіх баяр», якія таксама трымалі нашых продкаў у чорным целе.

Але ж не — літоўцы, наадварот, абвінавачваюцца ў крадзяжы нашай слаўнай гісторыі. Лукашэнка фактычна стаіць на пазіцыі, што ВКЛ — беларуская дзяржава, бо

«што там было літоўскага? Мова — наша, на ёй жа напісаная і канстытуцыя — Статут. Пануючая вера — праваслаўе. Тэрыторыя — у асноўным беларуская, украінская, часткова рускія землі. Народ на 80% — наш. Славяне. А гэта асноўныя атрыбуты і прыкметы дзяржаўнасці».

І ўсё б добра, але пры гэтым у іншым месцы кажацца, што

«да 1994-га кіраваныя амерыканцамі «свядомыя» паспелі многае перапісаць і вывучыць частку дзяцей. Ды і мы з вамі таксама паддаваліся на некаторыя рэчы. Тыя вучні і студэнты, выхаваныя на створаных тады гістарычных фэйках, сёння самі бацькі. Вынік навязанай нам у тыя гады рамантызацыі і выпінання некаторых перыядаў у гісторыі беларускага народа мы бачым, асабліва цяпер».

Кур’ёз у тым, што, аб’ектыўна кажучы, раней цытаваны пасаж пра ВКЛ — гэта акурат і ёсць тая «рамантызацыя і выпінанне», якія сталі найбольш актыўна пашырацца ў Беларусі акурат у 1990-я. Ну не было такога погляду на ВКЛ у часы БССР, гэта чыста нацыянал-дэмакратычная канцэпцыя. Якую сёння не можа ігнараваць, а стараецца прысвоіць, хоць і перакруціўшы на свой лад, нават Лукашэнка, які нічога нацыянальнага на дух не пераносіць.

Карацей, ідэолагам і праўладным гісторыкам надта зайздросіць не выпадае. Са сказанага зразумела, што раней у нас усё было няправільна, а вось як правільна — Лукашэнка толкам так і не растлумачыў. Бо і сам добра не ведае, і дарадцы блытаюцца.

Таму гістарычная дзялянка мінным полем як была, так і застаецца. Невядома, дзе і калі на ім хто спатыкнецца. У кожным разе ў «год гістарычнай памяці» прафесія гісторыка — адна з самых небяспечных.

Чытайце таксама: Як бел-чырвона-белы сцяг стаў нацыянальным

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0