Па інфармацыі МУС, навагоднія ёлкі наведала каля ста тысяч чалавек. Ад неасцярожнага абыходжання з піратэхнікай у навагоднюю ноч пацярпела дзевяць чалавек. Усё гэта адбылося ў дварах: пры гэтым трое з пацярпелых — непаўналетнія, яшчэ трое былі ў стане алкагольнага ап’янення. Усе траўмы аказаліся лёгкімі, і пасля атрымання медыцынскай дапамогі людзі вярнуліся дадому. 

У месцах масавага святкавання Новага года пажараў не здарылася, але ў дамах, пачынаючы з новага года, ужо было зафіксавана 240 узгаранняў. 38 беларусаў пры гэтым загінула. Сярод асноўных прычын МНС называе паленне ў ложку і неасцярожнае абыходжанне з агнём у нецвярозым стане.

Неспакойнай праз галалёд была сітуацыя на дарогах: за першыя два дні Новага года на трасах памерлі трое чалавек, 32 атрымалі раненні. Пры гэтым супрацоўнікамі ДАІ былі выяўленыя 162 нецвярозыя кіроўцы.

Машыны хуткай дапамогі ў святы таксама працавалі ў рэжыме ўзмоцненай гатоўнасці: толькі ў Мінску былі задзейнічаныя 11 асноўных брыгад і 4 рэзервовыя. Асноўная праца медыкаў тычылася галалёдных і холадавых траўм — толькі за мінулыя суткі іх налічылі 335. Больш за ўсё — у Віцебску і вобласці (119).

«Агулам гэта пакуль «норма» — каля 300 галалёдных і холадавых траўм за суткі па рэспубліцы», — адзначыў начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Мінздароўя Аляксандр Панцюхоў.

«Наша Ніва» асобна даслала на пошту Прэс-цэнтра пытанне наконт абноўленых звестак па факце смерці жыхара Рэчыцы Зміцера Усхопава. Але прадстаўнік МУС Аляксандр Купчэня амаль паўтарыў афіцыйную заяву Следчага камітэта:

«Падзея ў Рэчыцы, звязаная з затрыманнем і дастаўленнем грамадзяніна, які знаходзіўся ў моцнай ступені ап'янення, сапраўды мела месца. Грамадзянін аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам.

Цяпер па факце смерці грамадзяніна СК праводзіць праверку, прызначаныя патрэбныя экспертызы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0