Турагенцтва, у якое звярнуўся Сяргей, на рынку ўжо больш за 10 гадоў. Водгукі на яго былі добрымі, таму мужчына без якіх-небудзь сумненняў забраніраваў тур. Дагавор заключаў з дырэктарам Аленай Фаміной у пачатку кастрычніка, унёс аванс 803 рублі, піша Onliner.by.

— Праз 2 тыдні мы павінны былі аплаціць другую частку сумы. Я патэлефанаваў у агенцтва, трубку ўзяў муж дырэктаркі Вадзім Фамін і паведаміў нам, што яго жонкі больш няма, яна памерла ад кавіду. Натуральна, мы не сталі ў такой сітуацыі высвятляць падрабязнасці. Другую частку пуцёўкі аплачваць не спяшаліся, але ў той момант якраз Расія абвясціла вялікія вакацыі, і наш тур істотна падаражэў. Фамін сказаў нам, што ён таксама з'яўляецца супрацоўнікам «Пазітыў Трэвел», і мы вырашылі, што паляцім, усё ж такі адпачынак ужо быў запланаваны. Прыехалі ў офіс, Фамін распісаўся ў дамове, нам сказалі, што заяўка пацверджаная тураператарам «Тэз Тур».

Сяргей заплаціў за адпачынак яшчэ 7019 рублёў і стаў спакойна чакаць снежня. Агулам тур абышоўся яму ў суму каля $3095 па актуальным на сёння курсе.

— Мы дамовіліся аб тым, што за 2 тыдні да вылету Фамін нам патэлефануе і дасць больш падрабязную інфармацыю. А потым мяне нешта перашчоўкнула, і ў канцы лістапада я вырашыў: дай я пазваню крыху раней. Набраў па тэлефонах, аказалася, што яны заблакаваныя. Паехаў у само агенцтва: там дзверы зачыненыя, мэбля вывезеная. На форумах убачыў, што ўжо ёсць водгукі падманутых турыстаў. Паехаў у міліцыю пісаць заяву, там ужо мінімум 10 зваротаў было на той момант.

Мяркуючы па водгуках на vitebsk.biz, пацярпела не толькі сям'я Сяргея. Апошні станоўчы водгук на сайце размешчаны ў пачатку кастрычніка, а следам ідзе чарада гісторый пра тое, як людзі заплацілі грошы за адпачынак і апынуліся ў вельмі далікатных сітуацыях. Звярніце ўвагу: абураныя турысты пішуць пра агенцтва «Пазітыў Трэвел», а дагаворы аформленыя з «Пазітыў Трэвел плюс». Нам таксама здавалася, што гэта адна і тая ж турфірма, пакуль мы не атрымалі адказ з міліцыі (але пра гэта крыху пазней).

«17 лістапада была праведзена 100-працэнтная аплата тура ў «Пазітыў Трэвел» з вылетам 23 лістапада. Фамін пасля аплаты не выходзіў на сувязь, а за дзень да вылету 22 лістапада патэлефанаваў і паведаміў, што нейкім таямнічым чынам аплата за наш тур была праведзена памылкова не таму аператару, папрасіў зрабіць аплату яшчэ раз, а тыя грошы нібыта ў канцы тыдня вернуць, і ён разлічыцца з намі. Мы на гэтую авантуру не пайшлі, параілі яму самому вырашаць гэтую праблему. Праз пару гадзін ён паведаміў, што ўсё вырашыў, і мы можам ехаць у аэрапорт. < … >

З хваляваннем мы паехалі ў Мінск. Праседзелі ў аэрапорце ў нясцерпным чаканні, а перад самай рэгістрацыяй нам паведамілі, што здарылася страшнае: квіткоў яму не прадалі і наш вылет не ажыццявіцца. Наш стан апісаць немагчыма. Шок! Адпачынак не адбыўся, грошы не вернутыя, Фамін знік, тэлефоны недаступныя, офіс пусты. Напісалі прэтэнзію ў турфірму і заяву аб махлярстве ў РАУС».

«30 кастрычніка я павінна была ляцець у Егіпет з «Пазітыў Трэвел» (Віцебск, ГЦ «Мега»). Тур аплаціла цалкам згодна з дагаворам за месяц. Аднак у дзень вылету мне прыйшлося даплаціць яшчэ 75% кошту, каб наогул кудысьці паляцець. Таму што па нейкай прычыне грошы да тураператара ад агенцтва так і не дайшлі. Іх мне, дарэчы, да гэтага часу (на 25.11.2021) ніхто так і не вярнуў, і выразна адказаць, куды ў такім выпадку сышла мая аплата, таксама ніхто не можа».

«У нас такая ж сітуацыя: у кастрычніку 2021 года заплацілі за тур на месяц раней, але нікуды не паляцелі. Тураператару грашовыя сродкі пераведзеныя не былі! Фамін В. В. на працягу некалькіх дзён усё ж нам вярнуў усю суму, але адпачынак усё роўна сапсаваны, бо часу браніраваць нешта новае ўжо не было».

«Наша сям'я заплаціла два разы за адпачынак, які планавалі і аплацілі загадзя. Мы паляцелі, выкупіўшы свой тур за некалькі гадзін да вылету, але Вадзім абяцаў вярнуць выдаткаваныя грошы на карту. 24 лістапада 2021 года перастаў выходзіць на сувязь! Па прыездзе таксама напішам заяву ў РАУС».

Сяргей паспрабаваў выратаваць паездку з дапамогай тураператара. Але высветлілася, што грошы ў «Тэз Тур» ніхто не пералічваў.

— Я звярнуўся наўпрост да тураператара, калі даведаўся, што іх агенцтва-партнёр не працуе. Мне парэкамендавалі напісаць на пошту, выслаць даныя па дамове. На наступны дзень патэлефанавалі і сказалі, што такая бронь аформлена не была, перадаплаты ні першай, ні другой таксама не паступала.

Віцяблянін не прад'яўляў матэрыяльных прэтэнзій у дачыненні да «Тэз Тура», але папрасіў прапанаваць варыянт па паездцы на тыя ж даты без дадатковай нацэнкі, улічваючы абставіны, якія склаліся. У кампаніі пайшлі насустрач і зрабілі зніжку на тур у памеры $170, а таксама далі індывідуальны трансфер з аэрапорта да гатэля.

З улікам зніжкі за другі тур Сяргей заплаціў $2777. Атрымліваецца, што адпачынак у Хургадзе гэтай зімой беларусу абышоўся амаль у $6 тысяч.

— Прыйшлося паехаць у гатэль горшы, што мяне хвалюе, зрушыліся даты. Але мы ўсё роўна вырашылі ляцець — я ж не магу расказаць дзецям, што ў мяне такая сітуацыя. Самае сумнае, што на сённяшні дзень няма ніякага функцыяналу, з дапамогай якога можна паглядзець, ці дзейнічае бронь. Бо я тэлефанаваў у «Тэз Тур», каб праверыць інфармацыю па туры, але мне сказалі звяртацца наўпрост да агенцтва-партнёра. А ў турагенцтве нам могуць проста паказаць які-небудзь скрыншот з камп'ютара у пацверджанне і ўсё. Валодаючы навыкамі працы ў браўзеры, лёгка можна «зрабіць» якую заўгодна бронь.

Што вядома міліцыі?

Для пачатку журналісты патэлефанавалі па тэлефонах турфірмы, якія пазначаны на сайце, але ўсе яны сапраўды заблакаваныя. Апошні запіс у сацыяльных сетках датуецца 17-м лістапада: турыстаў запрашаюць «сустрэць Новы год у Егіпце».

Каб зразумець, куды ўсё-ткі прапалі грошы турыстаў, журналісты звярнуліся ў аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама. Там распавялі, што сітуацыя з Фамінымі вельмі заблытаная і неадназначная.

— У цяперашні момант у АУС адміністрацыі Першамайскага раёна г. Віцебска праводзіцца праверка матэрыялаў справы ў сувязі са зваротамі грамадзян. Па яе заканчэнні будзе дадзена прававая ацэнка. Вядома, што памерлай Алене Фаміной належала турфірма «Пазітыў Трэвел плюс», і яна была адзіным супрацоўнікам у сваім агенцтве. На мужа Вадзіма Фаміна была зарэгістраваная іншая турфірма — «Пазітыў Трэвел». Гэта розныя юрыдычныя асобы. Заявы ад грамадзян сталі паступаць у канцы лістапада ў сувязі з дзейнасцю менавіта агенцтва «Пазітыў Трэвел плюс».

Як высветлілася, Вадзім Фамін цяпер знаходзіцца пад вартай у СІЗА, але гэта не звязана з прэтэнзіямі турыстаў.

Тады з чым? І чаму затрыманне супала з негатыўнымі водгукамі на «пазітыўнае» турыстычнае агенцтва? Гэтыя пытанні ў міліцыі пакуль пакінулі без адказу. Ці змогуць пацярпелыя турысты ў найбліжэйшы час вярнуць свае грошы, таксама пакуль не ясна.

Што кажа тураператар?

Журналісты таксама звярнуліся па каментар у кампанію «Тэз Тур». Тураператар пацвердзіў, што на працягу некалькіх гадоў працаваў з турыстычным агенцтвам «Пазітыў Трэвел плюс», але ў кастрычніку супрацоўніцтва скончылася. Вось які далі пісьмовы адказ:

— З боку ПГУП «Пазітыў Трэвел плюс» перыядычна фіксаваліся парушэнні па тэрмінах аплаты забраніраваных тураў. Па гэтай прычыне наша кампанія заблакавала 15.10.2021 года доступ агенцтву ў іх асабісты кабінет, што не дазволіла ажыццяўляць далейшае браніраванне турпрадуктаў.

У канцы лістапада 2021 года да нас сапраўды звярнулася адзінкавая колькасць турыстаў па забраніраваных турах у ПГУП «Пазітыў Трэвел плюс» з пытаннем наяўнасці і аплаты забраніраванага тура ў паказаным агенцтве. Туры на гэтых турыстаў былі забраніраваны ў нашай кампаніі, але аплата праведзена не была, — заявілі ў кампаніі.

Як пераканацца, што вашы грошы патрачаныя на тур? Каментар юрыста

Выходзіць, што, нягледзячы на блакаванне асабістага кабінета, агенцтва нейкі час можа працаваць з турыстамі і браць з іх перадаплату. Як у такім выпадку абараніць сябе ад махлярства? На пытанні адказвае Вікторыя Скарыніна — дырэктар і партнёр юрыдычнай кампаніі «Авгуль Эксперт груп».

— Ці сапраўды тураператар не нясе ніякай адказнасці за дзеянні агенцтва-партнёра?

— У сітуацыі, апісанай вышэй, тураператар і турагент з'яўляюцца асобнымі юрыдычнымі асобамі, а кожная юрыдычная асоба нясе самастойную адказнасць па сваіх абавязацельствах.

Дагаворныя адносіны тураператара і турагента, як правіла, грунтуюцца на дамове камісіі, дзе тураператар выступае камітэнтам, а турагент — камісіянерам. Па дамове камісіі адзін бок (камісіянер) абавязваецца па даручэнні іншага боку (камітэнта) за ўзнагароджанне здзейсніць адну або некалькі здзелак ад свайго імя, але за кошт камітэнта (ч. 1 п. 1. арт. 880 ГК). Гэта значыць, што тураператар фарміруе тур, перадае яго турагенту для рэалізацыі, а турагент ад свайго імя заключае дагаворы з турыстамі-заказчыкамі.

Бакамі дагавора аказання турыстычных паслуг у такой сітуацыі з'яўляюцца выканаўца (турагент) і заказчык (турыст), то-бок увесь аб'ём правоў і абавязкаў узнікае менавіта паміж імі.

Такім чынам, тураператар, які сфармаваў тур, адказнасці за дзеянні турагента не нясе.

— Ці можна настойваць на тым, каб тураператар дасылаў пацверджанне броні наўпрост турысту?

— Паколькі ў тураператара адсутнічаюць непасрэдныя грамадзянска-прававыя адносіны з турыстам, у яго няма абавязку прадастаўляць якія-небудзь дакументы альбо звесткі наўпрост турысту. Магчымасць прадастаўлення той ці іншай інфармацыі турысту, з якім няма дамоўных адносін, можа быць праявай лаяльнасці тураператара і разглядаецца ў кожным выпадку індывідуальна.

— Але як у такім разе турысты могуць пераканацца ў тым, што, робячы перадаплату, яны адпраўляюць грошы менавіта на куплю тура?

— Універсальнага спосабу, які прадастаўляе стоадсоткавую гарантыю абароны ад ашуканцаў, на жаль, не існуе. У якасці базавых мер засцярогі магу рэкамендаваць звяртаць увагу на рэпутацыю турагенцтва, у якім плануецца набываць тур. Нялішнім будзе вывучыць водгукі іншых кліентаў яшчэ да заключэння дагавора.

Калі заказчык вызначыўся з турам, турагент у абавязковым парадку павінен заключыць дагавор аказання турыстычных паслуг. У ім павінны быць звесткі аб выканаўцы, яго месцы знаходжання (месцы жыхарства ІП) і банкаўскія рэквізіты. На жаль, станоўчыя водгукі на кампанію і досвед працы не заўсёды з'яўляюцца гарантыяй абароны ад непрыемных гісторый, як відаць з вопыту галоўнага героя матэрыялу.

Дадаткова можна рэкамендаваць правяраць наяўнасць турагенцтва ў рэестры суб'ектаў турыстычнай дзейнасці.

Згодна з 14-1 «Закона аб турызме» кожны суб'ект турыстычнай дзейнасці (тураператар і турагент), што ажыццяўляе сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, павінен быць унесены ў такі рэестр. Азнаёміцца з ім можна на сайце Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, у рэестры, абноўленым на сайце на дату 5 лістапада 2021 года, ПГУП «Пазітыў Трэвел плюс» адсутнічае. Рэестр змяшчае часткова падобную па найменні арганізацыю, з іншым УНП, якая з'яўляецца іншай юрыдычнай асобай (той самы ПГУП «Пазітыў Трэвел», які зарэгістраваны на Вадзіма Фаміна).

Асобна таксама хачу звярнуць увагу, што сайты некаторых тураператараў дазваляюць у анлайне адсочваць статус заяўкі па яе нумары. Пры заключэнні дагавора ў турагенцтве варта ўдакладніць гэтую інфармацыю, каб мець магчымасць кантраляваць, ці забраніравана заяўка ў канкрэтнага тураператара альбо не. Такім жа чынам можна правяраць яе статус у далейшым (пры наяўнасці тэхнічнай магчымасці на сайце тураператара).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0