Саюзная дзяржава валодае бюджэтам, які паспяхова асвойваецца. У 2021 годзе ён склаў 160,9 мільёна рублёў. Даходы гэтага бюджэту — штогадовыя адлічэнні ад Беларусі (35%) і Расіі (65%), піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Куды ідуць грошы? Насамрэч — гэта вельмі важны паказчык, які адлюстроўвае прыярытэты, якія ставяць перад сабой дзве краіны.

Калі паглядзіце на размеркаванне выдаткаў саюзнага бюджэту ў 2021 годзе, то са здзіўленнем убачыце, што самымі затратнымі галінамі апынуліся «праваахоўная дзейнасць і бяспека», на якія выдзяляецца 48 млн рублёў (каля 30% ад агульнай сумы) і СМІ — 29,2 млн рублёў, або 18% ад агульнага бюджэту.

Далейшыя прыярытэты размеркаваліся наступным чынам:

«органы Саюзнай дзяржавы» — 25,8 млн рублёў, або 16% ад агульнай сумы, «фундаментальныя даследаванні» — 20,4 млн рублёў, або 13% ад агульнага бюджэту, «прадухіленне і ліквідацыя надзвычайных здарэнняў» — 14,4 млн, або 9% «ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва» — 9,4 млн рублёў, або 6%.

Пасля нескладаных падлікаў можам зрабіць выснову, што 70% бюджэту сыходзіць на армію, чыноўнікаў, міліцыю і праўладныя СМІ.

А як жа навука і інавацыі? Як мы бачым, больш за ўсё пашанцавала «фундаментальным даследаванням», усе астатнія артыкулы выдаткаў выглядаюць зусім нязначна. Адукацыя — 2,9 млн, або 2%, транспарт, інфарматыка і сувязь — 3,4 млн, або 2%, мастацтва, культура, кіно — 2,4 млн, або 1%.

Прычым, калі мы паглядзім даныя ў дынаміцы, то ўбачым, як прыярытэты мяняліся. Так, напрыклад, праваахоўная дзейнасць у 2017 годзе «з'ядала» толькі 7% саюзнага бюджэту, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва — 0,5%, выдаткі на чыноўнікаў займалі 13%. Затое раней каля 20% бюджэту займала прамысловасць —сёння яна наогул знікла з выдаткаў.

Культура ў лепшыя гады магла прэтэндаваць на 4%.

Вось вам і рэальныя прыярытэты супрацоўніцтва дзвюх мірных дзяржаў «для народа». Ніхто іх не хавае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0