Папраўкі ў КК прадугледжваюць увядзенне крымінальнай адказнасці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі (у тым ліку калі яна была ліквідаваныя і прыпыніла дзейнасць).

У КаАП жа мяркуюць унесці змены, якія тычацца правядзення масавых мерапрыемстваў: уводзіцца адказнасць за ўстаноўленую ў законе «Аб масавых мерапрыемствах» забарону на збор, атрыманне, выкарыстанне грашовых сродкаў, іншай маёмасці, выкананне работ, аказанне паслуг для мэт кампенсацыі выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем асобы да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.

Самае цікавае, што ў беларускім заканадаўстве раней існаваў артыкул, які забараняў дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый — 193-1, але пасля яго адмянілі.

«Артыкул 193-1 адмянілі ў 2018 годзе — напэўна, на хвалі лібералізацыі. Замест крымінальнай адказнасці за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях увялі адміністрацыйную: у межах артыкула 23.88 КаАП (цяпер 24.57).

Але вось ужо на пачатку 2021 года ў Беларусі з’явіўся артыкул 423-1 КК: «Невыкананне рашэння аб прызнанні арганізацыі, дзейнасці індывідуальнага прадпрыемства экстрэмісцкімі, аб спыненні дзейнасці і прадстаўніцтва замежнай ці міжнароднай арганізацыі і (ці) прыпынення іх дзейнасці»», — каментуе Андрэй Мачалаў.

Андрэй Мачалаў. Фота Віялеты Саўчыц.

Андрэй Мачалаў. Фота Віялеты Саўчыц.

Што зменіцца цяпер? Мяркуючы па апублікаваным анонсе, цяпер крымінальная адказнасць будзе тычыцца ўдзелу не толькі ў арганізацыях, прызнаных экстрэмісцкімі, а агулам ва ўсіх, якія дзяржава ліквідавала ці не захацела афіцыйна рэгістраваць.

«Практыка прымянення зноў будзе максімальна шырокай — на меркаванне следчага і пракуратуры. Гэта прававы крок назад, бо артыкул з такім зместам і раней моцна крытыкавалі праваабаронцы, таму што ён максімальна неканкрэтны.

Што такое дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі? Фармальна, калі ты сябруеш з нейкім праваабаронцам, неяк яму дапамагаў, табе могуць прыпісаць удзел у дзейнасці структуры, да якой ён мае дачыненне», — выказвае асцярогі эксперт. 

Агучаныя змены ў Адміністрацыйным кодэксе адвакат таксама называе вельмі супярэчлівымі: 

«На мой погляд, яны супярэчаць іншым заканадаўчым актам Беларусі. У нас жа ёсць такое паняцце ў Грамадзянскім кодэксе, напрыклад, як выканананне абавязацельстваў замест іншай асобы. У нас магчымыя пазыка, дарэнне.

Увогуле, заканадаўства дазваляе выконваць пэўныя абавязкі за іншых людзей: бацькі могуць заплаціць за дзіця, калі яно перайшло дарогу не ў тым месцы, сябры — дапамагчы аплаціць штраф таварышу. Гэта не правапарушэнне.

Але выглядае на тое, што пасля зменаў пры шырокай трактоўцы артыкула могуць караць і за такое. І зразумела, дзеля чаго гэта робіцца: каб перашкодзіць дзейнасці фондаў, што дапамагаюць беларусам».

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Каб зрабіць больш дакладныя высновы, эксперт прапаноўвае дачакаць афіцыйнай публікацыі праекта закона «Аб змяненні кодэксаў». Цяпер ён павінен паступіць у Савет Рэспублікі, а пасля яго падпіша Аляксандр Лукашэнка.

Дапоўнена:

Калі гэты артыкул ужо быў апублікаваны, на нацыянальным прававым партале з'явіўся тэкст праекта закона, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за ўдзел у ліквідаваных і незарэгістраваных арганізацыях. Згодна з ім у Крымінальны кодэкс хочуць уводзіць артыкул 193-1 (Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці). Адказнасць прадугледжвае штраф, ці арышт, ці пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

У КаАП мяркуецца дапоўніць артыкул 24.23. Згодна са зменамі збор, атрыманне, выкарыстоўванне грашовых сродкаў, іншай маёмасці, у тым ліку маёмасных праў, а таксама выключных праў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, а таксама выкананне прац, аказанне паслуг для мэт пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем асобы да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, —

прадугледжваюць пакаранне штрафам у памеры ад пяці да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага парушэння ці без канфіскацыі, а на юрыдычную асобу — да ста адсоткаў ад сумы (кошту) прадмета адміністрацыйнага парушэння з яго канфіскацыяй ці без канфіскацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0