Распыталі юрыстаў, якія законы такім чынам парушаюць і сілавікі, і тыя, хто распаўсюджвае створаны імі кантэнт.

«Удзел у такіх відэазапісах павінен быць выключна добраахвотным»

Юрыст Андрэй Мачалаў адзначае, што само па сабе заканадаўства Рэспублікі Беларусь не забараняе запіс і публікацыю «пакаянных» відэа. Грубым парушэннем з'яўляецца не сам факт іх запісу і апублікавання, а тое, якім чынам людзей прымушаюць зрабіць гэта.

Андрэй Мачалаў

Андрэй Мачалаў

«Па-першае, удзел у такіх відэазапісах павінен быць выключна добраахвотным, ахвота чалавека павінна быць недвухсэнсоўна выказаная. Любы фізічны ці псіхалагічны ўплыў тут выключаецца.

Па-другое, кожны затрыманы мае права на абаронцу з моманту фактычнага затрымання. Адпаведна, рабіць такія відэазапісы трэба толькі пасля кансультацыі з адвакатам.

Ну, і трэцяе, што важна ўлічваць: пры перадачы падобных відэазапісаў следчым для публікацыі павінны выконвацца прынцыпы і задачы крымінальнага працэсу.

Гэта значыць, следчаму трэба выразна прадэманстраваць, для чаго ён хоча распаўсюдзіць відэазапіс менавіта з пункту гледжання прынцыпаў крымінальнага працэсу. Задачы распальвання варожасці паміж грамадзянамі і стварэнне нецэнзурных матэрыялаў у праўладных СМІ сюды не ўваходзяць», — каментуе юрыст.

З большасці раней апублікаваных «пакаянных» відэа бачна, што яны былі запісаныя пасля ўжывання ў дачыненні да чалавека фізічнага гвалту (катаванняў/збіцця) або ў выніку псіхалагічнага ціску (запалохвання). 

«Не трэба быць экспертам, каб разумець, што большасць такіх відэа запісваюцца супраць волі чалавека. Гэтая думка пацвярджаецца і тлумачэннямі людзей, якія ўдзельнічалі ў гэтых запісах і з якімі я сутыкаўся ў сілу сваёй прафесіі», — кажа Андрэй Мачалаў.

У выніку падобных публікацый і сілавікі, і прапагандысты, якія не толькі распаўсюджваюць ролікі, дзе людзі прызнаюць нейкую віну да суда, але і тыражуюць асабістыя звесткі людзей (іх адрасы, род дзейнасці, інтымныя рэчы), парушаюць цэлы спіс артыкулаў.

Арт. 424 ККзлоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Гэта датычыцца, напрыклад, следчых, якія тыражуюць такія відэа насуперак інтарэсам службы (заданням і прынцыпам крымінальнага працэсу). У выпадку наяўнасці наступстваў для пацярпелага гэтае злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў са штрафам ці без штрафу і з выключэннем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.

Арт. 203-1 ККнезаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестак. Гэты артыкул актуальны, напрыклад, для Грыгорыя Азаронка, які ў сваім тэлеграм-канале смакуе дэталі сэксуальнага жыцця затрыманых беларусаў (максімальнае пакаранне — абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін са штрафам).

Арт. 394 ККпрымус да давання сведчанняў. Ëн ужываецца, калі сведчанні на відэа выбілі сілай (караецца пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю альбо без пазбаўлення.

Тое ж дзеянне, зробленае з гвалтам ці здзекамі, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да сямі гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю. Калі ж мелі месца катаванні, то такія дзеянні караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю). 

Арт. 128 КК злачынствы супраць бяспекі чалавецтва. Таксама можа быць актуальны, бо ўключае шырокі спектр паняццяў (незаконнае ўтрымліванне пад арыштам, катаванні ці акты жорсткасці, што здзяйсняюцца ў сувязі з расавай, нацыянальнай, этнічнай прыналежнасцю, палітычнымі перакананнямі і веравызнаннем грамадзянскага насельніцтва і гэтак далей). Падобныя парушэнні караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці гадоў, ці пажыццёвым пазбаўленнем волі, ці смяротным пакараннем. 

25-ы артыкул Канстытуцыі, які кажа: «Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне ці пазбаўленне свабоды магчыма ў выпадках і парадку, усталяваных законам. Зняволеная асоба мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання ці арышту. Ніхто не павінен падпадаць пад катаванні, жорсткае, нялюдскае або зневажальнае годнасць абыходжанне і пакаранне, а таксама без згоды падпадаць пад медычныя ці іншыя даследаванні». 

У выпадку са службовымі асобамі асобна трэба згадаць артыкулы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.

Напрыклад, частка 1-я 198 КПК РБ кажа наступнае:

«Даныя папярэдняга следства ці дазнання не падлягаюць разгалошванню. Гэта магчыма толькі з дазволу следчага, асобы, якая вядзе дазнанне, і толькі ў тым аб'ёме, у якім імі будзе прызнана гэта магчымым, калі разгалошванне не супярэчыць інтарэсам папярэдняга расследавання і не звязана з парушэннем правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу». 

Датычна ператрусу і канфіскацыі ўжываецца таксама артыкул 210 КПК РБ, ч. 11 якога абвяшчае: «Следчы, асоба, што займаецца дазнаннем, абавязаны рабіць захады для таго, каб не былі распаўсюджаныя выяўленыя пры ператрусе акалічнасці прыватнага жыцця чалавека, што займае гэтае памяшканне, ці іншых людзей».

Асноўныя прынцыпы крымінальнага працэсу таксама замацаваныя ў наступных артыкулах КПК: артыкул 12 («Павага гонару і годнасці асобы»), частка 3 артыкула 11 («Недатыкальнасць асобы»), а таксама ў першай частцы артыкула 13 («Ахова асабістага жыцця»). 

Скрыншот з аднаго з пакаянных відэа

Скрыншот з аднаго з пакаянных відэа

Як правільна адмаўляцца ад удзелу ў такіх відэа? 

Безумоўна, нават самыя ўстойлівыя людзі пад пагрозамі могуць пайсці на здымкі ў мэтах самазахавання. 

«У сваёй працы я неаднаразова сутыкаўся з выпадкамі, калі нават самыя бясстрашныя людзі не маглі адмовіцца ад падобных сведчанняў, — адзначае Мачалаў. — Беларускія сілавыя органы яшчэ з савецкіх часоў захавалі ў сваёй практыцы мноства спосабаў уплыву на затрыманага.

Немалаважным фактарам таго, што беларусы ідуць на тое, каб зняцца ў падобных відэа, я лічу агульны недавер грамадзян да сістэмы правасуддзя. Да таго, што «суд жа ва ўсім разбярэцца». Як паказвае практыка, нават самыя лаяльныя ўладзе грамадзяне вераць у тое, што «будзе менавіта так, як скажа пракурор».

Аднак, калі ёсць магчымасць адмовіцца ў сведчаннях супраць сябе на відэа, юрыст раіць рабіць гэта пісьмова, спасылаючыся на актуальныя заканадаўчыя нормы.

Па першае, гэта 62-і артыкул Канстытуцыі: кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення абароны правоў і свабод (з моманту фактычнага затрымання). У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.

«Адзначу, што на практыцы сілавыя органы (у прыватнасці, ГУБАЗіК) ігнаруюць гэтае канстытуцыйнае права грамадзяніна, аргументуючы, што законам «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці» яно не прадугледжана. Аднак згаданы закон не адзіны нарматыўна-прававы акт у Беларусі. Адпаведна, не выключаецца простае ўжыванне артыкула 62 Канстытуцыі ў працы сілавых органаў», — звяртае ўвагу Андрэй Мачалаў.

Таксама ніхто не адмяняў 27-ы артыкул Канстытуцыі: нікога не павінны прымушаць да давання сведчанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў. Довады, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы.

Таксама можна спасылацца на прапісаныя вышэй прынцыпы КПК.

Нягледзячы на існы прававы дэфолт, адвакат раіць усё адно звяртацца з заявамі ў міліцыю для фіксацыі парушэння правоў.

«Складана сказаць, наколькі гэта будзе эфектыўна ў сённяшніх умовах. Але мы маем частку 48 КПК, якая рэгулюе кампенсацыю шкоды, нанесенай фізічнай ці юрыдычнай асобе незаконнымі дзеяннямі органа, што вядзе крымінальны працэс, і маем права ёй карыстацца». 

Каментарый праваабаронцы Паўла Сапелкі

Павел Сапелка. Фота racyja.com

Павел Сапелка. Фота racyja.com

«Ёсць дакладныя факты, якія паказваюць, што такія ролікі выкарыстоўваюцца ў судзе ў якасці доказаў віны, і суддзяў не бянтэжыць той факт, што гэтыя «пакаянні» ёсць, па сутнасці, допыт без абаронцы, без тлумачэння і без забеспячэння права не сведчыць супраць сябе, — кажа Сапелка.

— Кожны мае права не ўдзельнічаць у гэтым, аднак гэта права ігнаруюць, а рашучасць бараніць яго гатовыя зламаць (досыць згадаць шырока вядомы ролік з Мікалаем Дзядком у галоўнай ролі).

Адказваць за гэта ім, спадзяюся, давядзецца: у злачынстваў супраць чалавечнасці няма тэрмінаў даўніны, а рознага роду прапагандысты, якія распаўсюджваюць далей відэаролікі ў інфармацыйнай прасторы, цалкам падыходзяць на ролю памагатых у злачынстве».

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0