Фота: 1prof.by
Чысткі кадраў ідуць хвалямі, іх логіка ўжо становіцца зразумелай. У першай хвалі, якая дакацілася ўжо амаль да ўсіх арганізацый, пад скарачэнне трапляюць тыя людзі, якія падпісваліся за дэмакратычных кандыдатаў на выбарах 2020-га. У другую хвалю трапляюць тыя, хто быў на акцыях пратэсту — гэта высвятляецца па білінгах мабільнага тэлефона.
Тым, хто паводле звестак білінгаў знаходзіўся ў месцах, дзе праходзілі акцыі, часам даводзіцца мець размову з «асабістам» у прысутнасці начальства і тлумачыць, напрыклад, што «ехаў на тралейбусе побач» ці «хадзіў на рынак».
Калі ж чалавек ужо трапіў у спіс КДБ, то застацца на рабоце амаль немагчыма. А што, калі звольніць трэба шмат спецыялістаў? Тады кіраўнікі прыдумляюць пэўныя схемы.
Як расказаў супрацоўнік адной з арганізацый, звольнены па палітычных матывах супрацоўнік працягвае неафіцыйна працаваць.
«Справа ў тым, што дырэктар гэтай арганізацыі і ягоны намеснік у свой час трапілі на пасады па пратэкцыі, — кажа наш суразмоўца. — Яны нічога не разумеюць у рабоце арганізацыі. І калі галоўнага спецыяліста звольнілі, яны вырашылі яго пакінуць, але неафіцыйна. Цяпер яны скідваюцца са сваіх заробкаў і плацяць яму наяўнымі. А ён працягвае рабіць тую ж самую работу».
Яшчэ адна гісторыя звязаная з адной з дзяржаўных будаўнічых арганізацый.
«Звольнілі якасных спецыялістаў. Потым адсправаздачыліся ў КДБ і ўзялі людзей назад, — кажа нам абазнаная крыніца. — Ніхто не казаў, што назад нельга браць, і працаваць няма каму, усе паказчыкі былі б заваленыя».
Іншыя кіраўнікі ідуць на заведама незаконныя звальненні, каб захаваць чалавека на рабоце і выканаць патрабаванне органаў ці выканкама.
«Я звальняў людзей абсалютна крыва, так, як нельга было звальняць. Звальняў у адпачынку, звальняў па артыкуле людзей без ніводнага спагнання. Адпаведна, яны гэтае рашэнне абскарджвалі, і суд аднаўляў іх на рабоце, такім чынам і я, і выканкам заставаліся задаволенымі», — расказаў нам адзін з правінцыйных дырэктараў.
***
Калі вам вядомыя іншыя гісторыі, то паведамляйце нам іх у тэлеграм бот «Нашай Нівы». Гэта ананімна і бяспечна.
Чытайце таксама:
«Спісы спускае КДБ». Чытачы з усёй краіны паведамляюць пра новыя «палітычныя» звальненні
«Працаваць няма каму». На беларускай чыгунцы — новая хваля палітычных звальненняў (дабраліся і да кіраўніцтва)
«Адчуванне, што гэта булінг, а не прамая лінія». Старшыня Дзяржкамітэта судовых экспертыз эмацыйна адрэагаваў на пытанне пра палітычныя звальненні





