Фота: уласны архіў

Фота: уласны архіў

Вольга расказвае: «Усё як ва ўсіх: пачалі грукацца ў дзверы, пасля нешта пілавалі, замок, як я зразумела. 

Я адчыніла дзверы. Заляцелі тры амапаўцы са зброяй, з імі два з ГУБАЗіК і трое панятых. Мяне прыпёрлі да сцяны, праверылі, што больш у хаце нікога няма. 

Пасля паказалі пастанову. У ёй было сказана, што я сведка па крымінальнай справе аб падпісках на нейкі тэлеграм-канал, прызнаны экстрэмісцкім. 

Пасля быў ператрус. Тупа падыходзіў адзін чалавек, пачынаючы з кухні, браў крупу, муку, высыпаў на падлогу. Разарваў і высыпаў два пакеты з кормам для катоў. Аблазіў пліту, шафу. Я ўбачыла гэты пагром, раззлавалася, кінула пакет з семкамі, кажу: «А што вы тут не праверылі, можа там таксама зброя схаваная?»

Тады яны вырашылі, што я агрэсіўная, завялі мне рукі за спіну і надзелі кайданкі. Калі ўсе пакоі пераварушылі, з мяне знялі кайданкі і павезлі ў ГУБАЗіК. У мяне нічога не было, тэлефона, тэхнікі, адпаведна, нічога не забралі. Там я падпісала нейкую паперу, што ў мяне нічога не забралі, затым павезлі ў Следчы камітэт.

Там было двое следчых. Адзін, які выдаў пастанову на ператрус, меў пытанне: ці з'яўляюся я падпісчыкам экстрэмісцкага тэлеграм-канала? Я патлумачыла, што не маю ніякага дачынення да тэлеграм-каналаў.

У другога было пытанне па старой справе, яшчэ з мінулага года, там я таксама праходзіла сведкай. Дэталі сказаць не магу, я дала падпіску аб неразгалошванні.

У выніку яны са мною пагаварылі і мяне проста адпусцілі. Ніхто перада мною не выбачаўся, дарэчы. Чаму яны заляцелі так жорстка да мяне, я не ведаю.

Можа, гэта была помста за тое, што я ў панядзелак дзверы не адчыніла? Бо ў панядзелак да мяне ламіліся, грукалі ў дзверы — але я не адчыняла. Ну і раней мяне выклікалі да следчых, але я ігнаравала і проста не прыходзіла.

Ці можа гэта было зроблена проста паказальна, каб запалохаць, каб не думала пра палітыку. Ці проста каб запомніла надоўга нашых супрацоўнікаў міліцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0