Яму пагражае да 12 гадоў турмы за лайк, які ён паставіў пад камэнтаром у адной з сацыяльных сетак. Камэнтар пакінуў іншы чалавек у абмеркаваньні перастрэлкі ў Менску, дзе загінулі праграміст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ.

Пра крымінальную справу Свабодзе расказала сястра затрыманага ратавальніка Надзея.

«Яго — тварам у падлогу, на жонку наставілі аўтамат»

30 верасьня Аляксандру Курганскаму патэлефанавалі зь незнаёмага нумару і спыталіся, ці дома ён. Празь некалькі хвілін у кватэру ўварваліся шэсьць чалавек у бронекамізэльках, са зброяй.

«Брата паклалі тварам у падлогу. Жонка спрабавала зрабіць крок да яго, але на яе наставілі аўтамат і закрычалі: «Стаяць!». У жонкі Сашы было адчуваньне, што іх гатовыя былі грызьці зубамі, настолькі былі злосныя. Яна, як і Саша, абсалютна не разумела, за што. Нічога не казалі, не прадстаўляліся. Потым прыйшлі з вобшукам. Жонка зноў спыталася: «За што?» Яны агрызнуліся: «Будзеш усялякую х…ню лайкаць у інтэрнэце, і па цябе прыйдзем!» — кажа Надзея.

Жонка шукала інфармацыю пра мужа, тэлефанавала ў міліцыю, ІЧУ, СІЗА. Але ніхто ёй не даваў адказу, дзе Аляксандар, за што яго затрымалі. Потым знаёмыя скінулі ёй відэа з праўладнага тэлеграм-каналу, дзе Аляксандар «каяўся» і «прызнаваў віну» ў тым, што паставіў лайк пад камэнтаром у сеціве, які тычыўся сьмерці супрацоўніка КДБ.

«Навошта ты лайк паставіў? Значыць, ты згодны з тым, што напісана?» — дапытвае Аляксандра невядомы, якога не відаць на відэа.

У МНС абяцалі дапамагчы, а звольнілі задняй датай і запатрабавалі сплаціць 7 тысяч

«Потым жонцы патэлефанавалі з МНС, сказалі: «Оля, не перажывай, мы дапаможам», а па выніку звольнілі задняй датай і абавязалі сплаціць 7 тысяч «кантрактных». Брату, наколькі я зразумела, далі падпісаць паперу на звальненьне ў міліцыі. Калі ў Сашы спыталіся пазьней — чаму ён падпісаў паперу на звальненьне, ён адказаў: «У мяне не было іншага выйсьця, вам не перадаць словамі, што тут было».

Жонцы ўжо прыйшоў ліст з аддзелу прымусовага выкананьня, дзе пагражаюць апісаць маёмасьць. У яе няма такіх грошай. У іх двое малых дзяцей — сямі і адзінаццаці гадоў», — кажа Надзея.

«За лайк — да 12 гадоў! Гэта абсурд!»

Жонка ратавальніка зь цяжкасьцю знайшла адваката — ніхто не хацеў брацца за «палітычную» справу. Аляксандра завезьлі ў турму ў Жодзіна. Паўтара месяца ён ня меў перадач, да яго не дапускалі адваката — як і да ўсіх затрыманых па «справе Зельцара».

«Там былі вельмі благія ўмовы… Ім нават не давалі туалетнай паперы. Тым часам мы паўтара месяца нічога ня ведалі пра Сашу. Калі адвакат нарэшце сустрэлася зь ім, той быў вельмі прыгнечаны… І гэта чалавек, які працаваў ратавальнікам, які бачыў страшныя рэчы, ён жа ня хлопчык. Ён сказаў, што ўжо страціў надзею, што некалі выйдзе адтуль ці што яго нехта наведае», — кажа Надзея.

Нядаўна Аляксандра перавялі з жодзінскай турмы ў горадзенскую. Жонцы стала трохі лягчэй — хоць ня трэба вазіць перадачы за 400 кілямэтраў.

«Саша таксама напісаў, што яму лягчэй, што фізычна ён стаў бліжэй да родных людзей. Але ён дагэтуль у шоку і не разумее, як так. За лайк — да 12 гадоў турмы? Гэта абсурд!» — кажа сястра зьняволенага.

Аляксандру Курганскаму выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 369 (абраза службовай асобы) і часткі 3 артыкула 130 (распальваньне варожасьці). Цяпер па ягонай справе прызначана лінгвістычная экспэртыза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?