У нас салідарная пенсійная сістэма. То-бок узносы работнікаў размяркоўваюцца на цяперашніх пенсіянераў. Праз дэмаграфічныя праблемы нагрузка будзе толькі расці.

Сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі (ён паказвае, колькі дзяцей у сярэднім нараджае жанчына) — 1,4. Калі сітуацыя застанецца такой жа, то праз 30 год пенсійная нагрузка на аднаго працоўнага чалавека вырасце ў 1,5 разу.

І вось што чакае сістэму. Эксперты BEROC прагназуюць два сцэнарыі.

Калі памер пенсіі застанецца такім, як ёсць (39% ад сярэдняга заробку), то здарыцца моцны дэфіцыт сродкаў у Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Да 2050 года гэты дэфіцыт складзе 5% ВУП.

Калі не залазіць у дадатковыя даўгі і размяркоўваць тыя сродкі фонду, што ёсць, то за 30 год пенсіі ўпадуць да 26% ад сярэдняга заробку. Пенсіянеры стануць у 1,5 разу бяднейшымі.

Гэтыя сцэнарыі яшчэ не ўлічваюць, што беларусы будуць жыць даўжэй (а так і будзе) ці нараджаць менш. Цяпер на пенсіі ідзе 8,6% ВУП.

«Далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту ці ўраўнаванне яго для жанчын і мужчын неабходнае, але гэта не панацэя. Калі, канечне, не павялічыць яго да 70 гадоў, у такім выпадку людзі проста не будуць дажываць да пенсіі», — кажа эканаміст Леў Львоўскі.

Выйсцем эксперты бачаць пераход на накапляльную сістэму. Самі ўлады кажуць пра гэта ўжо некалькі год, але рэформа так і застаецца на словах.

У сярэднім з заробкаў насельніцтва, з улікам розных ільгот, 17% ідзе ў пенсійную сістэму. Самы лепшы вынік паказвае мадэль, калі траціна гэтых адлічэнняў паступае на накапляльны рахунак.

Праблема ў тым, што пры пераходзе на такую сістэму на пачатку здарыцца рэзкі дэфіцыт ФСАН, яго нельга будзе адкласці на потым. Але можна згладзіць, калі першыя пакаленні будуць аддаваць на накапляльны рахунак не траціну, а меншы працэнт, а астатняе пакідаць у салідарнай сістэме.

«Калі б краіна магла ўзяць у доўг 40-50 мільярдаў рублёў пад 1,5% гадавых, у нас бы не было праблем з праведзеннем рэформы. Але такія крэдыты нам не даюць. Цяпер мы займаем пад 6% гадавых. Калі не будзе магчымасці браць у доўг, давядзецца зніжаць пенсіі наступным пенсіянерам», — кажа Леў Львоўскі.

Суседняя Латвія, напрыклад, пад рэформу атрымлівала грошы ад Сусветнага банка. Ён выдаваў сродкі менавіта на сам працэс зменаў — ІТ-тэхналогіі, інфармаванне насельніцтва.

«На чатыры гады пераходнага перыяду быў таксама займ Міжнароднага валютнага фонду. Фонд фінансаваў патрэбы пенсіянераў, якія патрапілі ў гэты перыяд», — кажа Эдгарс Вольскіс, член кіравання Baltic International Bank.

Цяперашняя пенсійная сістэма Латвіі — у дзясятцы найлепшых у свеце. Яна мае тры ўзроўні. Частка адлічэнняў першага ўзроўню ідзе на асабісты рахунак чалавека, частка — на выплаты цяперашнім пажылым. Адлічэнні другога ўзроўню ўкладваюцца ў фінансавыя рынкі (план інвестыцый кожны абірае сам), каб мець магчымасць павысіць накапляльную частку пенсіі. Трэці ўзровень — гэта добраахвотныя дадатковыя ўзносы.

Для нашай краіны пераход на іншую сістэму ў любым разе будзе няпростым.

«Добрыя рэформы можна рабіць, калі мы знаходзімся ва ўзыходзячым трэндзе дэмаграфічнай хвалі. Гэты час быў у Беларусі, але ён упушчаны. Значыць, бязбольных варыянтаў рэформы не засталося», — лічыць Львоўскі.

Чытайце таксама:

Нервовая рэакцыя. СМІ заўважылі, што пенсіі ў Мінску крыху ўпалі. Мінгарвыканкам хутка адрэагаваў — статыстыку з сайта прыбралі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0