Фота: nashkraj.by

Фота: nashkraj.by

Колькі педагагічных тэм журналісты ні падымалі, столькі педагогі гаварылі: «Мы занадта перагружаныя справаздачамі, праверкамі, паходамі па вучнёўскіх дамах… Але ж мы хочам займацца сваёй працай — вучыць дзяцей». Маўляў, як толькі гэта стане магчымым, у беларускай адукацыі адразу намецяцца тэндэнцыі да лепшага.

Распараджэнне «Аб упарадкаванні збору інфармацыі і дзейнасці педагагічных работнікаў». Яно датаванае 24 лістапада і нават ўжо набыло моц.

У распараджэнні пазначана: «Выключыць неабгрунтаваныя запыты (даручэнні) ва ўстановы адукацыі, не звязаныя з выкананнем педагагічнымі работнікамі іх службовых абавязкаў». У дакуменце прыведзены цэлы спіс таго, што педагогі цяпер не абавязаныя рабіць.

Так, напрыклад, у распараджэнні гаворыцца, што настаўнік не павінен прадастаўляць інфармацыю аб запазычанасці па аплаце камуналкі ў сем’ях яго вучняў, стане ў іх дамах печаў і катлоў газавага ацяплення, аб колькасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у жытле навучэнцаў, аб выкананні і невыкананнямі іх бацькамі рэкамендацый медыкаў.

Таксама, згодна з новым дакументам, цяпер настаўнікі не павінны выконваць распараджэнні, не прадугледжаныя працоўным кантрактам.

Яшчэ адзін пункт, якому педагогі, напэўна, павінны былі вельмі ўзрадавацца: цяпер ім не трэба прадастаўляць фатаграфіі і відэа са школьных канцэртаў і мерапрыемстваў, каб зрабіць справаздачу аб іх правядзенні. Гэтак жа, як і рабіць іншую працу, якая адцягвае настаўнікаў ад выканання іх непасрэдных абавязкаў.

Пасля ўступлення распараджэння ў сілу прайшло амаль два тыдні. Мы пагаварылі з педагогамі і даведаліся, што змянілася за гэты час ў іх працы.

«Не змянілася акурат нічога. Настаўнікі як выконвалі, так і выконваюць усё што заўгодна, акрамя сваёй працы. З непатрэбнымі паперкамі і справаздачамі важуся больш, чым правяраю сшыткі сваіх вучняў, — расказвае педагог пачатковых класаў з Гомеля Наталля Уладзіміраўна. — Распараджэнне ёсць, а новых рук, каб выконваць усе тыя ж абавязкі, у школе няма. Таму працуем як і раней».

Прыкладна такая ж сітуацыя і на іншым канцы краіны — у Віцебскай вобласці.

«Наша дашкольная ўстанова асаблівая, нароўні са звычайнымі дзеткамі мы выхоўваем яшчэ і асаблівых. Гаворка пра дзяцей з рознымі дыягназамі, — кажа педагог-псіхолаг з дзіцячага садка аднаго з правінцыйных гарадоў вобласці. — Я люблю сваю працу і сапраўды хачу займацца з дзецьмі і іх бацькамі. Але не магу!

У мяне на гэта элементарна не хапае часу. Таму што і мне, як і маім калегам, даводзіцца выконваць дзясяткі розных спраў, а потым яшчэ запаўняць у сувязі з імі дзясяткі розных дакументаў, каб даць справаздачу перад упраўленнем адукацыі. Наша мясцовае ўпраўленне адукацыі падзеленае на тры часткі, і супрацоўнікі кожнай з іх патрабуюць ад нас дакументаў. Смешна тое, што гэтыя дакументы ўсім патрэбныя «тэрмінова».

Асабіста мне ў дзень прыходзіць лістоў па дзесяць з самымі рознымі патрабаваннямі. З апошняга: «даць справаздачу, як мы забяспечваем захаванасць дзіцячых навагодніх падарункаў», «як адрамантавалі альтанку» (плюс абавязкова скласці каштарыс праведзеных работ і даслаць фота), «як упрыгожылі памяшканне» (плюс абавязковае фота ўпрыгожаных памяшканняў), напісаць, «колькі пажарных апавяшчальніку ў шматдзетных сем’ях», «даць справаздачу аб праведзенай працы па папярэджанні кіберзлачынстваў з бацькамі».

Ёсць і запыты з міліцыі. Але яны прыходзяць не наўпрост адтуль. Іх спачатку дасылаюць ва ўпраўленне адукацыі, а ўжо яны патрабуюць інфармацыю з нас. Прытым гэта павінна быць цэлае расследаванне. Калі вы думаеце, што можна зрабіць проста адпіску, то памыляецеся. Калі ў сям’і дзіцяці нешта здарыцца, вінаваты будзе педагог.

У мяне, напрыклад, быў выпадак, калі ў сям’і, якая жыла ў прыватным доме, здарыўся пажар. Адгадайце, з каго спыталі за няспраўныя пажарныя апавяшчальнікі? З педагогаў. Тое, што выдаюцца распараджэнні, класна, канечне, але на справе яны не працуюць».

Чытайце таксама:

Настаўнікі зноў скардзяцца на прымусовую падпіску. Юрыст: «Без настойлівасці наўрад ці атрымаецца адстаяць свае правы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0