У той дзень у Баранавічах прайшла хваля затрыманняў і ператрусаў, якія праводзілі супрацоўнікі другога аддзялення шостага ўпраўлення ГУБАЗіК. Справы вёў суддзя Сяргей Данільчык, паведамляюць праваабаронцы.

Наталлю Рослік пакаралі за падпіску на чат-бот, які ўлады прызналі экстрэмісцкім. Пасля ператрусу Наталлю адвезлі ў ГАУС, дзе ў тэлефоне знайшлі падпіску на канал. За гэта на жанчыну склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (захоўванне з мэтай распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).

У Наталлі ёсць двое непаўналетніх дзяцей, таму яе пасля ператрусу адпусцілі дадому. Сёння суддзя прызначыў Рослік штраф у памеры 522 рублёў (18 базавых велічыняў).

Пенсіянерку Вольгу Заяц аштрафавалі на 435 рублёў (15 базавых велічыняў). Жанчыну абвінавацілі ў падпісцы на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы. Пасля ператрусу ў Вольгі дома ў ГАУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП. Сваю віну на судзе Заяц прызнала. У жанчыны таксама канфіскавалі тэлефон.

Таксама аштрафалі маці двух непаўналетніх дзяцей Дар’ю Несцер. 18 лістапада ГУБАЗіК правёў у кватэры ператрус, пасля чаго яе даставілі ў ГАУС. Згодна з пратаколам, яна была падпісаная на два экстрэмісцкія каналы. Суддзя Данільчык пастанавіў прызнаць Дар’ю вінаватай і аштрафаваць на 522 рублі (18 базавых велічыняў) з канфіскацыей тэлефона і ноўтбука. 

На гэты момант праваабаронцам вядомыя прозвішчы 15 затрыманых 18 лістапада жыхароў Баранавіч, пяцярых з якіх пакаралі арыштамі ад 6 да 15 сутак, і яшчэ чытыры чалавекі былі аштрафаваныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0