«Замацавалі тое, што ёсць на практыцы»

Адна са змен тычыцца дыстанцыйнай працы. У кодэксе прапішуць, што працаваць аддалена можна будзе як пастаянна, так і часова (не больш за шэсць месяцаў у годзе). Або чаргаваць офіс і дом.

Па сутнасці, у законе замацуюць тое, што і так ёсць на практыцы, кажа лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

«Некаторыя бухгалтары дні два працуюць у офісе, а тры — дыстанцыйна. Тое ж у праграмістаў. Жыццё ўжо паказала, што ад гэтага праца не становіцца горшай».

«Будзе матывацыя зрабіць вакцынацыю»

Работнікам хочуць даць свабодныя дні для праходжання дыспансерызацыі. Яны будуць аплачвацца як звычайныя — захаваецца сярэдні заробак па месцы працы. Каб узяць такі дзень, трэба будзе напісаць заяву, а пасля прынесці кіраўніцтву дакументы, якія пацвярджаюць, што вы сапраўды займаліся здароўем.

Такое новаўвядзенне — на карысць работнікам. Бо цяпер, каб схадзіць на прафілактычны агляд ці прышчэпку, трэба браць адгул за свой кошт ці за кошт будучага адпачынку.

«Плюс у тым, што будзе матывацыя ў чалавека зрабіць вакцынацыю, напрыклад. Калі цяпер пасля прышчэпкі ў работнікаў тэмпература, то яму трэба браць бальнічны. Даюць яго толькі ў паліклініцы, але там вялікая нагрузка на тэрапеўтаў, чэргі. Да таго ж, калі выходзіш на бальнічны, табе першыя дні плацяць 80% заробку, — звяртае ўвагу Фядыніч. — 

Але мне не зусім зразумела, чаму колькасць гэтых свабодных ад працы дзён будзе залежаць ад узросту работніка. Чаму толькі ад узросту, а не ад стану здароўя?

Лічу, што тут недапрацаваная норма. Незразумела, хто і як будзе вырашаць, колькі дзён даць на дыспансерызацыю».

«Вольны дзень бяруць, каб адпусціць жонку па справах»

Яшчэ адна змена будзе тычыцца бацькоў, які выхоўваюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў або дзіця-інваліда да 18 гадоў. Замест дадатковага свабоднага дня ў тыдзень яны могуць папрасіць скарочаны працоўны дзень і вызваляцца на гадзіну раней. Заробак пры гэтым захаваецца.

Генадзь Фядыніч лічыць, што гэта не будзе запатрабаваным.

«Людзі бяруць вольны дзень, каб, можа, адпусціць жонку — да доктара, па гаспадарчых пытаннях. Што гэтая гадзіна дае? Нічога. Не думаю, што гэтым будуць карыстацца».

Магчыма, скарочаны дзень больш выгадны для наймальніка, чым дадатковы выхадны? 

«Калі ёсць план, ты можаш папрацаваць і чатыры дні так прадуктыўна, каб пяты табе быў выхадны і наймальніка ўсё задавальняла. Бо давайце шчыра: калі ты не будзеш выконваць план і толькі браць выхадныя па законе, якому наймальніку гэта будзе падабацца?» — разважае прафсаюзны лідар.

«30 рублёў ці здароўе — што даражэйшае?»

Апошняе, што прапануюць, — даць работніку на шкоднай вытворасці выбар: атрымаць малако ці грашовую кампенсацыю.

Плюсы тут неадназначныя, мяркуе Фядыніч. Бутэлька малака раз на дзень — гэта каля 30 рублёў на месяц.

«Гэта не грошы для работніка. Калі чалавеку, які працуе ў шкодных умовах, патрэбна піць малако, ён павінен яго піць, і кожны дзень. А то бываюць выпадкі, што на прадпрыемства малако не прывязуць.

Грашовая кампенсацыя, я лічу, гэта не клопат пра здароўе. Калі мы гаворым пра 30 рублёў ці пра здароўе — што даражэйшае? Ці гэта малако ніякім чынам сёння не ўплывае на стан чалавека?

Трэба раіцца з медыкамі. Калі яны кажуць, што можна даць грашыма, то ёсць небяспека, што праз год адменяць і гэтае малако, і грошы».

Якіх змен у законе не хапае?

Прафсаюзны лідар кажа, што каб сапраўды палепшыць стан работнікаў, варта было б падумаць над іншымі зменамі ў законе. Напрыклад, сысці ад кантрактнай сістэмы да бестэрміновых дамоў. Бо з кантрактамі адны работнікі хвалююцца, ці не выкінуць іх з прадпрыемства праз год, а іншыя не могуць звольніцца пры патрэбе.

«Варта было б таксама выразна прапісаць, што аклад не можа быць ніжэйшы за мінімальны заробак. Не ўсе наймальнікі гэтага прытрымліваюцца, некаторыя ўключаюць у мінімальную суму і прэміі. Але ж прэмія адзін месяц можа быць, а другі не».

Чытайце таксама:

Мінпрацы анансавала навацыі ў Працоўны кодэкс

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0