Святлана Бандарэнка

Святлана Бандарэнка

Да гэтага Святлана Бандарэнка працавала ў Маскоўскім раённым судзе Мінска, апошнім часам — намеснікам старшыні, займалася адміністратыўнымі і крымінальнымі справамі. У яе рэпутацыя ўраўнаважанай і скрупулёзнай суддзі. Гэта, аднак, не перашкодзіла быць датычнай да палітычных спраў.

Адзін з першых гучных палітычных працэсаў, якім яна запомнілася, — суд па справе ўдзельніка «Плошчы-2010» Уладзіміра Кондруся, які падчас пасяджэння пайшоў на адчайны крок — паспрабаваў ускрыць сабе вены. У выніку яму далі 1,5 года «хатняй хіміі» і накіравалі на прымусовае лячэнне (суд прызнаў яго абмежаваным у свядомасці).

Таксама Святлана Бандарэнка разглядала справу аб смерці вязня на Валадарцы. Сваякі Ігара Пцічкіна дабіваліся, каб за гэта прыцягнулі да адказнасці супрацоўнікаў СІЗА. У выніку пакаралі фельчара Аляксандра Крылова, яму далі тры гады пазбаўлення свабоды. 

Апроч таго, Бандарэнка была суддзёй па справе аб выбуху на салюце 3 ліпеня ў Мінску. Тады двое супрацоўнікаў расійскай піратэхнічнай кампаніі, якая пастаўляла ў Беларусь феерверкі, і адзін з беларускіх афіцэраў атрымалі па тры гады зняволення.

Пасля выбараў-2020 суддзя Бандарэнка па адміністратыўных справах, звязаных з палітычнай дзейнасцю, вынесла штрафаў больш чым на 15 тысяч рублёў і больш чым 600 сутак арышту.

Адзін з самых знакавых працэсаў у кар’еры Святланы Бандарэнкі — справа «аб нуль праміле», калі пасля смерці Рамана Бандарэнкі (з суддзёй яны не сваякі, проста аднафамільцы) сілавікі арыштавалі журналістку «Тутбай» Кацярыну Барысевіч, якая са спасылкай на медыкаў напісала, што Раман быў цвярозым. Лукашэнка са спасылкай на СК сцвярджаў адваротнае. Таксама па гэтай справе затрымалі доктара, які спрабаваў выратаваць Рамана, Арцёма Сарокіна, ён размаўляў з журналісткай.

Фігурантаў абвінавацілі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы, хаця сваякі не былі супраць публікацыі, больш за тое, неаднаразова самі каментавалі сітуацыю, настойвалі, што не маюць прэтэнзій ні да медыкаў, ні да СМІ.

«Журналістыкі ў Беларусі больш не існуе». Як жыве Кацярына Барысевіч праз год пасля затрымання, суда і кратаў

Па загадзе Лукашэнкі справу перадалі ў Генеральную пракуратуру, якая заявіла, што сваімі дзеяннямі Барысевіч і Сарокін прывялі да цяжкіх наступстваў для грамадства, у тым ліку масавых акцый пратэсту. Незадоўга да пачатку суда Генпракуратура завяла крымінальную справу па факце смерці Рамана, на гэта ў іх сышло каля трох месяцаў. Гэта дапамагло абгрунтаваць закрыты працэс па справе Сарокіна і Барысевіч. У выніку публічным быў толькі прысуд: журналістка атрымала паўгода зняволення, доктар — два гады пазбаўлення свабоды, але з адтэрміноўкай на год, ён выйшаў на свабоду ў судзе.

Суддзя Бандарэнка дала Кацярыне Барысевіч мінімальна магчымы тэрмін, хоць і рэальны, без адтэрміноўкі. Вядома, што пракуратура настойвала на больш суворым пакаранні, падавала пратэст у Мінгарсуд, аднак рашэнне засталося тым жа. Кацярына яшчэ некалькі месяцаў правяла ў СІЗА, на кароткі час яе адправілі ў калонію, у маі 2021 года яна выйшла на свабоду. 

Вінаватыя ў забойстве Рамана Бандарэнкі не знойдзеныя і не пакараныя, мінуў год з дня трагедыі. Генпракуратура прыпыніла расследаванне. 

Аляксандр Петраш

Аляксандр Петраш

Цікава, што суддзя па «справе БелТА», калі судзілі галоўнага рэдактара партала «Тутбай» Марыну Золатаву, у свой час таксама хутка пайшоў на павышэнне — Аляксандра Петраша з суда Маскоўскага раёна павысілі да намесніка старшыні суда Заводскага раёна, а пасля прызначылі старшынёй суда Цэнтральнага раёна, гэта самае прэстыжнае месца сярод раённых судоў Мінска. Петрашу на той момант было трошкі больш за 30 год. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1