Фоты з «Інстаграма» дзяўчыны
«Адміністрацыя карэктна папрасіла прыбраць ружовыя валасы»
19-гадовая Паліна вучыцца ў каледжы на апошнім курсе на настаўніцу англійскай мовы. У школе яна праходзіць практыку — тры разы на тыдзень вядзе ўрокі ў старшакласнікаў.
«Працаваць з 11 класам было маім пажаданнем. На мінулых практыках нам давалі дзяцей з 5-7 класа, і мне захацелася выбраць штосьці складанейшае», — тлумачыць дзяўчына.
Англійскую мову яна любіць з дзяцінства.
«У мяне цётка жыве ў Англіі, і я марыла да яе пераехаць. Адвучыцца, паступіць на «вышку» на перакладчыка — і ў Лондан. Але цяпер вышэйшую адукацыю не планую атрымліваць, змяніліся інтарэсы».
Яркі вобраз з ружовымі валасамі і скайсамі (стразамі) на зубах яна прымерыла два месяцы таму.
«Я натхняюся Маргенштэрнам, і ён сказаў цікавую рэч: часам трэба адключаць мозг і думаць сэрцам. У той момант я адключыла мозг і падумала сэрцам: чаго я насамрэч жадаю? Проста не хачу губляць час і выбіраю кайфаваць.
Рэакцыя адміністрацыі была дваякая. Яны карэктна папрасілі прыбраць ружовыя валасы, бо мой знешні выгляд не адпавядае правілам. Настаўнікі абарочваліся, глядзелі, чаму гэта практыканты ходзяць з ружовымі валасамі, але мне асабіста нічога не казалі.
Мае 11-класнікі паставіліся станоўча. Я думала, яны не будуць успрымаць мяне ўсур’ёз, але на маё здзіўленне ўсё прайшло добра. Я гутару з імі як педагог, але на іх хвалі. Яны мяне паважаюць. Узровень іх ведаў не вельмі высокі, але пры гэтым яны заўсёды стараюцца здзівіць мяне. Класныя дзеці!
А малодшыя школьнікі крыху неадэкватна рэагуюць, тыкаюць пальцам. У калідорах крычаць: «Божа, гэта што, інстасамка?».
«Са старшакласнікамі дамовіліся: калі вы паважаеце мяне, я буду паважаць вас»
Як гэта — весці ўрокі ў сваіх амаль аднагодак? Паліна кажа, што няёмкіх сітуацый з «падкатамі не было».
«Я сябе першапачаткова паставіла дастаткова строга. Мы дамовіліся: калі вы будзеце паважаць мяне, я буду паважаць вас. І ўсё — дзеці трымаюць дыстанцыю. Наогул, старэйшыя класы — гэта самы траўмаваны ўзрост. І я б вельмі хацела, каб мне ў 11 класе далі такую падтрымку, як даю дзецям я. Усе кажуць, што школа — сям’я. Дык чаму ўсе пакалечаныя адтуль выходзяць пастаянна?»
Вучні пра «Тыкток» настаўніцы ведаюць. Некаторыя нават здымаюцца з ёй у роліках.
Гэта не першы эпатажны вобраз маладога педагога. Улетку Паліна хадзіла ў ружовым парыку, але не спадабалася: не яе.
«Дрэскод — гэта своеасаблівая дысцыпліна для дзяцей. Але праз яе, магчыма, я цяпер у такім вобразе, бо ўсё падлеткавае жыццё мяне прымушалі збіраць у прычоску валасы і адзявацца па форме.
А калі я адчула свабоду, зрабіла з сябе яркага чалавека. Таму я таплю за тое, каб дзеці праяўляліся ў школе — лепш перафарбавацца ва ўсе колеры ў гэтым узросце, чым гэта рабіць у маім.
У школьным узросце я была залежная ад чужога меркавання, мне было страшна паказваць сябе. Хацела быць як усе — проста прыгожай дзяўчынкай. Потым падрасла і зразумела, што наогул не трэба думаць, што пра цябе кажуць».
У вольны час дзяўчына цікавіцца духоўнымі практыкамі.
«Працую з падсвядомасцю. Ёга, медытацыі — мая тэма. Яшчэ займаюся СММ, гэта мая асноўная праца. Зарабляю тым, што прасоўваю профілі ў сацсетках».
«Хлопца ў мяне няма, яны цяпер не надта цікавяць»
У Палініным «Інстаграме» ёсць пікантныя фота. Асуджэння яна не баіцца — кажа, яе і так ужо асуджаюць.
«Калі ў мяне крыху ўзляцеў «Тыкток», усе мае сябры зніклі. Я падтрымку атрымліваю ад незнаёмых людзей, якія падпісаныя на мяне. А тыя, хто раней быў побач, проста глядзяць мае сторыз. Можа, яны не разумеюць, што адбываецца, але ў цяперашні час мне вельмі патрэбная падтрымка».
Хлопца ў Паліны няма, яны яе цяпер не надта цікавяць. Яна жыве з бацькамі. Усміхаецца, што стараецца іх асабліва не пасвячаць ў тое, чым займаецца, але тыя ўжо прывыклі да яе выхадак.
Звязваць жыццё са школай дзяўчына не збіраецца. Хоча стаць блогеркай. Відэа, дзе яна прызнаецца, што працуе настаўніцай, сабрала ў «Тыктоку» два мільёны праглядаў.
«Хачу быць паўсюль, як Маргенштэрн. Каб пра мяне гаварылі, хачу правакаваць, матываваць людзей. Мне падабаецца выказваць сваё меркаванне, уплываць на іншых з добрага боку. Блогінг — гэта школа жыцця, бо я вельмі адчувальная. І тое, колькі цяпер выліваецца на мяне хэйту, вельмі цяжка для мяне».





