Міжнародная канфэрэнцыя ў Вене. Міхаэль Лінгарт, Сьвятлана Ціханоўская, Аляксандар Шаленбэрг, Олівер Вархэі, 22.11.2021

Міжнародная канфэрэнцыя ў Вене. Міхаэль Лінгарт, Сьвятлана Ціханоўская, Аляксандар Шаленбэрг, Олівер Вархэі, 22.11.2021

Канферэнцыю арганізавалі федэральны канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг і міністар замежных спраў Міхаэль Лінгарт пры ўдзеле Офіса Святланы Ціханоўскай, паведаміла яе прэс-служба. Паводле Шаленберга, Эўропа павінна паважаць барацьбу беларускага народа.

Што заявілі ўдзельнікі канфэрэнцыі па выніках дыскусіі

Аляксандар Шаленберг заявіў, што Эўропа павінна весці дыялог наўпрост з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, быць з'яднанай і ўводзіць сапраўды эфэктыўныя санкцыі супраць дзейных нелегітымных уладаў. Шлях да сапраўдных дэмакратычных выбараў і транзіту ўлады ў Беларусі, на думку канцлера, пракладзе толькі рэальны дыялог.

На пытанне пра актыўны аўстрыйскі ўдзел у эканоміцы Беларусі канцлер адказаў, што грошы ідуць прыватным, а не дзяржаўным кампаніям, а таксама Аўстрыя не хоча біць санкцыямі па людзях, толькі па рэжыме. Аднак у гэтым пытанні пастаянна адбываюцца дыскусіі з партнёрамі. Акрамя таго, ёсьць асцярогі, што ў выпадку поўнага згортвання працы шэрагу кампаній яны будуць проста замененыя ў Беларусі іншымі кампаніямі, якім, магчыма, не будзе справы да шанавання правоў чалавека і іншых базавых пытанняў.

Па словах Шаленберга, краіна працягне, у тым ліку праз міністра замежных спраў Беларусі Макея, дамагацца таго, каб нелегітымныя ўлады селі за стол перамоваў.

Святлана Ціханоўская нагадала пра жахлівую колькасць палітвязняў на радзіме, пра забітых і пра тых, хто быў змушаны часова пакінуць краіну.

«Лукашэнку нельга перавучыць. Яму нельга верыць. Дыялог павінен адбыцца толькі паміж беларусамі, прычым тады, калі выпусцяць усіх незаконна пасаджаных у турму. Я асобна папрасіла на сённяшняй сустрэчы палітыкаў з іншых краін не мець ніякіх кантактаў з рэжымам, пакуль ён не выканае нашых патрабаванняў».

Таксама Ціханоўская адзначыла важнасць эфэктыўных санкцый супраць атачэння Лукашэнкі, бо «дыпламатычнай мовы рэжым не разумее».

Еўракамісар Олівер Вархэі паведаміў, што 33 мільёны эўра дапамогі ўжо пайшлі ў розныя сектары дэмакратычнай супольнасці Беларусі ад жніўня, а цяпер Еўропа працягне курс на дапамогу незалежнай журналістыцы, недзяржаўным арганізацыям і іншым сферам беларускай незалежнай супольнасці.

Міхаэль Лінгарт зазначыў, што мігранцкі крызіс не здолеў адцягнуць увагу еўрапейскіх палітыкаў ад таго, што робіцца ўнутры Беларусі, ніхто не адмовіўся ад курсу на дэмакратычную Беларусь, на спрыянне вызваленню краіны. Мэта гэтых захадаў адна — «каб кожны ў Беларусі меў шанец квітнець». Дыпламатычная акадэмія Вены абвясціла набор 15 маладых беларусаў на праграму навучання.

Што казалі ўдзельнікі падчас канферэнцыі

Еўракамісар Олівер Вархэі прывітаў беларускую палітычную дзяячку перад пачаткам канферэнцыі і перадаў апошнюю інфармацыю пра завоз бясплатных вакцын у Беларусь: у справу ўвайшла Сусветная арганізацыя здароўя, трэба дазбіраць мільён вакцын, і Еўропа ўжо блізкая да гэтага. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што вакцыны — пытанне не палітыкі, а жыццяў беларусаў.

Міністр замежных спраў Фінляндыі Пэка Хаавіста падкрэсліў, што хоць людзі не могуць цяпер адкрыта пратэставаць, гэта не значыць, што беларусы не хочуць перамен. Лукашэнка пры гэтым не жадае ўваходзіць у дыялог з апазіцыяй, а ключавы пункт для вырашэння крызісу — Расія, якая супрацоўнічае з Лукашэнкам і падтрымлівае яго.

Кіраўнік МЗС Нямеччыны Хайка Маас заявіў, што Еўрасаюз і далей працуе над санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі: на мінулым тыдні быў прыняты базіс пятага пакету, куды ўвайшлі судздзі, пракуроры, асобы са службаў бяспекі, якія маюць дачыненне да рэпрэсій. Таксама Еўропа і Нямеччына падтрымліваюць запуск спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, каб спыніць беззаконне. На саміце Усходняга партнёрства павінен прагучаць голас дэмакратычных сіл Беларусі.

Міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Раў асабліва адзначыў, што беларусы заплацілі вялізную цану за сваю мару, загінулі людзі. Еўропа і ЗША, на думку міністра, павінны быць адзіныя, а санкцыйны спіс — шырокі. Ён запэўніў, што міжнародная супольнасць «не вернецца ў статус-кво, які быў да выбараў 2020 года».

Намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас звярнуў увагу ўдзельнікаў Венскай канфэрэнцыі на тое, што паляпшэнняў у Беларусі так і не адбылося: крызіс на мяжы працягваецца, а беларусаў па-ранейшаму арыштоўваюць і кідаюць у турмы. Рэформу, прапанаваную Лукашэнкам, нельга лічыць канстытуцыйнай, бо яе высунуў нелегітымны дыктатар, а не законны кіраўнік краіны. Цяпер, на думку Адаменаса, важна змусіць рэжым размаўляць і перадаваць уладу, а таксама захаваць незалежнасць Беларусі ад Расіі.

Святлана Ціханоўская ў сваім выступе адзначыла, што трэба працягваць ціск на рэжым, вызваліць усіх зняволеных па палітычных матывах і не рабіць ніякіх саступак нелегітымнаму Лукашэнку на чале Беларусі. Дыялог можа пачацца толькі пасля вызвалення ўсіх невінаватых.

«Востры гуманітарны і палітычны крызісы ў Беларусі яскрава паказваюць, што сітуацыя далёкая ад стабільнай. Дыктатар, трымаючыся за ўладу, адчуваючы поўную беспакаранасць, працягвае тэрарызаваць не толькі беларусаў, але і суседнія краіны. Беларусы ў сваёй краіне не пачуваюцца ў бяспецы, а Еўропа не можа адчуваць сябе ў бяспецы, пакуль пры ўладзе Лукашэнка.

Вы можаце ўбачыць яго нядаўняе інтэрв'ю BBC, дзе ён прызнаўся ў масавых катаваннях і садзейнічанні кантрабандзе мігрантаў. Ён не здаецца чалавекам, які кантралюе сітуацыю. Больш за тое, ён здаецца няўпэўненым і адчайным, дзейнічае імпульсіўна і эмацыйна, імкнучыся ўсімі сіламі ўтрымацца ва ўладзе. Сёння гэта кантрабанда мігрантаў — што ён будзе рабіць заўтра?»

Разам з гэтым Ціханоўская выказала шкадаваньне, што чым больш зацягваецца крызіс, тым больш прывабным робіцца вяртанне да формулы «бізнэс у звычайным рэжыме» і «Realpolitik».

«Мы бачым гэта з памежным крызісам: рэжым збольшага атрымаў тое, чаго хацеў — пэўную дадатковую легітымнасць праз узаемадзеянне. Але мы падкрэсліваем, што гэта не павінна быць нормай. Няма сэнсу звязвацца з рэжымам, бо яму нельга давяраць. Мы таксама бачым, што рэжым спрабуе разбурыць адзінства, якое існавала сярод еўрапейскіх лідараў дагэтуль».

Ціханоўская заклікала да паслядоўнасьці ў патрабаваннях і дзеяннях.

«Мы не павінны траціць увагу да выбараў. Рэальныя змены могуць прынесці толькі выбары, а не іх імітацыя. Прапанаваны рэжымам канстытуцыйны рэферэндум мае на мэце замарозіць крызіс і ўмацаваць аўтарытарную сыстэму. Два дні таму дэмакратычныя сілы Беларусі прэзентавалі сумесную стратэгію правядзення так званага рэферэндуму. Цяпер няма ўмоў для правядзення дэмакратычнага рэферэндуму, але мы скарыстаем сваё права голасу і пазбавім рэжым якой-кольвечы легітымнасці».

На думку Ціханоўскай, патрэбная паслядоўнасьць санкцыяў — калі яны будуць прынятыя, то павінны быць цвёрдымі і без «пралазаў», бо «паўмеры толькі шкодныя».

Відэа самой канфэрэнцыі не будзе даступнае ў інтэрнэце, відэатрансляцыю прэс-канфэрэнцыі арганізуе офіс канцлера Аўстрыі з 12-й гадзіны па мясцовым часе.

Апрача арганізатараў, у канферэнцыі бяруць удзел камісар Еўрасаюза ў пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Олівер Вархэі, а таксама міністры замежных спраў Славеніі, Нямеччыны, Славакіі, Фінляндыі, Латвіі і Эстоніі.

Перад пачаткам канферэнцыі ў Вене з вітальным словам выступіў канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг

Перад пачаткам канферэнцыі ў Вене з вітальным словам выступіў канцлер Аўстрыі Аляксандр Шаленберг

Сярод іншага, на канферэнцыі збіраюцца ацаніць ролю АБСЕ ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі ў шэрагу пытанняў, сярод якіх фальсіфікацыя выбараў, гуманітарны крызіс, грубыя парушэнні правоў чалавека, наступствы для рэгіянальнай бяспекі пасля пасадкі самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс і адмова ад вяршэнства закона. Чакаецца, што Святлана Ціханоўская выступіць з праграмнай прамовай.

Святлана Ціханоўская выступае на міжнароднай канферэнцыі ў Вене

Святлана Ціханоўская выступае на міжнароднай канферэнцыі ў Вене

«Правядзенне міжнароднай канферэнцыі такога ўзроўню яшчэ раз падкрэслівае, што вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі з'яўляецца цэнтральным пытаннем для Еўропы сёння, — адзначыла Ціханоўская. — Я ўдзячная федэральнаму канцлеру Шаленбергу і міністру Лінгарту за арганізацыю гэтай канферэнцыі і садзейнічанне ў пошуку канструктыўных падыходаў да ўрэгулявання крызісу з удзелам дэмакратычных сіл Беларусі».

Падчас канферэнцыі таксама пройдуць тэматычныя дыскусіі з удзелам міжнародных экспертаў і дыпламатаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі.

Улады адмовіліся ўзяць удзел

Раней афіцыйны Мінск адмовіўся ад удзелу ў венскай канферэнцыі аб Беларусі. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей назваў яе «бясплённай і бессэнсоўнай задумай».

«Больш за тое, мы разглядаем яе як абсалютна недружалюбны крок у дачыненні да Беларусі. Ніхто з афіцыйных асобаў беларускага боку ў ёй удзелу браць не будзе. Хай для галачкі яны правядуць гэтую імпрэзу, абмяркоўваючы каторы раз з вядомымі беглымі апанентамі ўлады перспектывы змянення ўлады ў Беларусі, не маючы на тое аніякіх сіл і здольнасцяў», — заявіў Макей падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым у Маскве.

Расійскі міністр Лаўроў падтрымаў Макея. Ён сказаў, што «так дыялог не запускаюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0