Начныя беспарадкі ў Ратэрдаме
Сем чалавек пацярпелі падчас масавых беспарадкаў падчас акцыі праціўнікаў кавідных абмежаванняў у Ратэрдаме ў ноч на суботу, 20 лістапада. Пратэстоўцы зладзілі некалькі пажараў у партовым горадзе, закідвалі паліцэйскіх камянямі і абстрэльвалі іх феерверкамі. Паліцыя вымушаная была адкрыць папераджальны агонь і прымяніць вадамёты супраць дэманстрантаў.
Мэр Ратэрдама Ахмед Абуталеб паведаміў аб затрыманні як мінімум 20 чалавек. Падзеі, якія адбыліся ў горадзе, ён апісаў як «оргію гвалту». Для падтрымання грамадскага парадку гарадскія ўлады забаранілі правядзенне сходаў у раёне, дзе здарыліся беспарадкі.
Праз павелічэнне колькасці выпадкаў заражэння каранавірусам урад Нідэрландаў увёў частковы лакдаўн. Бары, рэстараны і супермаркеты павінны зачыніцца не пазней за 20-ю гадзіну, іншыя крамы — ужо а 18-й гадзіне. Большасць работнікаў павінны перайсці на аддаленую працу, жыхарам дазваляецца збірацца дома групамі не больш за чатыры чалавекі. Ізноў уведзена правіла абавязковай сацыяльнай дыстанцыі 1,5 метра паміж людзьмі.
Паводле звестак інтэрнэт-партала Worldometers, у Нідэрландах з пачатку пандэміі выяўлена 2 399 849 выпадкаў заражэння вірусам SARS-CoV-2. Ад выкліканага ім лёгачнага захворвання COVID-19 і яго наступстваў памерлі 18 900 жыхароў краіны. Па даных урада Нідэрландаў, у краіне з насельніцтвам каля 17,2 млн чалавек цалкам вакцынаваны ад каранавіруса больш за 12,6 млн чалавек (73,42%). Як мінімум адну дозу вакцыны атрымалі амаль 13,2 млн чалавек (76,63%).
Акцыі праціўнікаў абмежавальных мер, як чакаецца, пройдуць у выходныя дні ў Амстэрдаме і Брэдзе.





