Фота: pixabay
Прэм’ер Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што трэцяя прышчэпка неабходная для таго, каб не ўводзіць зноў абмежаванні ў сувязі з пандэміяй. Іншыя еўрапейскія дзяржавы ідуць у тым жа кірунку.
Да 15 снежня ўсе, каму больш 65 год, вымушаныя будуць зрабіць трэцюю, бустэрную, прышчэпку, каб абнавіць свой пашпарт вакцынацыі ў Францыі, заявіў на тым тыдні Макрон.
У Аўстрыі статус поўнасцю вакцынаванага прападае праз 9 месяцаў пасля апошняй прышчэпкі.
У Ізраілі, каб атрымаць зялёны пропуск (для наведвання спартовых заляў, рэстаранаў і іншых грамадскіх пляцовак), ужо патрэбная трэцяя бустэрная прышчэпка.
Такі падыход не падабаецца Сусветнай арганізацыі здароўя. Сітуацыя скандальная, лічыць старшыня СААЗа: людзі штодня атрымліваюць у шэсць разоў больш бустэрных прышчэпак у заможных краінах, чым першых доз вакцыны ў бедных краінах.
Да таго ж, неразумна спадзявацца на вакцынацыю ў пандэмію, лічыць Давід Набара, спецыяльны пасланнік СААЗ па Covid-19. Калі вірус яшчэ да канца не вывучаны, вакцынацыя як галоўная зброя ў змаганні з каранавірусам можа прывесці да з’яўлення новых варыяцый віруса.
«Што варта рабіць, дык гэта камбінаваць стратэгіі — насіць маскі і рабіць іншыя захады, каб людзі не заражаліся патагенам», — кажа Набара.





