Фота depositphotos.com.

Фота depositphotos.com.

Чацвёртая хваля пандэміі кавіду аказалася для Германіі самай моцнай. Кожны дзень прыносіць дзясяткі тысяч новых хворых на кавід і новых смерцяў. Напрыклад, за 15 лістапада Германія пабачыла адпаведна 30483 новыя выпадкі кавіду, ад хваробы ў той жа дзень памерлі 167 чалавек.

Асноўным рухавіком цяперашняга і самага цяжкага этапа пандэміі ў краіне сталі антываксеры, піша New York Times.

Для Германіі гэта неверагодны паварот. Калі пандэмія толькі пачыналася, Германія паказала прыклад таго, як спраўляцца з вірусам і трымаць нізкім узровень смерцяў. Краіна хутка арганізавала паўсюднае тэсціраванне, пашырыла колькасць месцаў у рэанімацыях і забяспечыла хворых належным лячэннем. Немцы пабачылі ў асобе Ангелы Меркель лідара, якому можна давяраць, і паслухмяна выконвалі рэкамендацыі яе ўрада па сацыяльнаму дыстанцыраванню.

Але сёння Германія бачыць новы ўсплеск хваробы. Сярод фактараў, адказных за гэта, называюць халоднае надвор’е, павольную вакцынацыю бустарнымі прышчэпкамі і рост выпадкаў кавіду ў суседніх усходнееўрапейскіх краінах — напрыклад, у Чэхіі. Тое, што ў Германіі зараз пераходны перыяд паміж сыходам аднаго ўрада і прыходам новага, не спрыяе эфектыўнай барацьбе з крызісам.

Адмова ад прышчэпак як рухавік эпідэміі

Эксперты сходзяцца ў меркаваннях, што асноўная віна за новы ўсплеск пандэміі ляжыць на тых немцах, хто не прайшоў вакцынацыю. Яшчэ ў пачатку лета медыкі папярэджвалі, што праз высокую заразнасць штама «дэльта» трэба вакцыніраваць як мінімум 85% насельніцтва, каб пазбегнуць крызіса ў сістэме аховы здароўя.

Сёння ў Германіі лічба вакцыніраваных не дацягвае і да 70%. Гэта больш, чым у шматлікіх краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, аднак менш, чым у большасць заходнееўрапейскіх краін. Напрыклад, у Бельгіі, Даніі і Італіі тры чвэрці насельніцтва прайшлі поўную вакцынацыю, а ў Партугаліі лічба вакцыніраваных набліжаецца да 90%.

Прычына такіх нізкіх лічбаў — нямецкія антываксеры, якіх асабліва шмат на тэрыторыі былой ГДР. Вялікай папулярнасцю там карыстаецца ўльтраправая партыя «Альтэрнатыва для Германіі». Цікава, што Ціна Крупала і Аліс Вайдэль, лідары фракцыі гэтай партыі ў парламенце, абое адмовіліся ад прышчэпкі — і абое ў апошні час здалі станоўчыя тэсты на кавід.

Колькасць хворых таксама расце ў частках дзвюх паўднёвых нямецкіх земляў — Баварыі і зямлі Бадэн-Вюртэнберг. У гэтых багатых рэгіёнах дужа папулярны рух Querdenker, што выступае супраць агульнапрынятых метадаў барацьбы з кавідам.

Урады некаторых нямецкіх земляў цяпер жадаюць увесці больш жорсткія меры барацьбы з пандэміяй. Размова ідзе ў тым ліку пра больш строгія патрабаванні нашэння масак і пра тое, што для ўваходу ў грамадскія аб’екты спатрэбіцца доказ вакцынацыі ці перанесенай інфекцыі. Аднак пакуль невядома, ці хопіць гэтых мер.

Вакцыны супраць кавіду часам выклікаюць праблемы з сэрцам. Вось у чым можа быць прычына

Як выбраць пульсаксіметр і правільна ім карыстацца дома? Расказвае доктар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0