Мацвею 22 гады. Ён скончыў факультэт радыёфізікі Белдзяржуніверсітэта. Пасля гэтага хлопца адправілі ў войска. Кажа, што «касіць» не збіраўся апрыёры.

«Я адразу вырашыў для сябе, што не стану гэтым займацца. Калі б я сапраўды быў па нейкім крытэры непрыдатны, то тады паспрабаваў бы», — адзначае ён.

«Калі выйшаў фільм пра здрадніка ў спецслужбах у Беларусі, месяц яго круцілі ў нас па тэлевізары»

Хлопец адвучыўся на вайсковай кафедры ва ўніверсітэце, таму служыць яму давялося толькі паўгода: з лістапада 2020-га па май 2021-га. Накіравалі маладога чалавека ў 120-ую асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду, што ў Мінску ва Уруччы. Там Мацвей стаў стралком-зенітчыкам.

«Калі я прыйшоў у войска, у нас пастаянна спрабавалі высветліць, ці хадзілі мы на акцыі пратэсту. Тых, хто не хаваў сваіх поглядаў, часта вадзілі да псіхолагаў, — расказвае ён. — Такіх людзей мала было, у асноўным усе маўчалі.

Я асабіста сказаў, што на ўсе палітычныя пытанні я адказваць не буду. І мне адказалі, што, значыць, я хадзіў на пратэсты. Але яны гэта больш робяць з-за страху. Было бачна, што яны асцерагаюцца за нейкія канкрэтныя магчымыя ўцечкі інфармацыі.

Прапаганда была пастаянная: садзілі ля тэлевізара, прымушалі глядзець дзяржаўныя каналы з гэтымі непрыемнымі вядучымі.

Ідэалогі запісвалі перадачы і раздавалі ў кожнае падраздзяленне. І кожны дзень на паўторы яны ў нас трансляваліся, Калі выйшаў фільм пра здрадніка ў спецслужбах у Беларусі, яго месяц круцілі ў нас па тэлевізары. Прычым гучнасць не ніжэй за палову.

Потым выйшаў фільм «Забіць прэзідэнта». Мы таксама яго глядзелі. Адмовіцца не маглі: загад ёсць загад. Пры тым адцягвацца альбо спаць таксама забаранялі».

«Тыя зялёныя салдацікі, якія стаялі ля Стэлы — гэта былі людзі з майго падраздзялення»

Хлопец расказвае, што іх частку неаднаразова вазілі на пратэсты, але яго не бралі, таму што ён быў «ненадзейны».

«Вось тыя зялёныя салдацікі, якія стаялі ля Стэлы, каля Дома ўрада, у Палаца рэспублікі — гэта былі людзі з майго падраздзялення, — кажа ён.

— Мяне там не было, таму што я адкрыта выказаў сваю пазіцыю. Яны сталі баяцца, што я магу што-небудзь зрабіць не так.

Што тычыцца разгонаў, то ў іх салдаты не ўдзельнічалі, проста ахоўвалі будынкі. Відаць, баяліся аддаваць такія загады».

Мацвей расказвае, што за ўвесь перыяд службы яму давялося спаць па тры-чатыры гадзіны, таму што ўвесь астатні час яго адпраўлялі на дзяжурства або ў нарад.

«У нас былі абсалютна тупыя патрулі. Асабліва пасля навіны, што нейкі мужчына спрабаваў пранесці выбуховае прыстасаванне ў вайсковую частку, — расказвае ён. — Пасля гэтага ў нас два тыдні быў кругласутачны дазор каля ўсёй часткі.

Дзве гадзіны спіш — дзве гадзіны ходзіш. Так два тыдні! І ўсё гэта ў бронекамізэльках, у касках, з аўтаматам».

Умовы службы Мацвей называе «ўмовамі для выжывання», а не ўмовамі для жыцця.

«Ёсць ложак, бялізна, адна тумбачка і ўсё. У душ можна было хадзіць толькі ў лазневы дзень — у суботу. У плане гігіены — гэта кашмар. Прытрымлівацца яе немагчыма, — расказвае хлопец. — Кармілі тры разы на дзень. У асноўным кашы і рыба.

Пры тым, шмат дзіўных рэчаў. Аргумент, што нас прывучаюць, як жыць у выпадку вайны, абсалютна ілжывы. Банальны прыклад. У палявы набор уваходзіць алюмініевы кацялок, куды накладваюць кашу.

Зубы і дзясны вельмі моцна баляць, таму што гэты алюміній трапляе ў ежу. Некаторым хлопцам бацькі прывезлі пластыкавыя кантэйнеры, але імі карыстацца не дазваляюць. Таму што трэба есць з кацялкоў. Трызненне! Не думаю, што ў выпадку вайны будзе дэфіцыт з нейкім пластыкавым посудам. Хтосьці зверху сказаў як трэба, і ўсё».

«Некаторыя спрабавалі бегчы з войска і я іх разумею, таму што ёсць адчуванне, што ты знаходзішся ў турме»

Па словах Мацвея, з кавідам у частцы таксама было складана. У падраздзяленні знаходзілася 50 салдат, якія былі пастаянна ў цесным кантакце.

«Ложкі знаходзяцца ўсе побач. Маскі пры такім узаемадзеянні эфекту ніякага не даюць. Нас нават адзін раз ледзь не пасадзілі на каранцін. Хтосьці адзін захварэў на кавід і далей пайшло па ланцужку. Захварэлыя ніяк не ізаляваліся. Хадзілі з намі ў адны і тыя ж памяшканні», — кажа Мацвей.

Агулам жа, малады чалавек лічыць, што досвед яго службы ў арміі атрымаўся негатыўным.

«Мы былі рознарабочыя. Ставілі плот, каб яны не траціліся на працоўных, капалі.

Я там афіцыйна быў стралком-зенітчыкам, але мяне не вучылі, як збіваць самалёты і як працаваць у гэтай сферы. Мяне вучылі, як падмятаць пясок.

У войску часта некаторыя салдаты не вытрымліваюць і здзяйсняюць суіцыд. І каб нібыта ў нас такіх думак не было, даюць вось такую працу. Некаторыя спрабавалі бегчы з войска і я іх разумею, таму што ёсць адчуванне, што ты знаходзішся ў турме. Шмат чаго падобнага і самае галоўнае — гэта адсутнасць выбару», — мяркуе малады чалавек.

«Камеры былі ва ўсіх памяшканнях, акрамя туалета і каморы»

Івану 21 год. Хлопец вучыўся на журфаку БДУ, але не здаў сесію і атрымаў павестку ў ваенкамат. Служыў ён з лістапада 2019 года да мая 2021.

«Сябры раілі касіць праз «юрыдычныя кампаніі», але я думаў, што гэта лахатрон, — кажа Іван. — Ведаў, што хваробу ў мяне наўрад ці знойдуць, а аддаваць грошы ў нікуды — сумніўнае мерапрыемства».

У выніку так і выйшла. «Хоць заўтра ў космас», — сказала Івану тэрапеўт. Хлопца адправілі на пасаду механіка-кіроўцы самаходнай артылерыйскай устаноўкі. Служыў ён у Печах, што ў Барысаве.

«Я спрабаваў высветліць пра барысаўскія часткі як мага больш. Тады даведаўся, што там калісьці павесіўся салдат. Пасля гэтага навесілі камер і ўвялі рэжым. На душы стала спакайней, але боязь непазбежнага ўсё так жа прыгнятала», — успамінае ён.

У першы дзень навабранцаў азнаёмілі з Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксамі. Потым склалі спіс новага падраздзялення і па алфавіце размеркавалі па ложках.

«Тады ў мяне з’явілася свабодная хвіліна — можна паглядзець па баках. Казарма новая, рамонт добры. Светла, цёпла — жыць можна. З асабістай мэблі — ложак, крэсла і тумбачка, а салдату большага і не трэба, каб не зламаў ці не страціў. Камеры сапраўды былі ва ўсіх памяшканнях, акрамя туалета і каморы», — успамінае малады чалавек.

«Штовечар глядзелі «Панараму». Гімн спявалі кожны панядзелак»

Першы месяц Іван праходзіў курс маладога байца: бясконцая страявая падрыхтоўка, падрыхтоўка да прысягі і разношванне берцаў.

«Асноўнае, гэта калі ідэолаг уводзіць у курс справы, — спачатку знаёміць з дзяржаўнымі сімваламі. Як быццам іх хтосьці не ведае, — кажа Іван. — Яшчэ расказвае пра абавязкі салдата. Потым пачаліся спецыялізаваныя ваенныя тэмы: напрыклад, мэты ўзброеных сіл і гэтак далей».

Не абмінула Івана і ідэалогія. Хлопец прызнаецца, што да арміі ён не ўключаў тэлевізар тры гады, а ў войску з беларускім тэлебачаннем прыйшлося пазнаёміцца.

«Штовечар глядзелі «Панараму». Гімн спявалі кожны панядзелак», — успамінае ён пра свой першы час у войску.

Пасля вучэбкі ў Печах, хлопца адправілі ў Асіповічы. Там ён правёў асноўную частку службы. І там жа ён сустрэў жнівень 2020-га.

«Усё ў абавязковым парадку галасавалі, таму што салдат павінен быць грамадзянінам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, — расказвае малады чалавек. — Перад галасаваннем нас збіралі на выступ даверанай асобы дзеючага прэзідэнта, які прапаноўваў галасаваць за Лукашэнка.

Абяцалі, што іншыя кандыдаты ў прэзідэнты таксама выступяць у нас, але гэтага так і не адбылося.

Хадзілі чуткі, што Ціханоўская добры кандыдат, многія прапаноўвалі галасаваць за яе, але мяне гэта асабліва не хвалявала.

Я быў настроены галасаваць «супраць усіх», бо не веру, што адзін чалавек у сілах змяніць сістэму або здзейсніць прарыў у эканоміцы».

Іван кажа, што ніхто над ім падчас галасавання не стаяў і не правяраў, за каго хто ставіць галачкі.

«У дзень выбараў абвясцілі, што прэзідэнтам у чарговы раз стаў Лукашэнка. У вячэрніх навінах мы ўбачылі натоўп пратэстуючых на вуліцах Мінска.

Стала ясна, што запахла смажаным. На наступны дзень перад намі выступіў начальнік міліцыі горада Асіповічы, — успамінае хлопец. — Сказаў, што калі яны не будуць спраўляцца, то нас могуць задзейнічаць для абароны адміністрацыйных аб’ектаў горада ад пратэстуючых».

У самой частцы сфармавалі некалькі груп рэагавання. Я трапіў у адну з такіх. Мы выпалі з паўсядзённага распарадку. Трэніраваліся бегаць у бронекамізэльках і са зброяй.

Таксама мы хадзілі са зброяй у зменныя патрулі і на ахову часткі, каб прадухіліць пранікненне старонніх на тэрыторыю часткі. Ахоўвалі днём і ноччу. Праз некалькі тыдняў усе адмянілі і мы зажылі па-старому».

«Час ад часу паводзілі сябе агрэсіўна, бо з-за адсутнасці асабістай свабоды зносіць дах»

Праз каранавірус Іван не быў дома больш за год. З сакавіка 2020 года іх частка ў Асіповічах была на каранціне і ў звальненні нікога не пускалі.

«У першых чыслах сакавіка нам абвясцілі аб каранціне, аб закрыцці звальненняў, паказалі дакументальны фільм пра каранавірус, каб мы мелі ўяўленне, што гэта такое. У сталовай апрацоўвалі рукі, рассаджваліся праз аднаго, таму прыёмы ежы праходзілі на гадзіну даўжэй, чым звычайна.

Але праз тыдзень мабыць адрапартавалі міністру абароны, што неабходныя меры прынялі, і ўсё вярнулася ў сваё рэчышча. Толькі вось наведвання і звальнення былі зачыненыя, што было абсурдам. Нам нельга было нават у нядзелю ўбачыцца з роднымі», — гаворыць ён.

Што тычыцца ўмоваў службы, то Іван іх успрымаў нармальна. Кажа, першыя месяцы было цяжка, але потым прызвычайваўся.

«Пакуль прызвычаішся да адсутнасці асабістай свабоды, пастаянна на нагах, вельмі шмат часу на вуліцы, — адзначае ён. — У зімовы час асабліва сумна. Розны калектыў. І незалежна ад выхавання і адукацыі час ад часу паводзілі сябе агрэсіўна, бо з-за адсутнасці асабістай свабоды зносіць дах.

Былі слабахарактарныя хлопцы, хто не ўмеў пастаяць за сябе нават на словах. Штодзённыя пагрозы, папрокі, жарты. Мне было шкада іх, але абараняць не спрабаваў — сабе даражэй.

18 мая 2021 года я вызваліўся. Вядома, з аднаго боку шкада паўтара года жыцця. Два дні нараджэння, якія былі праведзены ў незразумелых працах пад халодным небам ранняга красавіка. Але хто ведае, выкарыстаў бы я час карысна.

Ды і тут развіваецца імунітэт да спробаў маральнага ціску з боку. Якая б армія ні была супярэчлівай — для мяне яна пройдзены этап жыцця».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0