Паводле даных пракуратуры, гэтая арганізацыя сфарміравана ў траўні 2021 года. Яе кіраўнікі — двое грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі Злучаных Штатаў Амерыкі.
Як лічаць у пракуратуры, «ключавыя мэты стварэння і дзейнасці фарміравання — аб'яднанне радыкальна настроеных грамадзян для наступнага схілення іх да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту з сілавым процідзеяннем праваахоўнікам і здзяйснення актаў тэрарызму, дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання, гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу Рэспублікі».
Названыя ў заяве пракуратуры тэлеграм-каналы ўжо прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі.
Пракуратурай ужо распачатыя і расследуюцца крымінальныя справы па артыкулах 218 (знішчэнне або пашкоджанне маёмасці), 289 (акт тэрарызму), 290 (пагроза здзяйсненнем акта тэрарызму) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, паведамляюць на сайце ведамства.





