Гэты і наступныя здымкі: Maxar Technologies
Спадарожнікавыя здымкі, пра якія ідзе гаворка, былі зробленыя кампаніяй касмічных тэхналогій Maxar Technologies. На іх можна бачыць нарошчванне колькасці бранятанкавых часцей, танкаў, самаходнай артылерыі і наземных войскаў каля расійскага горада Ельня, што знаходзіцца недалёка ад беларускай мяжы. Здымкі публікуе выданне Politico.
Па інфармацыі выдання, войскі, што знаходзяцца пад Ельняй, пачалі перамяшчацца туды ў канцы верасня з іншых рэгіёнаў Расіі, дзе яны звычайна базіруюцца. Яны ўключаюць у сябе часці 1-й гвардзейскай танкавай арміі, якая лічыцца элітнай.
Аналітыкі кажуць, што гэтая армія звычайна першай атрымлівае самую сучасную тэхніку, а таксама лічыцца асноўным вайсковым злучэннем, на якім тэсціруюць новую тэхніку і тактыкі.
Звычайна 1-я гвардзейская танкавая армія праводзіць сваю падрыхтоўку пад Масквой, таму тое, што цяпер яна знаходзіцца пад Ельняй, — яўнае адхіленне ад стандартнай практыкі.
Таксама эксперты зафіксавалі перамяшчэнне тэхнікі, што належыць 4-й танкавай дывізіі расійскай арміі, у раёны Бранска і Курска, то-бок бліжэй да ўкраінскай мяжы.
Нарошчванне тэхнікі адбываецца на фоне росту напружвання паміж Масквой і Захадам. Уладзімір Пуцін быў незадаволены актывізацыяй намаганняў па ўступленні Украіны і Грузіі ў НАТА. Расійскаму лідару таксама не спадабалася, што амерыканскі міністр абароны Лойд Осцін наведаў у кастрычніку Кіеў і Тбілісі.





