Расказваем падрабязней пра таго, хто зараз стаіць за адным з самых папулярных айчынных персанажаў-лялек.

Аляксей Пястрак у ролі Метровіча.

Аляксей Пястрак у ролі Метровіча.

«Метро для выпускнікоў было як манна нябесная»

Лёша нарадзіўся ў Івацэвічах у сям’і інжынеркі прыборабудаўнічага завода і кіроўцы. Калі пасля дзевяці класаў паўстала пытанне, куды рыхтавацца паступаць, то бацька хлопца параіў спыніцца на прафесіі энергетыка.

«Тата казаў: энергетыка была, ёсць і будзе. Так я апынуўся на энергетычным факультэце БНТУ і атрымаў спецыяльнасць «Прамысловая цеплаэнергетыка і цеплатэхніка»», — расказвае суразмоўца.

Ва ўніверы Лёша, з яго словаў, быў сапраўдным фанатыкам навучання. Яго нават называлі «каралём рабочкі» — такога пакойчыка ў інтэрнаце, дзе можна павучыць прадметы без шумных суседзяў пад бокам. 

«Тут, відаць, спрацавала выхаванне бацькоў: у першых класах яны прымушалі мяне вучыць урокі са слязьмі на вачах. Потым я бачыў, што многія аднакурснікі, адарваўшыся ад бацькоў, сыходзілі ў п’янкі-гулянкі. Мне гэта было не цікава, і я імкнуўся бавіць час за нечым карысным, што магло б спатрэбіцца ў жыцці. Першыя месяцы я ўвогуле многае вучыў на памяць, а пасля трох курсаў мая залікоўка ўжо працавала на мяне», — расказвае Аляксей. 

Так Аляксей выглядае ў звычайным жыцці.

Так Аляксей выглядае ў звычайным жыцці.

З добрымі адзнакамі хлопец быў пятым у спісе на размеркаванне (другім сярод хлопцаў), і гэта ў тым ліку, на яго думку, дапамагло яму трапіць на працу ў метрапалітэн.

«Калі сам сабе не знойдзеш месца размеркавання, то прапановы звычайна не вельмі. А тут на пятым курсе да нас завітаў начальнік дыстанцыі электрамеханічнай часткі аўтаматыкі і сказаў, што ім патрэбныя маладыя спецыялісты на абслугоўванне сістэмы ацяплення і кандыцыянавання.

Ведаеце, метро для нас было як манна нябесная. Гэта лічыцца вельмі добрым стартам для кар’еры. Таму я, не адкладваючы, з’ездзіў у дэпо, прадэманстраваў свае веды — у выніку стаў адным з трох, каго забралі з патока на 40 чалавек».

Аляксей з калегамі адказвае за абслугоўванне сістэм ацяплення і кандыцыянавання на станцыях метро «Юбілейная плошча» і «Плошча Францішка Багушэвіча».

Калі здараецца нейкая пазаштатная сітуацыя, яны павінны ў кароткія тэрміны яе ліквідаваць і адрамантаваць усё ў кароткія тэрміны. Часам прыходзіцца працаваць ноччу, калі стаяць цягнікі, а часам — ляцець на працу ў пяць раніцы, каб да запуску пасажыраў усё ўжо было нармалізавана.

Так выглядае працоўнае месца Метровіча.

Так выглядае працоўнае месца Метровіча.

«Калі на старых станцыях гарадское ацяпленне, то на новых функцыянуе сістэма аўтаматычнага цеплазабеспячэння. У памяшканнях, дзе сядзіць персанал — ахова, каса, дзяжурныя і начальнікі станцыі — мы ўжо самі падтрымліваем тэмпературу», — тлумачыць Аляксей. 

«Усе так і імкнуліся памацаць мяне»

Яшчэ ва ўніверы хлопец падпрацоўваў аніматарам: быў і Дзедам Марозам, і Мядзведзем з «Маша і мядзведзі», Спанч Бобам ды Піратам. На тэматычных святах у інтэрнаце студэнту таксама даставаліся цікавыя ролі: напрыклад Купідона на Дзень святога Валянціна.

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

Але рэакцыя на тых персанажаў не параўнаецца з захапленнем беларусаў Метровічам. 

«Першы раз мне прапанавалі пераўвасобіцца ў Метровіча вясной на акцыі «Кірмаш вакансій». Я проста афігеў ад таго, як ён падабаецца людзям: «Ваў, гэта Метровіч! Давайце зробім сэлфі з ім!» Усе так і імкнуліся памацаць мяне», — дзеліцца ўражаннямі Аляксей.

У параўнанні з касцюмамі, у якіх хлопцу выпадала працаваць раней, гэты добра спраектаваны. Назіраць за тым, што адбываецца вакол, можна праз рот Метровіча.

«Адзіны мінус — у ім, канечне, горача, бо ўсё ж касцюм набіты пенаполіўрэтанам. Я калі хаджу, то свой «жывот» туды-назад тузаю, каб неяк паветра падкачаць, а людзі смяюцца — думаюць, што гэта ў мяне такі танец».

Не так даўно Аляксей быў Метровічам на дзень горада — там узводзілі пляцоўку метрапалітэна. Адбівацца ад прыхільнікаў зноў было няпроста. 

«Адной бабулі-пенсіянерцы я так спадабаўся, што яна мяне і з аднаго боку сфатаграфавала, і з іншага, і пацалавала. Столькі кампліментаў выказала! Відаць, я ёй вельмі спадабаўся».

Аляксей прызнаецца, што кайфуе ад ролі Метровіча і просіць задзейнічаць яго ў акцыях метро і любых актыўнасцях як мага часцей. Не так даўно ў вобразе ён ездзіў у дзіцячы дом.

Таксама Метровіч вучыць дзяцей бяспечным паводзінам у метро. А яшчэ нагадвае пасажырам метро насіць маскі. 

«Я ўпэўнены: маскі насіць варта. Гэта і ваша бяспека, і іншых. Тым больш у метро ездзіць вельмі шмат людзей». 

«Сучасныя дзяўчыны не вельмі любяць гатаваць, так што я вырашыў навучыцца сам»

Аніматарскае хобі з’явілася не выпадкова. Аляксей прызнаецца, што яму падабаецца акцёрскае рамяство. Не так даўно ён запісаўся на чарговыя курсы ў кінашколе, пачаў рыхтавацца да прэм’еры ў тэатры.

«Я даўно думаў заняцца нечым такім у вольны час. І тут вясной, калі пераапранаўся на працы, да мяне падышоў адзін супрацоўнік метро, якога я дагэтуль не ведаў. І ён мне сказаў: «Табе трэба здымацца ў кіно».

Высветлілася, што той хлопец сам скончыў шматлікія курсы акцёрскага майстэрства. І ён недзе ў інстаграме пабачыў мае гумарыстычныя відэаролікі.

Карацей, я вырашыў, што гэта знак. І пасля той гісторыі запісваюся на ўсе магчымыя курсы. Ужо паўдзельнічаў у эпізодах серыяла «Абсурд», які здымаўся ў нас для НТБ. У мяне былі дзве кароткія сцэны з крутым акцёрам Андрэем Мярзлікіным».

Для свайго інстаграма Аляксей запісвае кароткія гумарыстычныя скетчы.

Таксама Аляксей здымаецца ў рэкламных роліках. У тэатры ж яму выпала сыграць няпростую ролю — алкаголіка.

«У тэатры пры кінашколе мы ставім п’есу «Уяўная ахвяра», і мне там пакуль даручылі прахадную ролю. Дзея адбываецца ў паліцэйскім участку: жонка застукала свайго мужа з палюбоўніцай — разгарэўся канфлікт. Каб запоўніць прастору, уводзяць розных персанажаў — алкаголікаў і куртызанак. Вось я буду алкаголікам». 

Аляксей у ролі Дзеда Мароза.

Аляксей у ролі Дзеда Мароза.

У вольны час хлопец любіць граць у баскетбол і гатаваць. Яго фірмовы рэцэпт — салодкі рулет.

«Я вельмі люблю есці, а сучасныя дзяўчыны не вельмі любяць гатаваць. Тыпу: «Я табе кухаркай не наймалася». І каб канфліктаў такіх не было ў будучыні, я вырашыў навучыцца гатаваць сам.

Фірмовымі рэцэптамі са мной дзеліцца маці, і ў Мінску я абажаю пячы яе булачкі, пірагі, пірожныя і потым яшчэ гарачымі есці іх з малаком. Такім чынам я ўспамінаю пра родны дом».

Сваімі кулінарнымі дасягненнямі Аляксей дзеліцца ў інстаграме.

Дзяўчыны пакуль у кухмістра няма. Чаму? Гэтым пытаннем яго перыядычна засыпаюць сябры.

«Я зразумеў, як бы банальна ні гучала, што проста пакуль не сустрэў тую самую. Што тычыцца мімалётных раманаў — яны мне нецікавыя. Не бачу ў іх сэнсу», — кажа хлопец.

«Хачу зняцца ў камедыі»

Размеркаванне ў маладога спецыяліста скончыцца восенню наступнага года, і яму прыйдзецца вырашаць: працягваць кар’еру ў метрапалітэне ці ўсё ж рызыкнуць і цалкам сысці ў акцёрства.

«Гэта вельмі цяжкае пытанне для мяне, яно мяне ставіць у тупік: пажывем-пабачым, — прызнаецца Аляксей. — Але я вельмі хачу зняцца ў камедыі. У жыцці вакол вельмі шмат драмы — адзін сум. А добры гумар можа развесяліць і адцягнуць людзей ад праблем.

Я выразна ўяўляю сабе: суботні вечар, я з бацькамі і сястрой уключаем тэлевізар і глядзім кіно, дзе я ў галоўнай ролі. І бацькі рагочуць! Да гэтай мэты я буду імкнуцца».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?