«Ну, тыпу перабітыя нумары. Падазрэнне. Нам каманда генерала, бл****, пад яго працаваць як паложана. У Копішава (прозвішча начальніка крымінальнай міліцыі УУС Мінаблвыканкама — заўв. «НН») гэта на кантролі. Ну, вось трэба было неяк машыну забраць, вось і забралі. Прыдумалі. […]
Гэта ў міністра на кантролі стаіць. Там ён, бл****, сусед адной з дачок міністра сельскай гаспадаркі, так скажам. Там у іх вайна між сабой. Сказалі па ім папрацаваць, вось і ўсё — працуем», — ідзе гаворка падчас размовы.
«Сусед адной з дачок міністра сельскай гаспадаркі. Задача — яго на месца паставіць». З'явіўся новы зліў ад былых сілавікоў
Як стала вядома «Нашай Ніве», гісторыя адбылася ў вёсцы Узрэчча Дзяржынскага раёну.
Фігуранты гісторыі — жыхар вёскі 55-гадовы Анатоль Каліноўскі і сям'я Лагуновічаў — Аляксандр і Наталля. Наталля Лагуновіч — у дзявоцтве Заяц, дачка былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Зараз яе тата — старшыня Магілёўскага аблвыканкама.
Леанід Заяц, былы міністр сельскай гаспадаркі. Фота: golk.by
У чым жа прычына сваркі людзей, якія жывуць побач? Дэталі іх канфлікту нам расказалі суседзі Каліноўскага і Лагуновічаў.
«Сэнс у тым, што ў вёсцы ёсць возера, а там навокал платы паставілі — немагчыма да яго ўжо падысці, усё пазносілі, дзе раней людзі адпачывалі, рыбачыць ужо няма як.
Наталля, дачка былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Фота: сацыяльныя сеткі.
Толік (Каліноўскі — Рэд.) пайшоў скардзіцца ў сельскі савет, маўляў, што ж гэта такое, чаму гэта ўсё забарыкадавалі, акупавалі, ні метра, ні паўметра не пакінулі, каб да вады прайсці.
Ну, вось з гэтага ўсё і пачалося, яго цяпер так ціснуць, што яму ўжо ні возера, нічога не хочацца», — расказалі «Нашай Ніве» жыхары вёскі.
Дом Каліноўскага ў правым ніжнім кутку, дом Лагуновічаў — леваруч, з шэрым дахам.
Сам Анатоль Каліноўскі пра гэтую гісторыю нічога не сказаў, сказаў толькі, што ў яго сапраўды арыштоўвалі машыну — вярнулі праз тры тыдні, а таксама што трое сутак правёў у ІЧУ.
Адметна, што і Каліноўскі, і Лагуновіч ездзіць на аднолькавых аўто — Volvo XC90.
Губернатарская дачка, Наталля Лагуновіч, пачуўшы пытанне «Нашай Нівы» пра сітуацыю, сказала, даслоўна: «Ой, усё, да пабачэння!»





