Першае новаўвядзенне пад назвай «нацыянальны экзамен» павінна разгрузіць адзінаццацікласнікаў: частку выпускных экзаменаў аб’яднаюць з тэставаннем. Матэматыку і беларускую (ці рускую) мову можна будзе здаваць усяго адзін раз — адразу у пункце тэставання. У школе ж, мяркуецца, застанецца звыклы вусны экзамен па замежнай мове. Гаворкі пра экзамен па гісторыі на 2023 год пакуль не ідзе — ні пасля дзевяці класаў, ні пасля адзінаццаці.

Жаданне разгрузіць выпускнікоў можна зразумець, а навошта сучасным дзецям «труды» ды яшчэ з экзаменаваннем? Спыталі ў беларускіх настаўнікаў, якая карысць будзе (ці не) ад такой патэнцыйнай рэформы.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

«Колькі вучняў пайшлі працаваць па прафесіях, якія яны ў межах школы атрымліваюць?»

Першая суразмоўца адзначае, што актуальнасць гэтага прадмета сумніўная.

«Выніковая атэстацыя ў дзявятых класах павінна ацэньваць узровень ведаў, атрыманых па выніках базавай адукацыі і неабходных для працягу навучання на наступным узроўні. Наўрад ці «Працоўнае навучанне» можна аднесці да ключавых прадметных абласцей.

Тым больш, што сённяшняя праграма па гэтым прадмеце не вельмі актуальная і часта не адпавядае нават наяўнай матэрыяльнай базе ўстаноў. 

У навучальны план 10-11 класаў вось ужо як тры гады ўключанае вытворчае навучанне, прафесійная падрыхтоўка рабочых. Як абавязковы прадмет гэта мае вельмі незразумелую мэту, і штучна навязваецца вучням замест патрэбных факультатываў.

Асобныя складанасці здараюцца пры пераходзе вучняў з адной школы ў іншую. Тады часцей за ўсё прафесіі, якія вучні вывучаюць, проста не супадаюць. Атрымліваецца, што вучань фармальна далучаецца да нейкай праграмы і засвойвае яе з таго моманту, у які далучыўся. 

Ну і наўрад ці хто вывучаў, колькі вучняў за два гады выпуску пайшлі працаваць па прафесіях, якія яны ў межах школы атрымліваюць. Думаю, адсотак мізэрны. Тады пытанне: на што трацяцца гэтыя грошы, які вынік меркавалі атрымаць?»

Увогуле, паміж узроўнямі адукацыі (агульным сярэднім, прафесійна-тэхнічным, сярэднім спецыяльным) парушаецца логіка. Падумайце: школа павінна рыхтаваць да наступнага ўзроўню, замест гэтага да сярэдняй адукацыі дадаецца прафесійная. Навошта чалавеку, які марыць быць доктарам ці праграмістам вучыцца на сацработніка ці сталяра, ці яшчэ на каго? Нонсэнс.

«Хочацца бачыць школу, у якой дзеці не баяцца дзяліцца меркаваннямі, гэта куды важней за экзамен па працоўным навучанні»

Збольшага згодны з калегай і настаўнік гісторыі.

«У нас 2021 год, IT-краіна, а ўводзіцца экзамен па працоўным навучанні! Гэта не адпавядае патрабаванням часу. Складваецца ўражанне, што ўсё гэта зноў робіцца з пункту гледжання аднаго чалавека, які захрас у Савецкім саюзе і спрабуе стандарты адтуль падганяць пад сучаснасць. Нібыта няма разумення, што цяпер постіндустрыйнае, постінфармацыйнае грамадства і не ўсім пагалоўна важна ўмець рамантаваць і збіраць зэдлікі: ёсць спецыяльна навучаныя людзі, якія могуць зрабіць гэта па замове.

Хаця, калі шчыра, падобныя новаўвядзенні — гэта ўсяго толькі пра форму, не пра змест. У школе сёння куды больш актуальныя іншыя праблемы. Мяне асабіста хвалюе, што шмат добрых кадраў звольнілі, нехта сышоў са школы сам. Узровень выкладання падае. На фізмаце вялікія недаборы. У «пед» працягваюць ісці па прынцыпе: не знайшоў сабе дарогі, дык пайду я ў педагогі. Падручнікі па гісторыі перапісваюць…

Калі раней казалі, што школа па-за палітыкай, то цяпер — яна ў палітыцы, але ў дзяржаўнай. Мы бачым, як школа з месца навучання пераўтвараецца ў пункт ідэалагічнай прапаганды. Каго мы хочам атрымаць на выхадзе? Новых вінтыкаў сістэмы, неасавецкіх грамадзян, якія заменяць старых чыноўнікаў?

Я хацеў бы бачыць школу, у якой дзеці не баяцца дзяліцца меркаваннямі, дзе ідуць дыскусіі, дзе знаёмяцца з нацыянальнымі гістарычнымі фактамі — тады мы атрымаем гуманістаў, неабыякавых грамадзян. І гэта куды больш важнае пытанне за веданне фізікі ці экзамена па працоўным навучанні. Апошняе — гэта форма, а ў школе будучыні мы мусім працаваць над зместам».

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

«Калі робіш нешта рукамі, гэта развівае мозг, але добра абсталяваных майстэрняў па Беларусі вельмі мала»

А вось яшчэ адна настаўніца не пагаджаецца з калегамі. Яна ўпэўненая: умець рабіць нешта рукамі — ніколі не будзе лішнім. Праўда, калі сапраўды будзе так.

«На мой погляд, любыя веды могуць спатрэбіцца. На ўзроўні ідэі гэта карысна: умець гатаваць тую ж ежу кожнаму чалавеку карысна. І калі ты атрымаеш нейкую дадатковую кваліфікацыю ў школе — гэта няблага. У які час мы б ні жылі, калі робіш нешта рукамі, то дадаткова развіваеш мозг. Гэта адпавядае чалавечнасці. Праўда, экзамен павінен мець месца толькі ў тым выпадку, на мой погляд, калі гэта не тэорыя. Каб школьнікі прэзентавалі канкрэтны вынік свайго навучання.

З размоў з рознымі настаўнікамі (працоўнага навучання ў тым ліку) я ведаю, што добра абсталяваных майстэрняў па Беларусі вельмі мала. І тое, на якім узроўні вядзецца працоўнае навучанне, — гэта боль і жаль. У мяне дачка на занятках заўсёды малюе таблічкі замест таго, каб нешта рабіць. А ў іх больш няма чым карысным займацца.

Але лепш бы мы развівалі профільнае навучанне. Тое, што адбываецца з профарыентацыйнай працай у школе, — гэта слёзы. У знаёмай 11-класнік расказаў, што з тых, хто ў педкласе, ніхто не збіраецца ў педагогі, а сярод аграрнікаў таксама ніхто не збіраецца ў аграрыі. І гэтак далей. Тады навошта гэтыя профілі? 

Добра на пачатковым этапе выяўляць у дзяцей здольнасці да пэўнай навукі. Паказваць, наколькі разнастайнымі бываюць прафесіі, звязаныя з ёй.

Тое, якімі будуць экзамены, насамрэч, другасная справа. Хочацца, каб яны праходзілі сапраўды справядліва, каб адзнакі дзецям не маляваліся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0