«Праз год пасля фальсіфікаваных выбараў абстаноўка ў Беларусі застаецца сумнай. Рэжым Лукашэнкі працягвае сістэматычныя спробы заглушыць усе незалежныя галасы ў краіне — незалежную прэсу, праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасць», — адкрыла дэбаты еўракамісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан. Яна нагадала, што ў Беларусі больш за 700 палітвязняў і іх колькасць толькі расце.

Літовец Андрус Кубілюс, які выступаў ад імя Еўрапейскай народнай партыі, прапанаваў «неадкладна вынесці дзеянні Мінска на разгляд Міжнароднага крымінальнага суда на падставе Чыкагскай канвенцыі (аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі), Манрэальскай канвенцыі (аб уніфікацыі правілаў міжнародных паветраных перавозак) і Канвенцыі супраць катаванняў (ААН)».

Гэтую ідэю падтрымаў шэраг дэпутатаў з іншых фракцый. У прыватнасці, сацыял-дэмакрат з Партугаліі Ізабэль Сантуш. Паводле яе, Лукашэнка павінен адказваць перад Міжнародным крымінальным судом. Тое ж выказаў і дэпутат ад партыі «Зялёныя» ад Нямеччыны Сяргей Лагадзінскі. «Доказы для гэтага маюцца», — дадаў ён.

У Еўрапарламенце таксама абмеркавалі праблему з мігрантамі.

Ільва Ёхансан паведаміла, што сёлета на межах паміж Беларуссю і ЕС зарэгістраваныя ўжо больш за 6000 «нерэгулярных» мігрантаў, тады як у мінулым — каля 150. Паводле яе слоў, гэтыя людзі — пераважна выхадцы з Ірака, Конга, Камеруна і Сірыі.

Беларусь не з'яўляецца краінай, якая знаходзіцца пад міграцыйным ціскам. «Наогул, людзі шукаюць прытулку (ратуючыся) з Беларусі, а не ў Беларусі», — падкрэсліла Ёхансан.

Ёхансан мяркуе, што прыбыццё мігрантаў арганізуе дзяржаўны тураператар «Цэнтркурорт». Іх селяць у дзяржаўных гатэлях, а потым вязуць у мікрааўтобусах да межаў Латвіі, Літвы і Польшчы. Такія дзеянні ўладаў Беларусі Ёхансан назвала «незаконным перамяшчэннем мігрантаў праз мяжу, спансаванай дзяржавай». Хоць, па яе словах, у апошнія тыдні колькасць мігрантаў «рэзка ўпала».

Літоўскі еўрадэпутат ад ліберальнай палітычнай групы «Абнавіць Еўропу» Пятрас Аўштравічус назваў выкарыстанне мігрантаў «маштабнымі гібрыднымі нападамі» супраць Літвы, Латвіі і Польшчы. А датчанін Петэр Куфуд з правапапулісцкай фракцыі «Ідэнтычнасць і дэмакратыя» доўга хваліў Варшаву, Вільню і Рыгу за тое, што тыя абараняюць свае межы, калі ЕС «не заўважае сваіх абавязацельстваў».

Зусім іншую пазіцыю занялі левыя фракцыі. Сацыял-дэмакрат з Партугаліі Пэдра Маркеш мяркуе, што, нягледзячы на выкарыстанне мігрантаў афіцыйным Мінскам, гэта не апраўдвае таго, як з гэтымі мігрантамі абыходзяцца на межах ЕС, нагадаўшы аб гібелі некалькіх мігрантаў у памежнай зоне паміж Беларуссю і Польшчай.

Іспанскі «левы» Ману Пінеда заявіў, што яму цяжка гаварыць аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, калі «на межах Польшчы, Латвіі і Літвы пануе беспарадак». Ён абвінаваціў гэтыя тры краіны ў грубым парушэнні міжнароднага права.

Польскі сацыял-дэмакрат Роберт Бедрань лічыць, што афіцыйнаму Мінску ўдалося дэстабілізаваць усходнюю мяжу ЕС і такім чынам выставіць урад у Варшаве «карысным ідыётам». У якасці доваду Бедрань назваў гібель мігрантаў на мяжы. Гэта выклікала шквал крытыкі ў еўрадэпутатаў з кіруючай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць». Ёахім Брудзіньскі заявіў, што «карыснымі ідыётамі» прынята называць прадстаўнікоў менавіта левых сіл. У адказ Вашчыкоўскі заклікаў залу не звяртаць увагу на «хлусню польскай апазіцыі».

Немка Тэры Райнтке ад «Зялёных» адзначыла, што галоўнай зброяй дыктатараў з'яўляюцца не слёзатачывы газ або аўтаматы іх сілавікоў, а забыццё:

«Такія людзі, як Лукашэнка, хочуць, каб мы страцілі цікавасць. Яны хочуць, каб па сканчэнні месяцаў мы забыліся, адвярнуліся і больш не глядзелі на тое, што адбываецца ў Беларусі».

Еўрадэпутат нагадала аб 11-гадовым турэмным тэрміне Марыі Калеснікавай.

«Калі гэта вар'яцтва не спыніць, ёй [Калеснікавай] будзе 50 гадоў, калі скончыцца яе турэмны тэрмін», — сказала Райнтке і паабяцала, што Еўрапарламент не забудзе пра Беларусь.

«Парадак дня ідзе наперад, але, на жаль, для [палітычных] зняволеных у Беларусі жах застаецца рэальным… Мы не можам адвярнуцца ад гэтага», — падтрымаў яе румын Драгаш Тудараке з групы «Абнавіць Еўропу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0